Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бансю́к ’байструк’ (Некр.). Відаць, з бэнсю́к (вытворнае ад бэнсь ’тс’ польскага паходжання, гл.).

Бант1 ’бант’. Рус., укр. бант. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (польск. bant, banta < ням. Band; да ням. слова гл. Клюге, 48). Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 35.

Бант2 ’жэрдзе, якое прыбіваецца паміж кроквамі’ (Тарнацкі, Studia, Сцяшк. МГ). Паводле Тарнацкага, непасрэднае запазычанне з ням. Band. Параўн. яшчэ ст.-бел. бант ’бэлька’, бел. дыял. ’бэлька ў гумне’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Параўн. бант1, ба́нта. Гл. і Фасмер, ZfslPh, 28, 116.

Бант3, дыял. ’абруч на бочцы’ (ст.-бел. бант ’абруч’, Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Паводле Чартка, там жа, з с.-в.-ням. bant ’тс’. Параўн. яшчэ Шалудзька, Нім., 21.

Ба́нта ’папярочная планка ў кроквах’ (Шушк.). Укр. ба́нта, ба́нтина ’тс’. Запазычанне з ням. Band (дакладней, з с.-в.-ням. bant) ’звязка, спалучэнне, папярочная бэлька’ праз пасрэдніцтва польск. banta, bant ’тс’. Фасмер, ZfslPh, 28, 116; Шалудзька, Нім., 21; Рудніцкі, 74.

Ба́нька1 ’медычная пасудзіна’ (гл. Нас.). Рус. ба́нка ’тс’. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (Брукнер, KZ, 45, 26; Кохман, Kontakty, 103, асабліва 48–49). Аргументы супраць (Бернекер, 43; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 34) не пераконваюць. У польск. мове bańka засведчана значна раней, чым ва ўсх.-слав. мовах (Кохман, там жа). Польск. слова ад bania ’пузатая пасудзіна’ (значэнне ’пасудзіна’ ў слав. banʼa з’явілася ўпершыню, здаецца, у зах. славян, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 292–293).

Ба́нька2 ’пасудзіна з вузкім горлам’ (Дразд., Вярэн.), ба́нка ’бляшанка для адстойвання смятаны’ (Сцяц.). Ст.-бел. банка (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. ба́нька ’гліняная або шкляная вузкагорлая пасудзіна’, рус. ба́нка. Як і назва медычнай пасудзіны, запазычанне з польск. мовы (гл. банька1, там і літ-pa). Гл. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293.

Ба́нька3 ’(цыліндрычнае) кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (Шат., Касп., Нас., Бяльк., Янк. I, Янк. Мат., Юрч., Лысенка, ССП), таксама ба́нка (Лысенка, ССП), ба́начка, ба́нічка, ба́нечка (ДАБМ, 832). Далей сюды належыць ба́нька ’вялікае металічнае кольца (у дзвярах або сцяне); шпора’ (Гарэц.), ба́нька ’жалезная частка рэменя, пражка’ (Сакал., КЭС). Відавочна, усё да ба́нька1, 2 ’пасудзіна, бурбалка і г. д.’ (так ужо ў Даля). Развіццё значэнняў; ’штосьці круглае’ → ’(круглае, цыліндрычнае) кольца’, ’круглая пражка (пражка-кольца)’. Значэнне ’жалезнае кольца на касільне’ мае і рус. дыял. (заходняе) ба́нька.

Ба́нька4 ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Бейл.). Ад банька ’пасудзіна’. Назва дадзена расліне па форме кветак. Параўн. яе рус. назву кубышка желтая, укр. глечики, кубишка, кувшинчик, збанок (Макавецкі, Sł. botan., 243). Іншыя бел. назвы: глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, жбанкі (Кіс., 87–88).

Банька5 ’яма на сухім месцы, напоўненая вадой, дзе расце лотаць’ (Яшкін). Мабыць, метафара да банька ’пасудзіна’. У слав. і іншых мовах даволі частая з’ява, калі назвы рознага посуду ўжываюцца для абазначэння глыбокіх месц, ям, выбоін. Параўн. бел. бале́я (гл.), укр. казано́к, ми́ска, яндила́, яндола́, баде́ня (*bdьnь ’бодня’, гл. Балейкі, SSlav., 4, 399–400), славен. bédenj, čeběr (Безлай, SR, 5–7, 125, 141, 143). Гл. і геаграфічныя значэнні слав. слоў kadъlbъ, kazanъ, kotьlъ, krina, makotьra, lonьcь, bъdьnь (Талстой, Геогр.). Але, магчыма, звязана і з ба́ня2 (гл.).

Ба́нька6 ’бэлька’ (Шат., Янк. I). Значэнне слова развілося ў бел. мове (у суседніх мовах, здаецца, такой семантыкі няма) на аснове *banʼa, *banʼьka ’купал; скляпенне; столь’ (гл. баня1). Першапачатковае значэнне, відаць, было *’столевая бэлька’, *’бэлька скляпення’. Але можна ставіць пытанне аб паходжанні слова ад ба́нта, бант жэрдка, перакладзіна і да т. п.’ (гл.). Памяншальнае *бантка (> *банка) магло потым зазнаць уплыў (фанетычны!) слова ба́нька ’пасудзіна і да т. п.’ Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 65.

Ба́нькі ’вочы’ (Нас.). Укр. ба́ньки ’выпучаныя вочы’, ба́нька ’бялок вока; крышталік вока’, банька́тий ’з выпучанымі вачыма’, банька́ч ’тс’. У рус. мове ба́нька ’вочы’ толькі ў зах. і паўд. гаворках. Бясспрэчна, ад ба́нька шкляная пасудзіна; бурбалка, пузыр і г. д.’ (так ужо меркаваў Даль).

Баня1 ’лазня’ (Юрч., Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц., Бяльк.). У гэтым значэнні толькі ўсх.-слав. (рус., укр. ба́ня) і паўд.-слав. (серб.-харв. ба̏ња, балг. ба́ням ’мыць’). У значэнні ’купал, скляпенне’, ’банка, пасудзіна’ і г. д. banʼa вядомае ў многіх слав. мовах. Лічыцца запазычаннем з нар.-лац. *bаneum, мн. *banea (< лац. balneum ’баня’). Агляд літ-ры гл. Фасмер, 1, 121–122. Падрабязна аб гісторыі слова Мерынгер, WuS, 3, 196–197. Пра *banʼa як абазначэнне пасудзін гл. асабліва Губшмід, Schläuche, 23–24. Магчыма, што значэнне ’купал, скляпенне’ > ’пузатая пасудзіна’ з’явілася спачатку ў зах.-слав. мовах. Дэталёвую рэканструкцыю гісторыі праслав. слова гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293. Гл. яшчэ MESz, 1, 241.

Ба́ня2 ’яма круглай формы, у якой здабывалі жалеза, соль’ (Бярында, гл. Яшкін). Укр. ба́ня ’руднік’. Праз польск. bania ’тс’ з венг. bánya ’тс’ (а гэта з слав. моў). Гл. Брукнер, 14; Кніежа, 76; Саднік-Айцэтмюлер, 86; Тамаш, 88; Махэк₂, 45; MESz, 1, 241. Параўн. ба́нька5.