Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Апа́рт ’асобна’ (Жд.). У рускай мове як французская цытата à part (Бабкін–Шэндзяцоў, 91). З ням. apart < франц. à partням. з XVII ст. — Пауль, Wörterb.); магчыма, праз польскую. Параўн. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.

Апа́рына (БРС), апа́ра ’крынічнае акно’ (лід., Яшк.). Укр. опар ’палонка’, ’акно ў балоце’, ’падталы снег’. Дзеяслоў апарыць ’падвергнуць уздзеянню пары’, вядомы ў слав. мовах, дае шэраг вытворных са значэннем месца: ’месца апёку’, ’выгарэлае месца ў лесе’ і г. д. Відаць, апарына — адзін з такіх вытворных назоўнікаў; уздзеянне пары, магчыма, меркавалася ў сувязі з тым, што над апарынай у халоднае надвор’е відаць пара.

Апа́чына ’прыстасаванне для кіравання плытом’ (Сцяшк.), пачы́н(а) ’вясло’ (Бяльк.). Ст.-бел., ст.-укр. опачина ’вясло’ (Сінаніма). Укр. опачина ’тс’, (о)пачина ’вязка галля, ламачча, лазы’. Ст.-польск. paczyna ’рулявое вясло’, чэш., славац. opačina ’вясло’, ст.-чэш. дыял. opačina ’руль’, ’доўгі брус у задняй частцы воза’, ’процівага’, паморск. pácəna ’руль’, макед. опачина ’зваротны бок’, серб.-харв. опа̀чина ’грубасць, жорсткасць, паскудства’, балг. опачина ’ўпартасць’, славен. opačina ’памылка’, балг. опашка хвост’, рус. дыял. опачина ’хара’. Паводле Міклашыча, Махэка, Брукнера, польскія, чэшскія, славацікія словы ўтвораны ад opak ’наадварот’, а першаснае значэнне іх ’руль’ (Брукнер, 380); лепш суаднесці гэтыя формы з дзеясловам тыпу ўкр. пачити ’паварачваць’. Значэнне ’вясло’ можа быць выведзена з ’руль, рулявое вясло’. Аднак на магчымасць сувязі з ст.-рус. опашь, балг. опашка ’хвост’ указвае фанетыка рус. сіб. опашня ’вялікае бакавое вясло на барках’; з чэшскім значэннем ’брус у возе’ параўн. рус. дыял. опашина ’бервяно паміж стойкамі ў штольні’. Укр. (о)пачина ’звязка’, згодна з Бялецкім-Насенкам, ад фашина, якое з ням. Faschine. Гл. фашына.