Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Апа́рт ’асобна’ (Жд.). У рускай мове як французская цытата à part (Бабкін–Шэндзяцоў, 91). З ням. apart < франц. à partням. з XVII ст. — Пауль, Wörterb.); магчыма, праз польскую. Параўн. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.

Апа́рына (БРС), апа́ра ’крынічнае акно’ (лід., Яшк.). Укр. опар ’палонка’, ’акно ў балоце’, ’падталы снег’. Дзеяслоў апарыць ’падвергнуць уздзеянню пары’, вядомы ў слав. мовах, дае шэраг вытворных са значэннем месца: ’месца апёку’, ’выгарэлае месца ў лесе’ і г. д. Відаць, апарына — адзін з такіх вытворных назоўнікаў; уздзеянне пары, магчыма, меркавалася ў сувязі з тым, што над апарынай у халоднае надвор’е відаць пара.

Апа́чына ’прыстасаванне для кіравання плытом’ (Сцяшк.), пачы́н(а) ’вясло’ (Бяльк.). Ст.-бел., ст.-укр. опачина ’вясло’ (Сінаніма). Укр. опачина ’тс’, (о)пачина ’вязка галля, ламачча, лазы’. Ст.-польск. paczyna ’рулявое вясло’, чэш., славац. opačina ’вясло’, ст.-чэш. дыял. opačina ’руль’, ’доўгі брус у задняй частцы воза’, ’процівага’, паморск. pácəna ’руль’, макед. опачина ’зваротны бок’, серб.-харв. опа̀чина ’грубасць, жорсткасць, паскудства’, балг. опачина ’ўпартасць’, славен. opačina ’памылка’, балг. опашка хвост’, рус. дыял. опачина ’хара’. Паводле Міклашыча, Махэка, Брукнера, польскія, чэшскія, славацікія словы ўтвораны ад opak ’наадварот’, а першаснае значэнне іх ’руль’ (Брукнер, 380); лепш суаднесці гэтыя формы з дзеясловам тыпу ўкр. пачити ’паварачваць’. Значэнне ’вясло’ можа быць выведзена з ’руль, рулявое вясло’. Аднак на магчымасць сувязі з ст.-рус. опашь, балг. опашка ’хвост’ указвае фанетыка рус. сіб. опашня ’вялікае бакавое вясло на барках’; з чэшскім значэннем ’брус у возе’ параўн. рус. дыял. опашина ’бервяно паміж стойкамі ў штольні’. Укр. (о)пачина ’звязка’, згодна з Бялецкім-Насенкам, ад фашина, якое з ням. Faschine. Гл. фашына.

Апе́ка (БРС, Яруш.). Рус. опека, укр. опіка, польск. opieka, чэш. opěka, устар. pěče, славац. opeka (< рус., SSJ), балг. опека, ст.-бел. опека (XVI ст., Гіст. лекс., 94), ст.-рус. опекание (1389) ’апека’. Ст.-польск. opiek ’тс’ з XVI ст. У старарускай мове шырока ўжываўся дзеяслоў печи ся ’клапаціцца’, таму ўтварэнне опека як бессуфіксальнага аддзеяслоўнага назоўніка ад опекати ся было цалкам магчымым і няма неабходнасці абавязкова лічыць бел. апека запазычаным з польскай, як Гіст. лекс., 94, не зважаючы на адсутнасць у беларускай мове адпаведнага значэння дзеяслова; гэта можа быць і захаваннем старарускага слова. Супраць — адсутнасць фіксацыі формы опека ў старарускай, але і ў польскай opiek, а не opieka. Апяку́н (Гіст. мовы, 2, 24) па націску, магчыма, з рускай, а не з польскай, калі гэта таксама не старарускае слова ад дзеяслова апякаць з суф. ‑ун. Апяка́ны (Жд.) ’дагледжаны’ з польск. opiekany ’тс’.

Апеля́цыя, апеляваць. Як і ўкр. апеляція запазычана ў XVI ст. праз польскую з лацінскай ’мовы (Паўтарак, Бел. лекс., 134; Папова, Дасл. бел.-рус., 53; Гіст. мовы, 1, 249, 253; Шакун, Гісторыя, 97; Курс суч., 172; Вясноў, Бел. лекс., 34; Гіст. лекс., 109). Рус. апелляция ў Пятроўскую эпоху з польскай (Фасмер, 1, 81), апелли́ровать у XVIII ст. з ням. (Шанскі, 1, А, 124). Наўрад ці гэты тэрмін быў забыты (як лічыць Шакун, Гісторыя, 300) і з’явіўся як новае слова ў XIX ст. (як лічыць Крукоўскі, Уплыў 76; Гіст. мовы, 2, 107; Гіст. лекс., 233).

Апе́нты ’абцягнуты шчыльна (аб адзенні)’ (Янк. Мат., 94) з польск. opięty ’тс’ (з коранем пяць2).

Апераза́ць, падпераза́ць (‑цца). Укр. оперезати, підперезати(ся), славен. pręzati ’звязваць’ (ці не сюды і значэнне ’быць павінным, глядзець’, параўн. oprę́zati ’чакаць, сачыць’). Рус. дыял. подперезать (паўдн., зах.). Сюды ж адносяць серб.-харв. запре́зати запрагаць’ (калі яно не да іншага кораня запрагаць, на што ўказвае не толькі форма за̀прежем, але і суфіксацыя; аднак Вук Караджыч не даваў гэтага значэння, а даваў значэнне ’апяразваць’, таму, магчыма, у сербскахарвацкай мове адбылася кантамінацыя кораняў през‑ і преж‑/прег‑ у гэтым слове). Ст.-бел. оперезати (Анічэнка, Праблемы філал., 11). Праслав. дыял. *perzati — дзеяслоў ад імя *perzъ ці прыназоўніка *perz‑ ’праз’. Назоўнік *perzъ мог азначаць ’пояс’; рэканструкцыя праславянскай формы можа адбывацца не толькі на базе беларускай, украінскай, сербскахарвацкай моў, як лічыць Трубачоў, але і славенскай. Міклашыч, 244; Трубачоў, Праспект, 71–72; Слав. языкозн., V, 176, 186. Развіццё значэння ад ’аперазаць’ да ’сцебануць’ у беларускай і ўкраінскай ’мовах цалкам, магчыма, аўтаномна ад іншых славянскіх.

Апету́шыць ’ударыць раптам’ (КСТ). Ад петаваць ’біць’ (гл.) пры дапамозе экспрэсіўнага элемента ‑ух‑ ці праз назоўнік *пятух ’задзіра’. Магчыма, сюды ж рус. петуши́ться ’станавіцца запальчывым’, якое, несумненна, адчула ўплыў петух ’певень’; параўн. і значэнне рус. петух задзіра’, каш. u̯upʼitošəc ’забіць’ (параўн. Супрун, ZfSl, 16, 779).

Апіво́ш ’п’яніца’ (Сцяц., Бір. дыс.), апівоша (Янк. III), апівошына (Абабур.). Польск. арг. opiwosz, piwosz. Рус. дыял. опивоха. Утворана ад дзеяслова апіваць ’часта і многа піць чужое’ (Янк. I), ад якога і апівака ’той, хто любіць апіваць’, пры дапамозе экспрэсіўнага элемента ‑ош. Гэты элемент суадносіцца з суфіксам ‑ох(а) (льсьцёх, раскідоха) (Карскі 2-3, 37) і суфіксамі на ‑ш (збродыш, поганыш) (там жа, 38).

Апікула́т ’скупы’ (Касп.). Ад лац. opitulatus ’дапамагаючы’ (аб тым, што слова было вядома ў Беларусі, сведчыць наяўнасць іншага аддзеяслоўнага імені ад гэтага дзеяслова оріtularium у старабеларускай актавай мове (Гарб.). Літ. apìkula ’лянівыя’ магло аказаць уплыў на паяўленне ‑к‑, супраць чаго, аднак, семантыка; субстытуцыя к замест т магла адбывацца ў выніку дысіміляцыі і без такога ўплыву. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.