Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гарабе́й ’верабей’ (Сцяшк. МГ), гарабе́шак ’тс’ (Шатал.). Параўн. таксама формы арабей, верабей (гл.). Формы з пачатковым г‑ (замест в‑; гэтыя апошнія з’яўляюцца зыходнымі, прасл. тыпы можна звесці да *verb‑: *vorb‑ з рознай суфіксацыяй; гл. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 177) другаснага паходжання. Яны адлюстроўваюць трактоўку зыходнага пачатковага гука *v‑ (адсюль мена г : в). Можна таксама меркаваць і аб дадатковым моманце: ва ўкр. мове побач з формамі воробе́ць, горобе́ць існуе і гворобе́ць. Гэта можа сведчыць і аб іншай фанетычнай з’яве — устаўцы перад пачатковым в‑ «паразітнага» гука г. Але першы варыянт тлумачэння больш верагодны.

Гарава́тка ’ўзгорачак’ (Касп.), ’купка лесу на гары’ (Яшкін). Утварэнне суфіксам ‑к(а) ад прыметніка *гараваты ’гарысты’. Параўн. рус. дыял. горова́тый ’крыху гарысты’ (СРНГ, 7, 54: кур., арл., тул., калуж.); параўн. і рус. горови́тый, укр. горови́тий. Лексема *гороватъка з’яўляецца на ўсх.-слав. глебе беларускім неалагізмам (няма ў СРНГ і вядомых укр. слоўніках).

Гарава́ць ’бедаваць, цярпець нястачы’ (БРС, Касп.). Рус. горева́ть, укр. горюва́ти. З іншых слав. моў Махэк₂ (176) прыводзіць чэш. дыял. horovati (гл.). Вытворнае ад зыходнага *gorʼe (гл. гора). Янк. (III) прыводзіць гарава́ць з іншай семантыкай: «працаваць працягла, настойліва» (развіццё такой семантыкі не патрабуе тлумачэння).

Гарагу́ля ’нявеста’, гырагу́ля (жартаўл., Бяльк.): «Яна ужо гырагуля». Слова няяснага паходжання Не знаходзіцца нічога адпаведнага ў іншых усх.-слав. мовах. Наўрад ці можна параўноўваць з бел. дыял. гарга́ра ’сварлівая жанчына’ (Касп.).

Гарадаві́к ’гарадавы’ (БРС). Уласна бел. форма (няма ў іншых усх.-слав. мовах), неалагізм ад больш пашыранага і вядомага ў рус., укр., бел. мовах слова гарадавы́ (рус. городово́й, укр. городови́й).

Гарадавы́ ’гарадавы, гарадавы’ (БРС). Рус. городово́й, укр. городови́й. Паводле Шанскага (1, Г, 141), уласна рус. слова, вядомае ўжо з 1711 г. Яно ўзнікла марфолага-сінтаксічным спосабам словаўтварэння на аснове прыметніка городово́й < городовый (у помніках: городовый прикащикъ і г. д.). Бел. і ўкр. лексемы, відавочна, запазычаны з рус. мовы. Параўн. гарадаві́к.

Гарадзі́ць ’гарадзіць’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. городи́ть, укр. городи́ти, польск. grodzić, чэш. hraditi, балг. градя́, серб.-харв. гра́дити, ст.-сл. градити. Прасл. *gorditi ’будаваць, гарадзіць, ствараць і да т. п.’, дзеяслоў на ‑iti, утвораны ад прасл. *gordъ ’горад і да т. п.’ Аб гарадзіць < *gorditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 35 (дзе дэталёва прыводзіцца параўнальны матэрыял з усіх слав. моў). Ад гарадзі́ць утворана суфіксам ‑ба гарадзьба́ ’будаванне агароджы’ (БРС, Шат., Касп.). Але гэта слова, здаецца, не з’яўляецца вытворным прама на бел. глебе, а паходзіць з прасл. *gordьba (з адпаведнымі паралелямі ў іншых слав. мовах). Гл. Трубачоў, там жа, 38. Уласна бел. з’яўляецца гарадзьбі́к ’чалавек, які робіць агароджу’ (Бяльк.). У пераносным сэнсе ўсх.-слав. *goroditi ўжывалася і ў фразеалагічных зваротах (’гаварыць бяссэнснае, глупства’). Гл. Шанскі, 1, Г, 139–140.

Гарадні́чы ’гараднічы’ (БРС). Рус. городни́чий, укр. городни́чий. Бел. і ўкр. лексемы запазычаны з рус.’ мовы (як і польск. gorodniczy). У рус. мове гэта слова, паводле Словаря русского языка XI–XVII вв. (вып. 4 (Г–Д). М., 1977), вядома ўжо з XVII ст. *(недакладна Шанскі: з XVIII ст.) і ўтворана на базе прыметніка городничий (параўн. городничий старецъ).

Гара́ж ’гараж’ (БРС). Рус. гара́ж, укр. гара́ж ’тс’. Запазычанне з франц. мовы (у рус. мове на пачатку XX ст.): франц. garage. Гл. Шанскі, 1, Г, 27. Дакладна невядома, але можна меркаваць, што на пашырэнне гэтага слова ў бел. і ўкр. мовах уплывала рус. мова.

Гарантава́ць (БРС). Укр. гарантува́ти, рус. гаранти́ровать. Запазычанне з франц. мовы (garantir) або ням. garantieren < франц.). Параўн. гара́нтыя. Слаўскі, 1, 383; Фасмер, 1, 392; Шанскі, 1, Г, 27; Рудніцкі, 802.