Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сяўцы́ ’сузор’е Стажары’ (ашм., Сл. ПЗБ). Калька літ. sė́jkai ’сейбіты’ (Грынавяцкене, Мацкевіч, Baltistica, 26, 2, 169).

*Сяхаціць, сяхоті́ты ’бліскаць; блішчаць’, сяхо́тня ’маланка’ (Сл. Брэс.), сяхоты́ты ’ззяць’: зоры сяхотят (кам., ЖНС). Гл. зіхацець.

Сяцёр ’асетр’ (Юрч. Вытв.). Фанетычны дыялектны варыянт з адсячэннем пачатковага а‑ ад асяцёр (гл. асетр).

С’яць ’ззяць, зіхацець’ (Пятк. 2), зьяць (źjać) ’блішчэць, ільсніцца’ (Тур.), ст.-бел. сьѧти ’тс’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. ся́ти ’ззяць’, рус. зьять ’тс’, серб.-харв. сја̏ти ’тс’, макед. сјае ’тс’. Прасл. *sьjati ’ярка свяціць, блішчэць, прамяніцца’ (Борысь, Etymologie, 576). Гл. сіяць, ззяць.

Сячка́рня ’саломарэзка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц.; лях., Янк. Мат.; Сцяшк., Сл. ПЗБ, Варл.), сечка́рня ’тс’ (ТС, Арх. Вяр., Сл. ПЗБ), сячка́рка ’тс’ (Некр. і Байк., Мат. Гом.). Да сечка1 (гл.); магчыма, запазычанне з польскай, дзе першапачаткова, паводле словаўтварэння, — суф. ‑arnia, параўн. suszarnia, sieczkarnia ’памяшканне, дзе захоўваюць або рэжуць сечку’, пазней ’машына для рэзання сечкі’, замест sieczkarka ’тс’ (Варш. сл.).

Сячы́ ’раздзяляць на часткі; рубаць, ссякаць’, ’хвастаць, сцябаць, кусаць (пра насякомых)’, ’валіць, спілоўваць лес’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Стан., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Бяльк.; слуц., мін., маладз., ЛА, 5) сеч ’тс’ (Бяльк., Шымк. Собр., Рам. 5; маг., ЛА, 5; ЛА, 1), се́кчы ’рубаць’ (ЛА, 1), се́кці ’здрабняць; рубаць (дровы)’ (ТС, ЛА, 5, ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Некр. і Байк., Ян.), ст.-бел. сѣчи ’рубаць, біць’ (Альтбаўэр). Укр. сі́кти, рус. сечь, стараж.-рус. сѣчи, польск. siec, н.-луж. sec, палаб. sect, чэш. síci, серб.-харв. cије̏ћи, славен. sẹ́či, балг. сека́, макед. сека, ст.-слав. сѣщи, сѣкѫ. Прасл. *sěkti — першапачаткова атэматычны дзеяслоў, роднасны ст.-літ. į́sekti ’насячы’, išsekti ’высячы’, лац. secō ’абразаю’, ірл. ésgid ’ён адсякае’, ст.-в.-ням. seganse ’каса’ і г. д. ад і.-е. *sek‑ ’аддзяляць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 221–222; Міклашыч, 290; Фасмер, 3, 593 з літ-рай; Махэк₂, 540; Шустар-Шэўц, 1393–1394; Борысь, 545; ЕСУМ, 5, 252).

С’я́чык старое ’брошка’ (Сл. Брэс., Сакал.). Магчыма, вытворнае ад с’яць ’ззяць, зіхацець’ (гл.).