Асе́тр, асяцё́р ’від рыбы Acipenser’ (БРС), асё́тр (Жук., 99). Рус. осётр, осётер, осете́р, укр. осете́р, осе́тр, польск. jesiotr, паморск. i̯asotär, i̯esotär, в.-луж. jasotr, н.-луж. jesotr, чэш., славац. jesètr, балг., макед. есетра, серб.-харв. јѐсетра, славен. jesèter, ст.-рус. осетръ. Зважаючы на выкарыстанне ў дапаўненні да Смален. граматы 1150 г. (XVI ст.) слова осетръ, няма патрэбы лічыць бел. асетр запазычаным з рускай мовы, як Крукоўскі, Уплыў, 71–73. Ст.-прус. ešketras ’асетр’, ст.-літ. ešketras ’кіт’, літ. eršketas і пад. ’асетр’ пераўтворана пад уплывам erškẽtis ’цёран, калючка’ (Фрэнкель, 122–123), літ. asẽtras з беларускай (Скарджус, Slav., 34; Фрэнкель, 122). Этымалогія не зусім ясная. Найбольш верагодна, хаця, як лічыць Фасмер, не даказана сувязь з і.-е. коранем *ak̑‑, праслав. *ostrъ ’востры’ (Лёвенталь, BB, 55, 317; Гараеў, Доп., 1, 31; Развадоўскі, Wybór, 2, 338; Ільінскі, Slavia, 2, 256 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299), з гэтым звязана і сцвярджэнне пра роднасць кораня слоў асетр і акунь (Буга, 1, 328; Брукнер, 26; Бернштэйн, Очерк, 153), якое выклікала засцярогі ў Ваяна, RÉS, 41, 168. Сувязь назвы асятра са словам востры праз тыпы, якімі пакрыта рыба. Недастаткова высветлена сувязь з нямецкай назвай асятра Stör, франц. esturgeon. Неверагодна супастаўленне Бецэнбергера (BB, 27, 163) з грэчаскай назвай дробнай рыбы ἴχταρ, а таксама супастаўленне Траўтмана (Altpreuß., 331) з лац. excetra ’змяя’, на што ўказвалі ў першым выпадку Бернекер, 1, 265; Фасмер, 3, 158, у другім — Вальдэ-Гофман, 1, 426; Фасмер, там жа. Махэк₂ (223) адносіў слова да «праеўрапейскіх».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)