Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сяру́ха ’павітуха, Cuscuta L.’, ’від асакі’ (ТС). Няясна; магчыма, ад сраць (гл.) з адмоўнай экспрэсіяй, параўн. іншую назву павітухі ўкр. paršyvka (Макавецкі, Sł. botan.).

Сяры́цца (сярі́цца) ’ярка адбівацца, зіхацець’: у вычах сяріцца (Юрч. Вытв.). Няясна.

Сярэ́бранік ’дуброўка, Potentilla anserina L.’ (ТСБМ, Касп., Дэмб. 1, Кіс.). Да серабро (гл.), ад прыметніка сярэ́браны (ТСБМ, Ласт.), ст.-бел. серебрѧнъ (Альтбаўэр), серебрыны (1405 г., Карскі 2-3, 229) з-за бліскучай афарбоўкі, параўн. срэбнік, гл. Сюды ж і сэрэбря́нік ’падтыннік, Chelidonum majus L.’ (Бейл.), параўн. іншую назву чортава серабро (Кіс.).

Сярэ́бшчына ’абрад адорвання маладых’: на сярэбшчыну гукаюць, як едуць па нявесту (Мат. Гом.), ст.-бел. сере́бщина, сере́бщизна ’грашовы падатак серабром’ (Ст.-бел. лексікон, Сташайтэне, Абстр. лекс.). Параўн. укр. сере́бщина ’падаткі на вайсковыя патрэбы, падатак на зямлю’. Да серабро́ (гл.), сумніўна атаясамленне з укр. сербщи́на ’работа на пана, паншчына’, гл. ЕСУМ, 5, 216.

Сярэ́дзіна1 ’цэнтр, сярэдняя частка, асяродак; унутранасць’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Бяльк., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Янк. 2, Варл.), серэ́дзіна ’тс’ (ТС), ст.-бел. середина ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сере́ди́на, рус. середи́на, в.-луж. srjedźina, славен. sredína, серб.-харв. срѐдина, балг. среди́на, макед. средина ’сярэдзіна’; дэрываты (магчыма, незалежныя) ад прасл. *serda/*serdь ’сярэдзіна’, параўн. сярод, гл. (Чарных, 2, 156–157; ЕСУМ, 5, 218). Параўн. серада.

Сярэ́дзіна2 ’паясніца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сцяшк., Жд. 1, Ян.), ’задняя частка тулава вышэй клубоў’ (Варл.), ’спіна, крыж’ (Касп., Сержп. Прымхі), ’спіна’ (Янк. 2, Юрч. Вытв., Бяльк.), ’крыж у жывёлы’ (Нас.), параўн. рус. смал. сере́дина ’паясніца’. Паводле Чэкмана (Baltistica, 8, 2, 151), калькуе літ. pusiáujas ’паясніца, сярэдзіна (паводле акружнасці)’, параўн. семантычную паралель балг. полови́на ’палавіна; паясніца, крыж’, макед. полови́на ’палавіна; талія’, што, аднак, не выключае самастойнага развіцця ’сярэдзіна; нутро’ (гл. сярэдзіна1, параўн. серэ́дніца ’сярэдняя частка чаго-небудзь’, ТС) > паясніца. Гл. таксама Анікін, Опыт, 30; Страхаў, Palaeoslavica, 16, 2, 296–297.

Ся́слы ’ліпавая кара, лыка’ (Мат. Гом.). Відаць, фанетычна дэфармаванае свя́сла ’нізка лыка’ (гл.), параўн. аналагічныя змены ў сёкар, сёкроў (Сл. Брэс.) і вынік адваротнага працэсу ў свермега ’сярмяга’ (там жа).

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.

Сястра́н ’пляменнік’ (астрав., шальч., Сл. ПЗБ), сестране́ц ’сын сястры’ (Сцяшк.), сестра́нец ’тс’ (Нас., Маш.), сястры́нец ’тс’ (Жд. 2, Сцяшк., Варл.), сестрані́ца ’дачка сястры’, ’пляменніца’, се́стрінка ’тс’ (Нас.), сястрані́ца ’стрыечная сястра’ (Чэрн.), ст.-бел. сестренецъ ’пляменнік, сын сястры’ (Ст.-бел. лексікон), сестранка ’пляменніца, дачка сястры’ (там жа). Укр. сестрі́нець ’пляменнік, сын сестры’, сестрі́ниця, сестрі́нка ’пляменніца, дачка сястры’, рус. сестри́нец ’сын сястры’, сестре́ни́ца ’стрыечная сястра’, сестрени́ца, сестря́нка ’дачка сястры; стрыечная сястра’, польск. siostrzeniec ’пляменнік, сын сястры’, в.-луж. sotrjenc ’сын сястры’, sotrjenca ’дачка сястры’, славін. sɵstřȧ̃nă ’дачка сястры’, sostrḯnc ’сын сястры’, чэш. sestřenec ’пляменнік’, sestřenice, дыял. sestřenka ’пляменніца’, славац. sesternica, sestrnička ’дачка сястры’, sestrenec ’пляменнік’, славен. sestràn ’пляменнік; сын сястры’, séstrna, séstrnica ’пляменніца’, балг. се́стринец ’пляменнік’, се́стриница ’пляменніца’. Да сястра. Прасл. *sestrěn(ьcь), *sestrěnica, *sestran‑ (Фасмер, 3, 613; Трубачоў, История терм., 67 і наст.). Параўноўваецца з літ. seserénas ’сын сястры’ (Траўтман, 258).

С’я́та ’свята’ (ст.-дар., беласт., Сл. ПЗБ), сʼя́то ’тс’ (ТС). Са свята ў выніку нерэгулярных фанетычных змяненняў (в > j).

Ся́трыць ’хвалявацца, пакрывацца дробнымі хвалямі (пра паверхню вады)’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна.