Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сярдзю́к ’ахоўнік гетмана ў Украіне’ (ТСБМ), параўн. укр. сердю́к ’тс’, што выводзіцца з тур. sürtük ’наглядчык’ (Фасмер, 3, 606; ЕСУМ, 5, 218). Няясныя адносіны да сярдзю́к экспр. ’багацей’ (Юрч. Вытв.), для якога можна дапусціць сувязь з сердзю́к ’гняўлівы чалавек’ (Нас.) ад сярдзіты, сердаваць (гл.), што можа ўспрымацца і як народнаэтымалагічнае асэнсаванне запазычання.

Сярмя́га ’верхняе адзенне з даматканага сукна, світка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 4), сермя́га (сѣрмя́га, сѣрьмяга) ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шпіл.), сірні́га, сернега, серня́га ’тс’ (Тарн., Сакал., Горбач, Зах.-пол. гов.), сырне́га ’тс’ (кобр., Ск. нар. мовы), сверме́га ’тс’ (Сл. Брэс.), памянш. сярмя́жка, сярмя́шка, сермя́жка, ’верхняя жаночая вопратка свабоднага пакрою’ (Жд. 2), ’кароткае мужчынскае адзенне, звычайна з шэрага сукна’ (Скарбы), шырма́га ’світка’ (Бяльк.), ст.-бел. сермя́га ’род сялянскай вопраткі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сермʼя́га ’даматканае грубае сукно; адзенне з такога сукна’, рус. сермя́га ’світка’, польск. siermięga ’грубая тканіна’, ст.-польск. szermiąga ’тс’, каш. šerḿąga, ’брадзяга, абарвала; кляча’, širḿęga ’сялянская вопратка з грубай самаробнай тканіны’. Слова без пэўнай этымалогіі. Брукнер (489) параўноўваў з літ. šìrmas ’шэры’, лат. sir̃ms ’сівы’, што падмацоўваецца народнымі назвамі світкі з даматканага сукна — шарак, сярак (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 10) бачыць у слове пранікненне з мовы голядзі, пра што, магчыма, сведчыць фанетыка (першапачатковае s‑ > літ. š‑), прадуктыўны балтыйскі суф. *‑ingas, і тэрыторыя распаўсюджання, звязаная з міграцыяй голядзі; на карысць балтыйскага паходжання па фанетычных прычынах таксама Варбат, Этим. исслед., 2, 89–91; Анікін, Опыт, 275; супраць гл. Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 107. Крытычны агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 609; ЕСУМ, 5, 220; SEK, 5, 76.

Сярні́чка ’запалка’ (ТСБМ, Касп., Жд. 1), сяра́нка ’тс’ (Касп., Бяльк.), сернічо́к ’тс’ (Нас.), сярнікі́, сярні́чкі ’запалкі’. Гл. сернік.

Сяро́д прыназ. ’усярэдзіне, пасярод, паміж’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ), се́рад, сярёд ’тс’ (Нас.), сярёд ’тс’ (Бяльк.), ся́рад ’тс’ (Сл. ПЗБ), серэ́д ’тс’ (ТС, ПСл), серёд, се́рэд, серэ́д, серэдь ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. середь: по середѣ града (Альтбаўэр). Укр. се́ред, рус. среди́, се́редь, ц.-слав. срѣди, срѣдь, польск. pośród, в.-луж. srjedź, н.-луж. srjeź, чэш. střed, uprostřed, славац. stred, серб.-харв. sred, славен. srẹ́di, балг. сред, макед. среди ’пасярод’; у славянскіх мовах адаптацыя да М. або В. скл. рэфлексаў слав. *serda (гл. серада), абстрагавана з прыназоўнікавых словазлучэнняў тыпу *na sěrdь, *na srědi; гл. Бязлай, 3, 307. Фанетыка ўказвае на магчымасць рэканструкцыі прасл. *sěrdь (Шустар-Шэўц, 1350; ESSJ SG, 1, 231; Борысь, 620), што дакладна адпавядае літ. šérdis ’асяродак дрэва’, лат. ser̂de ’тс’ (параўн. Буга, Rinkt., 1, 318; Фрэнкель, 987) і ўзыходзіць да і.-е. *ḱḗrd‑, *ḱr̥dés ’сярэдзіна, нутро, сэрца’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 607; ЕСУМ, 5, 218; а таксама серада, сэрца.

Сяро́дак (серёдокъ) ’сярэдняя частка, сярэдзіна’, ’сродак’ (Нас.), ’сярэдзіна, нутро’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр.), ’сэрцавіна морквы’ (Сцяшк.; барыс., Сл. ПЗБ), сярёдак ’вантробы’ (Растарг.), сырыдо́к, сырдо́к ’стрыжань, асяродак (у расліне, алоўку)’ (драг., З нар. сл.), сяро́давік ’тс’ (бярэз., Жд. 2), ’сярэдні маладзенькі лісток’ (барыс., Сл. ПЗБ), сяро́дка ’сярэдзіна’ (Нар. Гом., Сл. ПЗБ), ’зародак’ (мядз., Сл. ПЗБ), ’сярэдзіна гарбуза’ (Сцяшк.), сяро́дкі ’ўнутраныя органы’ (трак., шальч., Сл. ПЗБ), ’адходы пры часанні льну’ (Мат. Маг.). Да сярод (гл.). Сюды ж, відаць, сырда́к ’кош’ (Сл. Брэс.), г. зн. ’кош сярэдніх памераў’.

Сяро́жкі ’завушніцы, падвескі’ (Ян., Сакал.), сіро́жка ’завушніца’ (Сл. Брэс.), сяро́жка ’каташок’ (Мат. Гом.), ’пярсцёнак’ (?): “на ножки сапожки… на ручки серожки” (Доўн.-Зап., Пін., 132). Гл. сергі; у апошнім прыкладзе, магчыма, захавалася першаснае значэнне, параўн. ст.-чув. śürüɣ ’пярсцёнак’.

Сяро́н, сярэ́н, сару́н, се́ран, се́рань ’шарпак, замерзлы зверху снег пасля адлігі’ (Мат. Гом.), сяру́н, шару́н (шеру́н) ’ранні сакавіцкі снег, па якім можна хадзіць не правальваючыся’ (Мядзв.), сярён, сіра́н ’замерзлы снег пасля адлігі’ (Бяльк.), сяра́н ’шарпак’ (Юрч.), се́рэн (сѣрэн) ’тс’ (Нас.). Параўн. укр. сере́н ’тс’, рус. серён, се́рен ’тс’, польск. śron ’іней, імжа’. Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (БЛ, 40, 54–55), формы з пачатковым с‑ з’яўляюцца архаізмамі, выціснутымі з цэнтральнай Беларусі формамі з пачатковым ш‑ (гл. шарон) пад уплывам літоўскага субстрату, што сумніўна, параўн. сяру́нь ’шарпак’ з тэрыторыі Літвы (шальч., Сл. ПЗБ) і пярэчанні Анікіна (Опыт, 275). Гл. се́ран.

Сярпа́нка ’марля’ (Мат. Гом.), сярпя́нка ’лёгкая баваўняная тканіна’ (ТСБМ), серпано́к ’тонкае палатно’ (Нар. Гом.), серпаночэк ’рэдка вытканае палатно на намёткі’ (пін., Кольб.), сарпа́нка, сарпано́к ’вясельны галаўны ўбор’ (ТС), сырпано́к ’белая хустка’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. се́рпа́нка, се́рпа́нок ’празрыстая тканіна, жаночае пакрывала на галаву’, рус. серпя́нка ’рэдкая тканіна з ільну’, польск. sierpanka ’тонкая тканіна, пакрывала’. З тур. serpenek, што з перс. särpänäk ’жаночае пакрывала на галаву’ (Фасмер, 3, 610; ЕСУМ, 5, 221). Няясныя адносіны да сарпі́нка ’лёгкая баваўняная тканіна ў палоску ці ў клетку’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), для якой мяркуецца іншае паходжанне, гл.

Сярпу́ха ’расліна Serratula L.’ (ТСБМ, Кіс.), серьпуха ’нейкая расліна’ (“употребляется обыкновенно для желтѣнія под зеленый цвѣт”; Меер Крыч.), сюды ж таксама сярпо́к ’Serratula L.’ (Байк. і Некр.), што адносяць да іншай расліны ’Falcaria Beruh.’ (Кіс.). Параўн. укр. серпу́ха, серпо́к ’Serratula L.’, рус. серпу́ха ’тс’, польск. sierpik, чэш. srpek, славац. sŕpok, славен. srpek, серб.-харв. ср́пац, балг. сърпе́ц ’тс’, што выводзяцца ад *sьrpь (гл. серп) з-за падабенства лістоў раслін да сярпоў, параўн. таксама назву расліны Бакала: укр. серпорі́з, рус. реза́к. Гл. ЕСУМ, 5, 221, 222.

Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.