Сы́шчык ’тайны агент, шпіён’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Запазычана з рус. сы́щик ’тс’.
Сэ ’калі’ (беласт., Сл. ПЗБ). Гл. се 2.
Сэ́даль, зэ́даль ’нізкая лаўка на ножках’ (Ласт.). Гл. зэдаль; у сувязі з адзінкавасцю фіксацыі форма, магчыма, штучна набліжае да крыніцы запазычання с.-в.-ням. sidel(e) < лац. sedile ’прылада для сядзення, крэсла, столак’ ад лац. sedere ’сядзець’ (Борысь, 748), або пад уплывам наступнага слова, гл.
Сэ́дас ’месца жыхарства, сяліба, котлішча’ (ТСБМ), сэ́дэс ’сядзіба’ (стол., Нар. сл.; Лекс. Бел. Палесся), седас ’паселішча, селішча’ (староб., А. Кулакоўскі), сэ́дасік (сэ́дэсикъ) ’донца ў чарцы’ (Нас.), ст.-бел. седесъ ’сядзіба, цэнтр, кватэра’ (Гарб.). Параўн. польск. sedes ’сядзіба, селішча, кватэра’, ’сядзенне ў туалеце’, ’задніца’. Запазычана з лац. sedes ’сядзенне, крэсла; месца жыхарства, жыллё’ непасрэдна або праз польскае пасрэдніцтва.
Сэйт ’стойла для каровы’, сэ́йт, сэ́йта ’аброжак, прывязь’ (даўг., Сл. ПЗБ). Запазычанне беларуска-літоўскай кантактнай зоны, аўтары слоўніка параўноўваюць з літ. seĩtas ’тс’.
Сэ́ляг ’селязень’ (Клім.), сэ́лёг ’дзікі качар, селязень’ (пін., Дразд.), сэ́лях, сэ́люх ’качар’ (Сл. Брэс.). Гл. селег.
Сэ́ндзіць ’абгаворваць, пляткарыць’ (Барад.), ’займацца балбатнёй, плявузгаць’ (Юрч. Вытв.), вытворны наз. сэ́нда ’чалавек, які заўсёды гаворыць многа небыліц’ (глус., Янк. Мат.). Запазычана са старога польск. sędzić, сучаснае sądzić ’меркаваць, думаць, сцвярджаць; выносіць прысуд; крытыкаваць’, сюды ж больш новае запазычанне сэ́ндзя ’суддзя’, ’хто можа крытычна разважаць, быць сведкам’, ’хто абгаворвае, перасуджвае’ (Сл. ПЗБ), з польск. sędzia ’суддзя’.
Сэнс ’унутраны лагічны змест, значэнне’, ’разумная аснова, прызначэнне, мэта’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Шат., Касп., Гарэц.), ’розум, толк, лад’ (Нас.): людзі кажуць сэнс (Сержп.). Праз польск. sens з лац. sēnsus ’сэнс’, sentiō ’адчуваю’ (Кюнэ, Poln., 96 з літ-рай). Ст.-бел. сенсъ з 1592 г. са ст.-польск. sens (Булыка, Лекс. запазыч., 132). Аб рус. сенс < польск. sens гл. Фасмер, 3, 601.
Сэ́рдак ’безрукаўка на аўчыне’ (Сцяшк.), сэрда́к ’кароткае жаночае суконнае адзенне’ (палес., ЛА, 4; Сакал.). Гл. сардар пра ўнутраную форму ці народнаэтымалагічнае асэнсаванне сведчыць сярэ́днік ’жаночая куртка’ (Жд. 2).