Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сырыне́ць ’надакучаць’: мне сырынея гэту яду варыць (Сцяшк. Сл.). Няясна.

Сыры́нішча (сыры́нішчо) ’садавіна (у супрацьлегласць варыву)’ (Сцяц. Сл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад сыры (гл.), магчыма, ад прамежкавай формы сырына ’нешта сырое, негаданае’.

Сыры́ца ’сырамяць; свежая, саматужна вырабленая скура’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Пятк. 1, Шат., Маш., Жд. 2; Мат. Гом., ТС, ЛА, 4), ’неабпаленая цэгла’ (Сл. ПЗБ), ’сырая зямля’ (Кліх, Федар. 4), ’сырая пшаніца’ (Кліх, Федар. 6), сюды ж з іншай суфіксацыяй сырэ́ц ’нявырабленая скура, сырамяць’ (Арх. Вяр., Сцяшк., Варл., Гарэц., ТС, ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ’неабпаленая цэгла’ (Касп., Сл. ПЗБ, Гарэц.), сыроўка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС). Вытворныя ад сыры (гл.) з суф. ‑ыц‑а; паводле Сцяцко (Афікс. наз., 110), у сучаснай мове рэдкае ўтварэнне пры больш прадуктыўных тыпах на ‑эц і ‑оўк‑а (там жа, 102, 170).

Сыса́к ’цяля, якое яшчэ ссе цыцку’ (Сцяшк. Сл.; беласт., Сл. ПЗБ). Вытворнае ад сысаць, ссаць. Няясныя адносіны да польск. дыял. sisiak ’конік (у дзіцячай мове)’, каш. sisk ’малады конік, жарабя (пяшчотная назва)’, якія Борысь (SEK, 3, 272) узводзіць да падзыўных слоў si!sis!, параўн. сі́-і-і.

Сы́ска ’соска’ (Касп., Сцяшк. Сл., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’сасок’ (Сл. ПЗБ), сы́ська ’матачнік (у пчол)’ (Сл. Брэс.), сысо́к ’адростак для ўсмоктвання пажыўных рэчываў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сюды ж сы́саўка ’соска’ (ТС). Да сыса́ць ’ссаць’ (Сл. ПЗБ), што да прасл. *sysati, параўн. укр. сиса́ти, польск. sysać, славен. sísati, серб.-харв. си̏сати, балг. дыял. си́сам, макед. сиса, ст.-слав. сысати ’тс’, ітэратыва да *sъsati, гл. ссаць. Параўн. укр. сиса́к ’цыбук’, славен. sȋsek ’сасок (грудзей), соска’, серб.-харв. си̏сак ’хабаток (насякомых)’, ’носік’, дыял. сиска ’сасок (у вымені)’. Гл. Скок, 3, 244; Бязлай, 3, 238; Глухак, 549. Гл. таксама цыцка.

Сы́сла ’соска’ (Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), сысо́лка ’тс’, ’лядзяш’ (Стан.), сюды ж сы́сліць ’смактаць’ (Сцяшк. Сл.). Гл. сусла; фанетыка, магчыма, пад уплывам папярэдняга слова.

Сысо́й ’цяля першага году’ (Сл. рэг. лекс.), памянш. сысо́йчык ’жарабя або цяля ўзростам да году’ (Сцяшк.). Да сыса́ць (гл. ссаць) з рэдкім суф. ‑ой, магчыма, націскным варыянтам да ‑ай, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 23.

Сысу́н ’цяля (жарабя і інш.) першага году’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Цых.; ашм., Стан.; кобр., Ск. нар. мовы, Сцяшк.), ’дзіця, якое ссе цыцку’ (беласт., Саевіч, Derywacja). Суфіксальнае ўтварэнне ад сыса́ць, ссаць, гл. сыска.

Сысункі́ ’зябер, Galeopsis L.’ (бых., ЛА, 1). Да сысаць, ссаць (гл.), матывацыя звязана з наяўнасцю ў кветках салодкага рэчыва, параўн. іншыя назвы расліны: смактулькі, мядулькі, мядоўнік (Расл. св.).

Сыта́ ’мёд або цукар, разведзены гатаванай вадой’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Маш., ТС, Растарг., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’засалоджаная мёдам вада як абрадавая страва’ (Сержп. Прымхі, Серб. Вічын, Арх. Вяр., Ян.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., карэліц., З нар. сл.; ЛА, 5), ’раствор мёду або цукру для падкормлівання пчол’ (Анох.; слаўг., Нар. сл.), тое ж сыць (Мат. Гом.), ’страва з кавалачкаў хлеба, пакрышаных у салодкую ваду’ (Сл. Брэс.), ’страва з цёртых канапель’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), сюды ж сы́ціца ’напой з перабрадзіўшай сыты’ (ТС), саці́ца ’напой на сотавым мёдзе’ (Барад.), сыты́ця ’тс’ (Доўн.-Зап., Пін.). Укр. сита́, рус. сыта́, стараж.-рус. сыта́ ’вада, падсалоджаная мёдам, гатаваны мёд’. Слова без пэўнай этымалогіі; на аснове польск. woda miodem nasycona ’вада, сычоная мёдам’ Гараеў (356) выводзіў ад *sytъ ’сыты’; супраць Міклашыч (336). Набліжалі таксама (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1129) да ст.-прус. sutristio ’сыроватка’, літ. sutré, sùtros ’памыі, мутная брудная вадкасць, асадак’, лат. sutra ’гнаявая жыжка’, ст.-ірл. suth ’сок, малако’; Брандт (РФВ, 24, 189) і Ільінскі (РФВ, 62, 139) звязвалі таксама з *sъtъ, гл. соты. Гл. Фасмер, 3, 820; ЕСУМ, 5, 244. Сюды ж сыці́ць ’падсалоджваць ваду, квас мёдам і пад.; настойваць мёд на чым-небудзь’, якому адпавядаюць укр. сити́ти ’падсалоджваць’, рус. сыти́ть ’тс’, польск. sycić ’запраўляць чым-небудзь’: sycić miód ’перарабляць пчаліны мёд на пітны’, што паводле Борыся (590), да прасл. *sytiti ’рабіць сытым, насычаць, карміць’, ад *syty (гл. сыты).