Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сы́зма ’раскол, раздзел цэркваў’ (Нас.), ’пустая неўрадлівая зямля’, ’скупы, злы, благі чалавек’, ’хто жыве ў недастатку’ (Сл. ПЗБ), ’бязбожнік’ (Арх. Федар.), ’скрытная, хітрая, каварная і сквапная асоба’ (мсцісл., З нар. сл.), ’злы, благі чалавек’ (Шатал., гродз., Нар. лекс.), ’цвёрдая нявырабленая ўтравелая глеба’ (Янук.), сызматы́к ’раскольнік, іншаверац’, сызматы́чка ’іншаверка’ (Нас.), сюды ж таксама сусмасты́к ’уніят, далучаны да праваслаўя’ (Бес.), сасмасты́к ’чалавек, які насуперак усяму імкнецца захапіць нешта’ (Цых.). Ст.-бел. схизма, сцызма ’рэлігійны раскол’ запазычана са ст.-польск. schizma, schizmatyk (Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100; Булыка, Лекс. запазыч., 181, 174), відаць, пераважна вусным шляхам з пераасэнсаваннем запазычанага слова. Параўн. схізма. Няясныя шляхі развіцця значэння ’неўрадлівая зямля’.

Сы́зы ’шызы’ (Касп., Растарг., Шн. 2), ’не адбелены (пра лён)’ (Сл. ПЗБ), сы́зый ’шызы, сінявата-цёмны’ (Бяльк.). Гл. шызы. Карскі (1, 357) цвёрдасць зычных у пачатковым складзе тлумачыць украінскім або польскім уплывам, параўн. укр. си́зий, адпаведная польская форма адсутнічае, чаму, аднак, пярэчыць лінгвагеаграфія названых формаў. Да этымалогіі параўн. сізаваро́нка ’птушка сіваграк, Coracias garrulis L.’ (ЛА, 1) і сіваваро́нка ’тс’ (гл.).

Сы́каць ’утвараць свісцячыя гукі’, ’выказваць сваё незадавальненне, злоснічаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Шат., Некр.; ашм., Стан.), ’шыпець (аб гусях)’, ’выказваць незадавальненне, пагражаць’ (Нас.), ’сіпець; наракаць’ (Сл. ПЗБ), ’пакрыкваць на старэйшых’ (Цых.), ’кідаць сярдзітыя рэплікі’ (Варл.), ’сіпець (пра гадзюку)’ (Некр., Варл., ЛА, 1), ’шыпець’, сы́кацца ’абараняцца пагрозлівым шыпеннем’ (ТС), сыча́ць ’сіпець, свісцець’ (Байк. і Некр.), сычэ́ць ’сыкаць’ (ТСБМ), сыча́ць, сыча́ті, сычэ́ты ’тс’ (вільн., беласт., драг., Сл. ПЗБ), сык ’сіпенне’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж сы́кацень ’гад, змяя’ (ТС). Укр. сича́ти, си́кати ’шыпець, утвараць свісцячыя гукі’, рус. сы́кать, польск. sykać, syczeć, syknąti, в.-луж. sykać, н.-луж. sykaś, чэш. sykati, syčeti, славац. syčať, серб.-харв. сѝкати, славен. síkati, síčati. Прасл. *syčati і *sykati, гукапераймальнага паходжання; гл. Фасмер, 3, 817; Махэк₂, 548; Міклашыч, 335. Борысь (590) узводзіць да і.-е. гукапераймальнага элемента *sū‑, які адлюстроўвае сыканне; Шустар-Шэўц (2, 1384) параўноўвае яшчэ з *sik‑ (гл. сікаўка).

Сы́лень ’цвыркун’ (лун., ЛА, 1). Няясна.

Сыма́ць ’здымаць’ (Чуд.), сыймаць ’тс’ (Нас.). Параўн. рус. сыма́ть ’тс’ < съ + *jmati (Фасмер, 3, 817); гл. імаць.

Сы́мбаль ’сімвал, знак’ (Адм.), сымбо́ль ’тс’ (Некр. і Байк., Стан.; Беларусіка, 19, 228), ст.-бел. сымболъ ’тс’ (XVII ст.). Гл. сімвал.

Сын ’асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, Маш., Стан., ТС). Укр. син, рус. сын, стараж.-рус. сынъ, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. syn, серб.-харв. си̑н, славен. sín, балг., макед. син, ст.-слав. сынъ. Прасл. *synъ, старажытная аснова на ‑u; роднаснае літ. sūnùs ’сын’, ст.-прус. souns, ст.-інд. sunís, авест. hūnu‑, гоц. sunus, ст.-в.-ням. sunn і г. д., далей звязана са ст.-інд. sútē ’нараджае, вытварае’, авест. hunãmi ’нараджаю’, ірл. suth ’нараджэнне, плод’ і інш.; да і.-е. *sū‑nŭ < *seu̯ ’нараджаць’; гл. Траўтман, 292; Фрэнкель, Balt. Spr., 45; Уленбек, 339; Фасмер, 3, 817–818; Шустар-Шэўц, 1200; Скок, 3, 237; Махэк₂, 599; Покарны, 913–914; Борысь, 590; Бязлай, 3, 235; ЕСУМ, 5, 233; гл. спецыяльна Трубачоў, История терм., 48 і наст.; Шаўр, Etymologie, 27 і наст.

Сынажа́ць ’сенакосны ўчастак у лесе’ (Некр.), ’сенажаць’ (Шат.). Прыпадабненне вакалізму першага складу слова сенажаць (гл.) да наступных, параўн. яшчэ санажа́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ).

Сына́лька ’ягадны напітак’ (Сцяшк. Сл.), сіна́лька ’ліманад’ (Жд. 2). Няясна.

Сындылі́я ’падтыннік, Chelidonium majus L.’ (Кіс.). Гл. цындалей ’тс’.