Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гана́плечка ’кароткая кашуля са складкамі каля каўняра’ (Шат.), ганапле́чка ’мужчынская кашуля са складкамі каля каўняра’ (Жд. 1). Гэта — складанае слова. Другая яго частка да плячо, а аб першай (гана‑) можна меркаваць толькі параўноўваючы лексему гана́пле́чка з другой, паходжанне якой зусім празрыстае. Гл. у Бялькевіча: галаплёка (гылаплёка) ’падбіўка ў верхняй кашулі або сукенцы’, галаплёчка (гылаплёчка) ’кашуля з галаплёкай, падбіўкай’. Этымалогія гэтых апошніх слоў вельмі простая: *golo‑pleka, *golo‑plečьka да *golъ ’голы’ і *plek‑ ’плячо’. Што датычыцца ганаплечкі, то гэта слова ўзнікла пры дысіміляцыі плаўных л — л > н — л. Адносна *plek‑ параўн. утварэнне з гэтай асновай у рус. мове: подоплека унутраны сэнс’ (спачатку падбіўка сялянскай кашулі’; гл. Фасмер, 3, 299).

Ганара́р (БРС). Рус. гонора́р, укр. гонора́р. Як мяркуюць Фасмер (1, 437) і Шанскі (1, Г, 128–129), запазычанне з ням. Honorar, а гэта з лац. honorārium ’узнагарода’ (аб гісторыі слова падрабязней гл. у Шанскага, там жа). Можна ставіць пытанне, ці бел. і ўкр. словы не запазычаны праз рус. мову (для канкрэтнай гісторыі бел. і ўкр. слоў не хапае даных). Наўрад ці паміж бел. ганара́р і ст.-бел. гонорариумъ (XVII ст., гл. Булыка, Запазыч., 84) ёсць прамая сувязь.

Ганаро́вы ’пачэсны’ (БРС), ’горды, фанабэрысты’ (Касп.). Параўн. укр. гоноро́вий. Запазычанне з польск. honorowy (да honor < лац.).

Га́начка ’ступенька лесвіцы’ (Касп.), га́нкі, га́начкі (Нас.). Да ганак (гл.). Адносна розных значэнняў слова ганак і вытворных ад яго гл. СРНГ, 6, 135 (параўн. і рус. дыял. га́ночки ’тонкія стоўпчыкі ў поручнях і г. д.’; СРНГ, там жа).

Ганашы́ць ’начыста ашчыпваць’ (Шат.), ’спешна прыгатоўваць; прыспешваць; спяшыць’ (Касп.). Фармальна добра адпавядае рус. гоноши́ть ’клапатліва займацца якой-н. справай; гатаваць, прыгатоўваць; рабіць што-н. хутка, старанна і г. д.’ (гл. СРНГ, 7, 10–11). Адносна гэтых слоў гл. Фасмер (1, 437438), дзе прыводзяцца розныя версіі (у асноўным малаверагодныя; больш-менш пераконвае ідэя Кіпарскага аб зыходным гон‑ з суфіксацыяй, аналагічнай суфіксацыі ў слове копошиться).

Ганбузава́ць ’ганьбаваць’ (Шатал.). Відавочна, гібрыднае слова, кантамінацыя слоў тыпу га́ніць, га́ньбіць + бузава́ць. Але параўн. форму без г‑ (анбузава́ць ’перабіраць, капрызіць’, Шатал.). З прыкладаў, якія прыводзіць Шаталава, відаць, што гэта па значэнню адно і тое ж слова.

Га́нгстэр (БРС). Запазычанне з рус. мовы, куды ў новыя часы патрапіла з англ. мовы: англ. gangster ’тс’ (ад gang ’банда’). Падрабязней гл. Шанскі, 1, Г, 26.

Га́ндаль (БРС, Касп.), га́ндэль (Нас.). Ст.-бел. (з XVI ст.) гандель (гл. Булыка, Запазыч., 78). Укр. дыял. га́ндель, ге́ндель. Запазычанне з польск. handel ’тс’. Гл. падрабязна Слаўскі, 1, 400. Польск. слова ў XVI ст. было ўзята з ням. Handel ’тс’ (да дзеяслова handeln); Слаўскі, там жа. З ням. handeln ’гандляваць’ запазычана польск. handlować. Адсюль, як лічыць Слаўскі (там жа), узята бел. гандлява́ць (Нас., Шат.), укр. гандлюва́ти, гендлюва́ти (гандлевати было ўжо ў ст.-бел. помніках; гл. Булыка, Запазыч.). Бел. гандля́р (БРС, Шат., Касп.; няма ў Булыкі, Запазыч.), укр. гендля́р (магчыма, як мяркуе Слаўскі, там жа, праз польск. мову: польск. handlarz) таксама ўзяты з ням. Händler (да handeln).

Гандзю́ліць ’балагурыць’ (Нас.), гандзю́рыць ’гаварыць абы-што’ (Жд. 2). Няясныя словы.

Гандля́ ’гання’ (Жд. 2.). Дыялектная форма звычайнага гання́ (а гэта — утварэнне ад гнаць, ганя́ць). Тут адбыліся складаныя фанетычныя працэсы, субстытуцыя, дысіміляцыя. Развіццё формы слова можна ўявіць сабе па паасобных элементах так: гання́*ганнʼйя*ганнʼля́ (субстытуцыяй й — лʼ) — гандля (дысіміляцыя ‑нн‑ > ‑нд‑ або, што верагодней, устаўное ‑д‑ паміж нʼ — лʼ).