Ганара́р (БРС). Рус. гонора́р, укр. гонора́р. Як мяркуюць Фасмер (1, 437) і Шанскі (1, Г, 128–129), запазычанне з ням. Honorar, а гэта з лац. honorārium ’узнагарода’ (аб гісторыі слова падрабязней гл. у Шанскага, там жа). Можна ставіць пытанне, ці бел. і ўкр. словы не запазычаны праз рус. мову (для канкрэтнай гісторыі бел. і ўкр. слоў не хапае даных). Наўрад ці паміж бел. ганара́р і ст.-бел. гонорариумъ (XVII ст., гл. Булыка, Запазыч., 84) ёсць прамая сувязь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)