Гана́плечка ’кароткая кашуля са складкамі каля каўняра’ (Шат.), ганапле́чка ’мужчынская кашуля са складкамі каля каўняра’ (Жд. 1). Гэта — складанае слова. Другая яго частка да плячо, а аб першай (гана‑) можна меркаваць толькі параўноўваючы лексему гана́пле́чка з другой, паходжанне якой зусім празрыстае. Гл. у Бялькевіча: галаплёка (гылаплёка) ’падбіўка ў верхняй кашулі або сукенцы’, галаплёчка (гылаплёчка) ’кашуля з галаплёкай, падбіўкай’. Этымалогія гэтых апошніх слоў вельмі простая: *golo‑pleka, *golo‑plečьka да *golъ ’голы’ і *plek‑ ’плячо’. Што датычыцца ганаплечкі, то гэта слова ўзнікла пры дысіміляцыі плаўных л — л > н — л. Адносна *plek‑ параўн. утварэнне з гэтай асновай у рус. мове: подоплека унутраны сэнс’ (спачатку падбіўка сялянскай кашулі’; гл. Фасмер, 3, 299).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)