Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вут-вут-вут ’падзыўныя словы для качак’ (КСТ); ’падзыўныя словы для гусей’ (карэліц., Шатал.). Ад ву́тва (памянш. ву́тоўка) або ву́тка ’качка’, перанос падзыўных слоў на гусей — з’ява другасная, параўн. вуль-вуль-вуль (гл.), магчыма, у выніку дээтымалагізацыі пасля выцяснення спрадвечнай назвы на частцы беларускай тэрыторыі паланізмам ка́чка.

Вуўршнік ’ручнік’ (Бяльк.). Няясна, магчыма, кантамінацыя выціра́льнік і рушні́к (з метатэзай уршні́к) з ы > у ў «моцна лабіялізаванай» пазіцыі (паміж в і у).

Вух1, выкл. для перадачы рохкання свінні (мсцісл., Нар. лекс.). Гукапераймальнае.

Вух2 ’ах, вох’ (Грыг., КТС), ’бух’ (КТС). Гукапераймальнае; параўн. укр. ух, рус. ух ’тс’.

Ву́ха, ву́хо, укр. ву́хо, рус. у́хо, польск. ucho, чэш., славац. ucho, в.-луж. wucho, н.-луж. hucho, славен. uhô, серб.-харв. у̏хо, макед. уво, мн. л. уши, балг. ухо́, мн. л. уши́. Прасл. *uxo, роднаснае літ. ausís ’вуха’, лат. àuss, ст.-прус. він. скл. мн. л. ãusins, лац. aurìs ’вуха’, грэч. οὖς, гоц. ausō (Брукнер, 592; Младэнаў, 658; Фасмер, 4, 179, з літ-рай).

Вухава́дны ’сварлівы’ (Мат. Гом.). Ад ву́ха і ва́дзіць (гл.), тут хутчэй за ўсё ў значэнні ’шкодзіць’, тады першаснае значэнне — ’той, які шкодзіць вушам (сваім крыкам і да т. п.)’.

Вухавёртка заал. (БРС). Запазычана з рус. уховёртка; параўн. шчыкаўка ’тс’ (Некр. і Байк.).

Вухадралы ’?’ (Ракітны, КТС). Відаць, іранічнае ўтварэнне ад вуха (гл.) і драць.

Ву́харэц ’зух’ (Бяльк.). Няясна; параўн. рус. ухарь ’тс’, якое Фасмер (4, 178) лічыць вытворным ад выкл. ух, гл. вух, ух, хутчэй ад дзеяслова ухать, гл. вухаць; параўн. таксама бранск. ву́ха ’бойкі, вынаходлівы хлопец’ і мсцісл. уга́р ’разудалы’ (Юрч. Сін.). Магчыма, звязана з вухры́ць ’настаўляць, вучыць’ (гл.); параўн. наву́хрыць ’намуштраваць’, падву́хрыць ’падвучыць каго, падбіць’ (Бяльк.). Прымаючы пад увагу мсцісл. угар, можна дапусціць сувязь з польск. ogar, чэш. ohař, ц.-слав. огаръ ’ганчак’, далейшая гісторыя якога застаецца няяснай (магчыма, запазычанне з усходніх моў; гл. Фасмер, 3, 117; Махэк₂, 410 і інш.).

Ву́хаць ’крычаць «вух!»’ (КСП); параўн. укр. ухати ’крычаць ух!’, рус. ухать ’тс’. Дзеяслоў, вытворны ад выкл. вух, адносна словаўтварэння гл. Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 60.

Ву́хватка ’спосаб паводзін (пры падабенстве)’ (КСТ). Гл. ухва́тка.