Вуль-вуль-вуль ’падзыўныя словы для галубоў’ (Касп., Шат., З нар. сл.); ’падзыўныя словы для галубоў і качак’ (Сцяц., КСТ); ’падзыўныя словы для качанят або куранят’ (Янк. II); ’падзыўныя словы для качак і гусей’ (віл., воран., пін., Шатал.); ’падзыўныя словы для авечак’ (в.-дзвін., Шатал.; мядз., Нар. сл.), укр. вуль‑вуль‑вуль ’падзыўныя словы для галубоў’, польск. wul‑wul‑wul ’падзыўныя словы для гусей’. Хутчэй за ўсё ад гуль‑гуль‑гуль ’падзыўныя словы для галубоў’ з заменай пачатковага г, атаясамленага з г пратэтычным, на в; перанос падзыўных слоў на іншых птушак, відаць, праз стадыю іх ужывання ў дачыненні да малых істот (куранят, качанят) у якасці ласкавага звароту (параўн. народнае го́луб у ласкавым звароце да людзей).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)