Ка́чка ’вадаплаўная птушка сямейства качыных з шырокай пляскатай дзюбай і кароткімі шырока расстаўленымі лапкамі’ (ТСБМ, БРС, Касп., Нас. і інш.). У бел. мове гэта слова зафіксавана ў помніках як запазычанне з польск. kaczka на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 144). Як адзначае Слаўскі (2, 14), у польск. мове, як ва ўсіх зах.-слав. мовах (акрамя н.-луж.), не засведчана наогул старая назва качкі *ǫtу. Зах.-слав. *kačьka выводзіцца некаторымі даследчыкамі ад імя *Katerina (Бернекер, 1, 465; Брукнер, 212; Фасмер, 2, 214; Кюнэ, Poln., 61 і інш.). Паводле Слаўскага, там жа, 15, хутчэй трэба думаць аб гукапераймальным паходжанні слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)