Вала ’валок сена’ (Мат. Гом.). Да вал 4.
Валаво́д 1 ’той, хто валаводзіць’ (КТС). Да валаводзіць (гл.).
Валаво́д 2 ’вяроўка’ (Мат. Гом.); ’вяроўка для навязвання жывёлы’ (З нар. сл.). Да вол і вадзіць 4.
Валаво́дзіць ’марудзіць’ (БРС, Гарэц., Касп.), валаводзіцца ’разводзіць цяганіну’ (Нік. Очерки). Рус. калін., кур. воловодить ’марудзіць, бавіцца, марнаваць час, зацягваць справу’, укр. воловод ’маруда’, воловодити ’цягнуць справу’. Да валавод ’той, хто водзіць валоў’.
Валаво́ка ’птушка атрада вераб’іных, Troglodytes troglodytes’ (БРС). Народныя назвы валовае вока, блыха, блышка. Назва метафарычная. Параўн. укр. волоочок, волове очко.
Валаво́кі (БРС). З рус. волоокий, якое з’яўляецца калькай грэч. βοῶπις ’валавокі’ (Шанскі, 1, В, 151). Аднак варта прыняць пад увагу дыялектную назву расліны валавока ’крапіўнік’, макед. волоока ’мальва лясная’. Параўн. таксама рус. смал. волопокий ’з вялікімі вачыма’, волоплястый.
Валавы́ (даход) (БРС). З рус. валовой (доход).
Валавя́ны ’які зроблен з волава’ (Касп.). Гл. волава.
Валада́йца ’валадар, той, хто валодае чым-небудзь’ (Яруш.). Валадайца < *валадай (параўн. валачай) да валодаць.