Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сухо́ты ’туберкулёз’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Шат.; ашм., Стан.; ЛА, 3; Варл., Сержп. Прымхі, Сцяшк., ТС), ’клопат, непрыемнасць’ (ТСБМ), сухо́та ’ліха, гора’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’сухоты’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), сухата́ ’тс’ (Пятк. 2), сухо́тка ’тс’ (Касп., Пятк. 2), ’хвароба скуры ў дзяцей, сухі лішай’ (Цых.), сюды ж сухо́ты ’схуднелая асоба’ (Юрч. Вытв.), але хутчэй прым.: сухо́ты етый маліц (там жа), параўн. сухо́ткі ’вельмі сухі, высахлы’: гавёс стаў сухоткі (Цых.). Укр. сухо́ти, рус. сухо́ты, польск. suchoty, в.-луж. suchoćina, чэш. souchotiny ’туберкулёз’. Да сухі, першапачаткова nomen abstractum сухо́та, потым мн. л. для спецыялізацыі назвы, што паводле Карскага (2–3, 331), тлумачыцца “множественностью признаков” хваробы. Тая ж матывацыя ў балг. радоп. су́ва бо́лес ’тс’. Меркаванні Цвяткова (Запіскі, 2, 1, 84) пра польскі ўплыў на змену націску не пераконваюць. Гл. сухата.

Сухо́ўрыца ’сухая ежа, сухамятка’ (Нас.), ’калі сохнуць ад духоўнага недамагання’ (Варл.). Параўн. укр. дыял. сухі́вря ’сухамятка’, рус. дыял. сухо́вря, сухо́врица ’сухая, посная ежа; сухамятка’. Складанае слова, у аснове якога сухі (гл.) і дзеяслоў *vьrěti ’кіпець’ (Фасмер, 3, 813; ЕСУМ, 5, 487), параўн. урэць.

Сухо́цкі ’вельмі худы’ (Сл. ПЗБ, ТС). З *сухот‑скі (гл. сухоты); экспрэсіўнае ўтварэнне, аформленае як прозвішчнае імя параўн. аналагічнае рус. дыял. (сіб.) сухоцкій ’прозвішча жыхароў Карсунскага павета’ (Даль).

Сухра́п ’сухар’ (Ян.), сухра́пец ’тс’, ’выраст у хлебе’ (Мат. Гом.), сухра́пкі ’замёрзлая гразь, груда’ (рагач., Сл. ПЗБ). Утворана пры дапамозе прыст. су- ад храпа, гл.

Сухры́льны ’хворы’ (Сцяшк. Сл.). Гл. хрылік.

Сухуля́т ’сухі лес’ (Дабр.). Магчыма, ад польск. suche lato (гл. сухі, лета), “калі хутка ссыхае сырое дрэва” (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 53).

Суці́нкі ’змрок, прыцемак’ (Нар. Гом.). Гл. сутон.

Суцы́ль ’дачышчаны лён’ (Касп.), суцэ́ль прысл. ’цалкам, нічога не адзяляючы’ (Нас., Байк. і Некр.). Да цэлы. Паводле Борыся (Prefiks., 129), прасл. усх. *sǫcělь < прасл. *cělъ.

Суць ’сэнс’ (Бяльк.), су́тны ’існы, істотны’ (Некр. і Байк.), су́тнасць ’самае істотнае, асноўны сэнс’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк.), ст.-бел. суть ’яны ёсць’: што в нем суть (1432 г., Карскі, 2- 3, 473), дзеепрысл. ’будучы’: што ныне живи суть (1264 г.; Карскі 2-3, 472), дапаможны дзеяслоў быць у 3 ас. мн. л. цяп. часу: пошли суть были на воину (Скарына). Параўн. укр. суть ’сутнасць, асноўны сэнс’, су́тий ’сапраўдны’, рус. суть ’сутнасць, асноўны змест’, стараж.-рус. сутьство ’існасць, сутнасць, прырода’, што ўзніклі кніжным шляхам з формы 3 ас. мн. л. цяп. часу дзеяслова быти ’быць’, параўн. польск. , чэш. jsou, ст.-чэш. jsù, славац. , в.-н.-луж. su, серб.-харв. су, јѐсу, славен. so, балг. са, макед. се, дыял. сет, ст.-слав. сѫть, роднасныя лац. sunt ’тс’ (Фасмер, 3, 812; ЕСУМ, 5, 485; Німчук, Давньорус., 15; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 348).

Суцэ́льны ’які цягнецца без прамежкаў, перапынкаў’, ’зроблены з аднаго кавалка, не састаўны’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк.). Укр. суці́льний, рус. дан. суце́льный ’тс’. Паводле Трубачова (Праспект, 79), узыходзіць да прасл. дыял. *sǫcělьnъjь ’тс’. Да цэлы, гл.