Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Су́тарга ’рэзкае скарачэнне мышц’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’канвульсія, сударга, эпілепсія’ (Ласт.), су́торга ’тс’ (ТС), суторга ’цік?’: на абодвух ачох суторга скачэ (Полымя, 2001, 3, 253), су́таргі ’торганне, спазмы’ (Некр. і Байк., Ласт.), су́тарж ’сударга’ (Ласт.). Вытворныя з су- ад торгаць (гл.), параўн. сударга.

Су́тарма ’таўкатня, вялікая колькасць народу; сумяціца’ (Нас., Гарэц.), ’нелады, непарадак’ (Бяльк.), ’мітусня; непарадак’, ’вялікае скопішча людзей’ (Растарг.), ’праява, нейкая жывая істота’ (Косіч). Рус. калым. сутурма́, усх.-рус. су́торма, варонеж. суто́рьма ’тс’. Паводле Фасмера (3, 811–812), з *sǫ‑ ’су’ і *torьma, *toriti, параўн. су́торитъ ’малоць лухту’ (гл. су́тарыца), звязаныя з літ. tarýti, taraũ ’вымавіць’, tarmẽ ’гаворка’, грэч. τορός ’выразны, зразумелы; пранізлівы’.

Су́тарыца ’мітусня, бязладная бегатня’, су́тарыцца ’мітусіцца’, су́тарны ’мітуслівы’ (Ласт.). Параўн. укр. су́торатися, рус. су́ториться ’спрачацца’, польск. posątorzyć się ’паспрачацца’. Борысь (Etymologie, 582) адносіць сюды ж серб.-харв. sútor ’першы вечаровы змрок’ і рэканструюе прасл. *sǫtorъ (*sǫtora), вытворнае ад *ter‑ (гл. церці) з прыйменнай прыст. *sǫ‑, якой адпавядае прыдзеяслоўная прыст. *sъ‑ з першасным значэннем ’узаемнае трэнне, сутыкненне, спрэчка’, параўн. суты́ра (гл.). Гл. папярэдняе слова, таксама Фасмер, 3, 811.

Сутарэ́нне ’памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падзямелле’ (ТСБМ), ’склеп, лёх’ (Некр. і Байк.). Ад польск. suterena ’(жылы) падвал’, suteryna ’тс’, якія запазычаны з франц. souterrain ’падземны; падзямелле; падземны ход’ ад лац. subterraneus, якое складзена з sub‑ ’пад’ і terra ’зямля’ (SWO, 714; Голуб-Ліер, 459). Канец зменены пад уплывам блізкага па значэнню скляпенне, гл.

Су́тка, суто́к ’сасок, цыцка’ (Ласт.). Параўн. польск. sutka, sutek ’тс’, sutki ’грудзі’, якія Брукнер (527) параўноўвае з балг. су́ча ’ссаць’, лат. sukt ’тс’, ад кораня *su‑, прадстаўленага ў ст.-інд. sunoti ’выціскае’. Борысь (588) не выключае магчымай сувязі з і.-е. *seu̯‑/*su‑ ’сок, выціскаць сок, хлябтаць, ссаць, высмоктваць’, аднак не бачыць працягу ў славянскім матэрыяле. Адзінкавая фіксацыя прымушае меркаваць пра магчымае запазычанне з польскай.

Суткі1 ’адзінка вымярэння часу, роўная 24 гадзінам; дзень і ноч’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Сл. ПЗБ), су́дкі ’тс’ (Нас., Арх. Вяр., ТС), су́тка ж. р. ’тс’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́тки ’тс’. З су- і *тъка, якое звязана з тыкаць, першапачаткова ’сутыканне дня і ночы’; гл. Фасмер, 3, 811 з літ-рай. Бузук (Асн. пыт., 58) мяркуе пра першаснае значэнне ’змярканне’, ’пярэдні кут у пакоі’: спалучэнне часавага і прасторавага значэнняў (гл. наступнае слова).

Су́ткі2, су́тачкі ’вузкі прамежак паміж будынкамі, хатай і плотам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ЛА, 5, ТС), ’вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (брэсц., пін., люб., ЛА, 4), ’сцежка, дарожка паміж пабудовамі, агароджамі’ (гом., ЛА, 5), ’вузенькі пакойчык, старана ў гумне’ (брэсц., ЛА, 5; ТС, ПСл), ’дрывотнік’ (Мат. Гом.); іншыя варыянты: су́дкі (ТС), сутка́, су́тачкі (Сцяшк. Сл.), су́тачкі, су́дачкі, су́ткі, сутке́, су́дкі (Сл. ПЗБ), су́дачкі (Сл. Брэс.; стаўб., З нар. сл.), су́тачкі (Байк. і Некр.), суто́чка ’месца злучэння бэлек у сцяне’ (Бяльк.), суто́к ’дарожка паміж сценамі будынкаў’ (Яшк.). Укр. дыял. су́тки, су́точки ’вузкі праход паміж будынкамі або платамі’, ’цесная нізіна’ (Чарапанава, Геогр.), рус. наўг. су́тки ’вуглы ў хаце’, польск. sutka, sutki ’цесны праход паміж будынкамі’ (з усходнеславянскіх моў), чэш. дыял. soutka ’вузкі праход’, soudička ’вузкая вуліца’. Прасл. дыял. *sǫtъka ’стык чаго-небудзь’, ад прасл. *tъkǫ < *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’тыкнуць’ з прыст. *sǫ‑ (гл. тыкаць) (Фасмер, 3, 811; ЕСУМ, 5, 485; Махэк₂, 568). Уключэнне сюды ж славен. sot ’горная дарога’, роднаснага ст.-ірл. sēt ’дарога’ (Бязлай, Eseji, 143), а таксама славац. suteska ’вузкі праход паміж высокімі крутымі скаламі’, серб.-харв. су̀тјеска ’вузкая горная цясніна’ (Талстой, Лексика Пол., 12) патрабуе далейшага абгрунтавання, гл. Куркіна, Этимология–1988, 98. Борысь (Prefiks., 107–108) разглядае як дэрыват (nomen actionis > nomen acti) ад прасл. *sъ‑tъknǫti ’сутыкнуць’.

Су́тнасць ’самае істотнае, галоўнае, унутраны змест чаго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк.), су́тностʼ (сутʼ) ’існасць’ (Вруб.). Укр. су́тність ’тс’, параўн. стараж.-рус. сутьство, ст.-слав. сѫтьство ’тс’, якія выводзяцца са стараж.-рус. суть, ст.-слав. сѫть, формы 3 ас. мн. л. цяп. ч. дзеяслова быць ’яны ёсць’ (Фасмер, 3, 812; ЕСУМ, 5, 485), гл. суць. Украінскае (і, відаць, беларускае) слова ўтворана па тыпу рус. су́щность ’тс’ у пачатку XX ст. на базе прыметніка су́тній ’існы, істотны’ (Німчук, Давньорус., 15), што на фоне старога і́снасць ’самае істотнае’ (ТСБМ) дае падставы трактаваць слова як “сапсаванае расейскае”, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1194.

Суто́к ’месца перакрыжавання палак у баране, у якія ўстаўлялі зуб’е’ (кобр., Ск. нар. мовы). Гл. наступнае слова.

Суто́ка ’месца зліцця дзвюх рэк’ (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Гарэц.), суто́кі ’тс’, ’лінія сутыкнення, мяжа’ (ТСБМ), ’месца, дзе сыходзіцца многа ручаёў’, ’наогул — вузел, напрыклад, дарог’ (Мядзв.), ’месца зліцця дзвюх рэк’ (Варл.), сюды ж, відаць, і сото́ка ’злучэнне, стык (драўляных рэек і пад.)’ (зах.-палес., Бел.-укр. ізал.), суто́к (гл.), укр. дыял. суто́ка ’месца зліцця дзвюх рэк’, рус. суто́к ’тс’, польск. Santoka (тапонім), чэш. soutok, sútok, на падставе якіх рэканструюецца прасл. *sǫtokъ, *sǫtoka < *sǫ‑ і *tokъ (Фасмер, 3, 811; Борысь, 94). Звяртаецца ўвага на ўжыванне формы ж. р. ад кораня выключна ў беларускай мове для “воднай” тэрміналогіі, параўн. ато́ка, выто́ка, зато́ка, прато́ка, суто́ка і пад. (Пацюпа ў Станкевіча, Язык, 1189).

Суто́н ’тонкі лядок на вадзе’ (ПСл, ТС), суто́нь, суто́н ’тс’ (ТС), суто́н, сыто́н ’шарош’ (люб., мазыр., ЛА, 2), укр. палес. сутуон ’тонкі лёд на рэчцы ў час асенніх замаразкаў’. Суадносіцца з прасл. *sъtęti sę ’замерзнуць, ператварыцца ў лёд’: вада сцялася на рацэ; больш шырокае значэнне ’згусціцца, сціснуцца’ (Мяркулава, Этимология–1975, 56; Казлова, Регионализмы, 5) тлумачыць і наступнае слова (гл.).