Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сусі́м ’зусім’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Растарг.; ашм., Стан.; сен., Рам. 3), сусём ’тс’ (маладз., Гіл.). Варыянтная форма да зусім (гл.), параўн. свабодныя спалучэнні ст.-бел. со всимь, зо всимъ (< съ всимъ), дзе выступае Тв. скл. ад займ. вьсь ’увесь’ (Карскі 2-3, 216; Шуба, Прыслоўе, 149). Паводле Насовіча, “о и в обращены в у” (Нас., 624).

Су́сла ’брага на выраб піва і квасу’, ’сок адціснутага вінаграду’ (ТСБМ), ’самаробная соска з жаванага з цукрам хлеба, загорнутага ў анучку’, ’папяроса-самакрутка’ (Кал.), ’соска з перажаванага хлеба’ (ганц., Сл. ПЗБ), ’лядзяш; засохлыя соплі’ (Нас.), ’лядзяк’, ’соска з хлебнага мякішу’, ’зблытаны лён’ (ТС), сусла́, сусо́лка ’соска з засалоджанага хлебнага мякішу’ (Варл.), су́сла (су́сло) ’чалавек, які жыве за чужы кошт; п’яніца, які п’е толькі чужую гарэлку’ (Мядзв.), ’брага’, ’вялы флегматычны чалавек’ (Растарг.), су́слачка ’камяк чаго-небудзь, сціснуты ў руцэ’ (Сл. ПЗБ), сюды ж су́сліць ’мазаць супонямі або нечым тлустым’ (там жа). Параўн. укр. су́сло ’брага’ (< рус., ЕСУМ, 5, 483), рус. су́сло ’тс’. Несумненна, звязана з ссаць, гл. Паводле Трубачова (Труды, 1, 669), з *sut‑slo (< *sъpǫ, *suti ’сыпаць, ліць’) як *čit‑slo, *vez‑slo, *maz‑slo. Гл. таксама Фасмер, 3, 810 (сумняваецца ў этымалогіі, якую прапанаваў яшчэ Жалтоў, ФЗ, 1876, 1, 51). Улічыўшы шырокае распаўсюджанне ў народнай мове, не можа разглядацца як запазычанне, да чаго схіляецца Фасмер (там жа).

Су́слік1 ’грызун, які жыве ў норах і шкодзіць пасевам’ (ТСБМ), су́сьлік, сусла́к ’тс’ (Некр. і Байк.), суслі́ла, суслі́чыха ’самка сусліка’ (Мат. Гом.), сусо́л ’суслік’: заспаны, як сусол (Сл. ПЗБ). Укр. дыял. су́слик, рус. су́слик, стараж.-рус. сусълъ, сусолъ, польск. suseł, каш. sus ’суслік’ (толькі ў параўнанні spać jak sus), в.-луж. suslik, чэш. sysel, славац. sysel, славен. sȗslik, балг. съ́сел ’суслік’. Як праславянскае Бязлай (3, 343) узнаўляе *suselъ, *syselъ, *sъsъlъ; Махэк₂ (600) — толькі *suselъ, лічачы форму з ‑у‑ другаснай. Слова гукапераймальнага паходжання: да прасл. *susati, ’пішчаць, свісцець’, параўн. польск. дыял. susać ’шалясцець’ (Віл. сл.), ц.-слав. сысати ’шыпець, сыкаць’, балг. съ́скам ’шыпець’, якое параўноўваюць з лат. susuris ’шэрая або чорная землярыйка’, susers ’лясная мыш’, ст.-в.-ням. sûsôn, sûsan ’гусці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1126 і наст.; Брукнер, 526; Фасмер, 3, 809; Бязлай і Махэк₂, там жа; Борысь, 588). Да семантыкі параўн. чэш., славац. svišť, польск. świszcz ’сурок’, роднасныя свістаць, сурчок, гл. Беласт. сусол ’суслік’ аўтары Сл. ПЗБ (там жа) лічаць паланізмам, а кашубская форма ўтворана шляхам адсячэння фіналі слова, гл. SEK, 4, 377. Па іншай версіі (напр., Младэнаў, 617) зыходзілі з прасл. *sъsati ’смактаць’, пра што можа сведчыць су́слік2, што падаецца малаверагодным.

Су́слік2 ’дзіця, якое ссе грудзі’ (Нас.). Да сусліць (гл.).

Су́слік3 ’лядзяш’ (Сцяшк.), су́слікі, суслякі́ ’ледзяшы’ (беласт., віл., Сл. ПЗБ). Укр. су́слік ’соска’. Да сусліць (гл.).

Су́сліць ’смактаць; піць, цягнуць патрошку’, ’мусоліць’ (Нас., Некр. і Байк.), ’ледзь сачыцца (пра ваду)’ (Цых.), суслі́ць экспр. ’прасці’ (Сл. рэг. лекс.); сюды ж, відаць, і сусмо́ліць ’слініць, ссаць, абсмоктваць’ (Варл.) з экспрэсіўнай устаўкай ‑мо‑, су́сліцца ’замаслівацца пры ссанні’ (Нас.). Рус. наўг. су́слить ’павольна піць; чмокаць’, су́сля ’той, хто сусліць’. Звязана чаргаваннем галосных з *sъsati ’ссаць’; гл. Фасмер, 3, 810; ЕСУМ, 5, 483.

Сусло́н ’малая ўкладка снапоў у полі’ (пін., ДАБМ, камент., 877), ’нахіл’, сусло́ны ’нахілены, пакаты’ (Ласт.). Укр. суслі́н ’укладка снапоў у полі’ (з рус., ЕСУМ, 5, 483), рус. сусло́н ’тс’. Прыставачнае ўтварэнне ад сланіць, гл.

Су́слы ’страва з семені канопляў, стоўчанага з цыбуляй і соллю’ (Нік., Оч.). Да сусла, гл.

Сусноўка (пра слабога, хілага): радзіўся, мой хлопчык, дык адзін чар быў, сусноўка (Наша слова, 1992, 13 мая). Няясна (з су- і снаваць!).

Сусо́к ’мочка, валакно’ (Ласт.). Відаць, ад ссаць ’уцягваць вадкасць’ (аўтарскі наватвор?).

Сусо́лка ’соска’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Растарг.; глыб., Сл. ПЗБ), ’лядзяш’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк., Шатал.; брагін., З нар. сл.), ’дзіця, якое ссе палец’ (брагін., Шатал.), ’скручаная пятля ці вузел на нітцы’ (віц., ЛА, 5), сусу́лькі ’ледзяшы’ (смарг., Сл. ПЗБ). Укр. сусі́лка ’лядзяш’, рус. сусо́ла ’неахайніца’, сусо́ля ’той, хто сусліць’, сусо́лить. Да сусліць (гл.).

Су́спары ’вуглавое спалучэнне ў зрубе’ (ігн., Сл. ПЗБ). З літ. są́spara, дыял. sūspara ’тс’ (там жа).