Турпа́н ‘вадаплаўная птушка сямейства качыных, Melanitta fusca L.’ (ТСБМ, Дарафееў, Птушкі), укр., рус. турпан, польск., чэш. turpan ‘тс’. Няясна, параўн. Анікін, 570–571.
Турпы́ль ‘кругляк, невялікі кавалак тоўстага бервяна’ (Мат. Маг.), турпулёк ‘кароткае паленца’ (Бяльк.), турпу́ль ‘тс’ (Бяльк.). Няясна, магчыма, вынік перастаноўкі зычных з *трупыль, што да стараж-рус. трупъ ‘ствол дрэва, пень’, параўн. труп (гл.), або фанетычна змененае тарбуль ‘кавалак бервяна’, гл.?
Турсну́ць ‘крануцца, уздрыгнуцца, рушыць’ (Кліх). Відаць, паралельнае ўтварэнне да то́рскаць (гл.), дзе назіраюцца пэўныя хістанні ў вакалізме асновы (тор‑/тур‑/тыр‑) з т. зв. s‑intensivum, параўн. то́рнуць ‘штурхнуць, піхнуць’ (гл.). Да турнуць, турыць, гл.
Турсу́чыць ‘трэсці, вытрасаць’ (Сцяшк. Сл.), ‘трасці, трусіць’ (калінк., Арх. ГУ). Параўн. рус. дай. турсу́чить ‘торгаць, тузаць, рваць’. Няясна (Фасмер, 4, 125). Можна дапусціць сувязь з папярэднім словам у якасці дзеяслова працяглага дзеяння.
Турта́ць ‘прыспешваць, падганяць’ (Ласт.). Пацюпа (Arche, 2007, 3, 195) узводзіць да туры́ць ‘гнаць’, відаць, з узмацняльным ‑т‑. Параўн. чэш. trtati ‘спяшацца дробнымі крокамі’, якое Махэк₂ (654) параўноўвае з балг. тъ́ртя ‘кінуцца бегчы’ і лічыць паралельнымі ўтварэннямі з чэш. drdati (< *dьr‑ta‑ti ‘драць’), параўн. дырда (гл.).
Туру́каць ‘грукаць’ (Арх. Федар.): Ту‑ру, ту‑ру, па дуброўкі, / Ды там едзіць пан вялікі (Куп. і пятр. песні), сюды ж ‘падаваць гукі (пра жаўну)’, туруру́каць ‘падаваць гукі, турчаць’ (ТС). Гукаперайманне.
Туру́н, мн. л. туруны́, турунты́ ‘затор лёду на рацэ’ (Ласт.). Не ясна.
Туруру́кацца ‘гучна весці размову’ (Вушац. сл.), ‘падаваць гукі, турчаць’ (ТС). Гл. турукаць.
Турусня́к ‘затор, лёд на рэках і азёрах, нагрувашчаны старчма’ (Ласт.). Па значэнні, відавочна, звязанае з рус. торо́с ‘заломы лёду каля берагоў рэк і на моры’, што з саам. tōras ‘лядовы бугор на беразе мора’ (Фасмер, 4, 86; Анікін, 557), аднак шляхі ўплыву на яго ўтварэнне застаюцца няяснымі. Хутчэй гукапераймальнага паходжання, гл. наступнае слова.
Ту́русы ‘грукат ад хуткай язды, тарахценне’, ‘пустое плявузганне’ (Нас.), туру́сы на калёсах ‘лухта, бязглуздзіца’ (Юрч. Фраз.), туру́сы, туро́сы ‘тс’ (Растарг.), турэ́сы ‘тс’: пачынае свае баі‑турэсы (С. Кухараў); відаць, сюды ж тру́сты на калёсах ‘выдумкі’ (Мат. Маг. 2), гл. Параўн. укр. туроса́ ‘шум, пагалоска, чутка?’; рус. туру́c ‘нешта цікавае, займальнае’, туру́сы: турусы на колёсах развозить (разводить) ‘весці пустыя размовы’. Словы спрэчнага паходжання. Традыцыйна пад увагу прымаюцца спалучэнні са словам калёсы, хаця яшчэ Карскі (2–3, 187) зазначыў, што ў зборніку беларускіх прыказак Насовіча го́ніць туру́сы (трэск) на коле́сах ‘гаворыць лухту’ апошняе слова азначае ‘воз’, а не ‘колы’, параўн. тыпалагічна падобнае польск. разм. bujda na resorach ‘лухта, хлусня’ (Ніч, Wybór pism, 2, 157). Вывядзенне з лац. turris ambulatoriae ‘вежа, якая рухаецца’, г. зн. абложная вежа (Міхельсон, Рус. мысль, 2, 394), у існаванні якіх звычайна сумняваліся (Лепешаў, ЭСФ, 370), нягледзячы на меркаванне Трубачова (Дадаткі, 125; гл. таксама Арол, 4, 120), застаецца малапераканальным (Фасмер, 2, 125). Семантыка сведчыць хутчэй пра гукапераймальнае паходжанне, на што звяртаў увагу яшчэ Насовіч (644), гл. турыць ‘гнаць’. Параўн. ЕСУМ, 5, 684.