Труп ‘ мёртвае цела чалавека або жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Ласт., Федар. 4; уздз., Мат.; віл., Сл. ПЗБ), ‘тулава’ (уздз., уласн. інфарм.): …паненкам — крылушкі… А я мужык глуп — мне ўвесь труп (Бел. казкі), ‘прах, астанкі’: адзежа трупам узялася (Нас.), ‘гніль’ (Багушэвіч, Байк. і Некр.): труп яго бяры — праклён (Вушац. сл.), ст.-бел. трупъ ‘мёртвае цела’, зборн. трупие ‘целы мёртвых’ (ГСБМ), трупъ ‘тс’: страшно было трупу московского гледѣти (17 ст., Карскі 2-3, 316); stojaczy na trupi (Хроніка Быхаўца). Укр. труп ‘мёртвае цела, мярцвяк’, рус. труп ‘тс’, ‘тулава’, ‘струп’, стараж.-рус. трупъ ‘мёртвае цела’, ‘ствол дрэва, пень’, польск. trup, н.-луж. tšup ‘мярцвяк’, в.-луж. trup ‘струп’, ст.-чэш. trup ‘пень’, ‘ствол’, чэш. trup, славац. trup ‘тулава, корпус’, славен. trúp ‘тулава’, ‘корпус карабля’, харв. trûp, серб. труп ‘тс’, ‘пень, калода’, макед. труп ‘тулава’, ‘мёртвае цела’, ‘пень, пацурбалак’, ‘даўбешка’, балг. труп ‘тулава’, ‘ствол дрэва’, ‘мёртвае цела’, ст.-слав. троупъ ‘мёртвае цела’, зборн. троупиѥ. Прасл. *trupъ роднаснае літ. traupùs ‘крохкі’, trupė́ti ‘крышыцца, гніць, драбніцца’, trùpas ‘старац’, ст.-прус. trupis ‘калода’ — на думку Мілеўскага (SOc, 18, 29), запазычана з польскай; лат. satrupēt ‘гніць, згніваць’, ‘спарахнець’, ст.-грэч. τρΰπη ‘дзірка’, τρυπάω ‘свідрую’, якія ўзыходзяць да і.-е. *trou‑po‑/‑s ‘пень, калода’ < і.-е. *ter‑/*treu̯/*trou̯‑ ‘церці, расціраць’, ‘свідраваць’ (Фасмер, 4, 109; Голуб-Копечны, 392; Брукнер, 578; Младэнаў, 640; Буга, РФВ, 75, 151; Скок, 3, 516; Каруліс, 2, 433; ЕСУМ, 5, 657; Сной₂, 789; Борысь, 645). Паводле Махэка₂ (655), прасл. *trupъ мела першаснае значэнне ‘спарахнелы ствол дрэва’, параўн. каш. trëpa ‘спарахнелае бервяно, асабліва ў тарфянішчы’ (SEK, 5, 166), польск. trupieć ‘трухлявець, дзеравянець’. Гл. таксама меркаванні пра зыходнае значэнне ‘частка, кавалак’ на падставе балг. разтру́пя ‘парубаць дрэва на часткі’ (Новое в рус. этим., 239), параўн. таксама харв. rastrupati ‘разбіць на кавалкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)