Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Падкузьмі́ць ’паставіць у няёмкае становішча, падкусіць’ (ТСБМ, Нас.). Рус. подкузьми́ть ’тс’. Ад уласнага імя Кузьма (параўн. яшчэ рус. объего́рить ’тс’ < Егор). Першапачаткова ’псаваць надзеі, якія былі звязаны з днём Кузьмы’, паколькі дзень св. Кузьмы і Дзям’яна (17 кастрычніка) лічыўся раней тэрмінам заканчэння сельскагаспадарчых пагадненняў (гл. Фасмер, 3, 297; там жа і інш. літ-pa). У бел., мабыць, з рус.

Падкула́чнік ’селянін, які дзейнічаў у інтарэсах кулака’. Да кулак2 (гл.). Калька (або запазычанне) з рус. подкула́чник (Крукоўскі, Уплыў, III).

Падкураваць ’пад’юдзіць, падбухторыць да чаго-н.’ (Федар. VII). Да курыць. Развіццё семантыкі, відаць, праз ужыванне гэтага дзеяслова ў пчалярскай практыцы: падкурыць (пчол) ’выгнаць з вулля, каб ляцелі шукаць нектар’.

Падку́чка ’падпечак’ (СТ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кучкай (гл.).

Па́дла ’труп жывёліны, мярцвячына; аб кім-, чым-н. вельмі дрэнным’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Грыг., Мядзв., Гарэц.), па́дліна ’тс’ (ТС), па́дло ’аб тым, хто благі’ (Сл. ПЗБ). З польск. padło ’тс’ (Карскі, Белорусы, 146), таксама як і па́дліна < польск. padlina (Кюнэ, Poln., 83). Да падаць (Брукнер, 390).

Падла́совік ’пеўнік стракаты (грыб)’ (Сл. ПЗБ). Да падласы з суф. ‑овік па бура-жоўтаму колеру грыба.

Падла́сы ’з белай поўсцю на жываце (звычайна пра карову)’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.), ’жаўтаваты, светла-руды’ (Гарэц., Некр., Мал.), ’аб сабаку: плямісты або з белай спіной ці белым жыватом’ (Федар.), подла́сы ’падласы’ (ТС), падла́сівенькі ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. падла́сый ’цёмна-гняды з падпалінамі’, укр. підла́сий ’з белым жыватом’; далей рус. ла́са ’пляма прадаўгаватай формы, ільсняная пляма; паласа ад праса’, ла́сить ’пакідаць плямы’. Паводле Фасмера (2, 460), роднаснае літ. lãšas ’пляма’, лат. làse ’кропля, пляма, крапінка’ (гл. таксама Бернекер, 1, 691; Міклашыч, 160; Мацэнауэр, 9, 189). Збліжэнне з лат. lãpsa ’месца’ (Мее–Эндзелін, 2, 440); Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным.

Падле́глы ’які адносіцца да ліку асоб, аб’ектаў, з’яў, на якія распаўсюджваецца што-н. абавязковае, прымусовае; падуладны, падначалены’ (ТСБМ, Нас., Яруш.). З польск. podległy ’тс’.

Падле́йчаць ’падглядзець, падкапаць (напр. бульбу)’ (ТС), падлегчы ’тс’ (Мат. Гом.). Параўн. яшчэ лейчаць ’лягчаць, пакладаць’ (ТС). Да лячаць (гл.).

Падле́так ’хлопчык або дзяўчынка ў пераходным узросце’ (ТСБМ, Касп.), падле́так (ТС), пудлы́ток (Клім.) ’тс’. Рус. подле́ток, укр. підлі́ток ’тс’. Да ле́та (гл.).