Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сулды́га ’частка нагі ад калена да пяткі’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ’вялікая костка’, перан. ’нага’ (Юрч.), сулды́жжа зборн. (мсцісл., З нар. сл.), сулды́жка ’частка рукі ад пляча да локця’, ’ніжняя частка галёнкі’ (Мат. Маг.), ’костка, масол’ (Бяльк.), ’вялікая костка’ (Юрч. Вытв.). Укр. дыял. сулды́га ’шчыкалатка’. З *sǫ‑lъdyga (гл. ладыга) (Міклашыч, Vergl. gr., 2, 285; ЕСУМ, 5), роднаснае *lydъka (гл. лытка), адлюстроўвае карнявы вакалізм у ступені рэдукцыі (Слаўскі, 5, 391; Бязлай, 2, 145).

Суліма́ ’сулема, хларыд ртуці’ (Некр. і Байк.), ’дэзынфекцыйны сродак’ (Сержп. Прымхі), сулі́ма ’атрута, нячыстая сіла, нячысцік (у пагражальных выразах і праклёнах)’ (ПСл), параўн. укр., рус. сулема́. Адаптаванае запазычанне, крыніцай якога лічыцца с.-лац. sublimatum ’сулема’ (< лац. sublimare ’высока ўздымаць, падносіць, узвышаць’, у пазнейшым спецыяльным значэнні ’выпарваючы цвёрдае цела, атрымаць яго ў ачышчаным крышталічным выглядзе’), параўн. польск. sublimat ’прадукт узгонкі’, ’хларыд ртуці’ — з удакладненнем sublimat gryzący, у якасці непасрэднай крыніцы дапускаюць грэч. σουλιμας < тур. sülimen (Фасмер, 3, 800; ЕСУМ, 5, 471–472).

*Суліца ’кап’ё’ (1228 г., Гандлёвая дамова смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай, Готландам і нямецкімі гарадамі), укр. старое су́ла ’піка’, дыял. суло́ ’драўляны чаранок жалезных вілаў; жардзіна вясла’, сули́ця ’дзіда’, рус. сула́ ’клюшка, якую дзеці кідаюць па лёдзе’, старое су́лица ’кідальны дроцік’, ст.-польск. sulica ’кап’ё, дзіда’, чэш. sudlice ’рагаціна’, славен. súlica, серб.-харв. су̏лица, балг. старое су́лица, макед. сулица ’від дзіды’. Прасл. *sudlica ’кароткае кідальнае кап’ё’, звязана з суляць ’соваць, піхаць, кідаць’, соваць, сунуць, гл. (Адзінцоў, Этимология–1976, 106–111). Гл. таксама Фасмер, 3, 801; ЕСУМ, 5, 471; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 348. Параўн. сула́2, гл.

Сулі́ць ’прапаноўваць, даваць, абяцаць’ (Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп., Тур., ЛА, 3, Сл. ПЗБ, Шатал., ТС; бых., ЖНС; мсцісл., З нар. сл.; чавус., Нар. сл.), ’жадаць’ (Ян.), сюлі́ць ’прапаноўваць, даваць’ (астрав., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сули́ти, рус. сули́тъ, польск. дыял. sulić ’тс’. Відавочна, звязана са стараж.-рус. сулѣи ’лепшы’, ц.-слав. соулии, ст.-слав. соулѣи ’тс’, супастаўляльнымі з літ. šulnas ’выключны, цудоўны’, ст.-інд. śurah ’моцны, смелы’, грэч. χῦρος ’сіла, моц’ (Фасмер, 3, 801; ЕСУМ, 5, 472). Форма з пачатковым сю‑ (śu‑), відаць, пад уплывам літ. siū́liti ’прапаноўваць’, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем з беларускай, гл. Смачынскі, 552. Гл. таксама пасуліць.

Сулонне (sułonie) ’калені’ (барыс., Кольб.), суло́нь ’пазуха’ (Некр. і Байк.). Ад су- і лано2, гл.

Суло́таць ’мачыць слюной, лізаць’ (паст., Сл. ПЗБ), суло́ціць ’шмальцаваць’ (мёрск., Нар. сл.). Аўтары Сл. ПЗБ (там жа) параўноўваюць з літ. sulótis ’сачыцца’; параўн. таксама sulóti, sulúoti ’спускаць сок з бярозы’, вытворных ад sulà ’сок у дрэве, мязга’ (Смачынскі, 614), гл. сула1.

Султа́н ’манарх у некаторых мусульманскіх краінах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. султанъ (салтанъ, зоптанъ, сзолданъ, солтанъ, солданъ) ’султан’ (XV ст.), якое са ст.-рус. султанъ, салтанъ (XV ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 27), укр., рус. султа́н ’тс’. Магчыма, праз візант.-грэч. σολδάνος ’тс’ (ЕСУМ, 5, 472). З араб.-тур. sulṭân ’тс’ (Фасмер, 3, 801).

Су́луйка ’сувалка, паблытаныя плоскуні ў каноплях’ (Бяльк.). Няясна, магчыма, у выніку замены в > л, параўн. рус. дыял. суло́й ’сувой’ (ад ліць, гл. Фасмер, 3, 801), параўн. сувой (гл.).

Сулупо́н ’гаварун’ (Мат. Маг.), сулупну́ць ’сказаць недарэчнасць’ (карм., Мат. Гом.). Да салупаць (гл.) з семантычным развіццём ’высоўваць язык’ — ’гаварыць, балбатаць’.

Суля́к ’нейкая пасудзіна’: “складаючы ім у сулякі масла, сыры, гародніну сваю на доўгую зіму” (М. Вайцяшонак, ЛіМ, 1996, 8 лістап.). Параўн. польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnica ’біклага, бочачка’, славен. sülj ’ражка’; апошняе Скок (3, 360) выводзіць з лац. solium ’карыта, жолаб, чан’. Параўн. суляя, гл.