Мусова, мусо́во ’неабходна, абавязкова, вымушана’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., Сцяц., карэліц., Жыв. сл.; драг., КЭС), мусовы ’абавязковы’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). З польск. musowo, musowy ’тс’.
Мусоліцца ’забруджвацца ад неахайнага карыстання, зашмальцоўвацца’, мусоліць ’часта дакранацца насліненымі або бруднымі пальцамі’ (ТСБМ). Не зусім яснае слова. Рус. муслить, мусолить, муслякать ’тс’. Магчыма, генетычна звязаны са ст.-грэч. μύδος ’вільгаць, гніллё’, μύζω, μυζάω ’смакчу’, ст.-інд. mudirás ’хмара’, с.-ірл. muad ’тс’, новав.-ням. Schmutz ’гразь, бруд’ (Фасмер, 3, 16–17).
Муст ’свежы сок з вінаграду ці іншых фруктаў’, ’маладое салодкае віно’ (ТСБМ). Праз рус. мову з н.-ням. most, must, якія з лац. mustum ’маладое віно’.
Мусульма́нін ’магаметанін’ (ТСБМ), ст.-бел. мусулманинъ ’тс’ (XVI ст.), якое з татар. musulman, асм.-тур. musulman, тур. musliman, перс. musulmân < араб. muslim ’тс’ (Міклашыч, 205; Фасмер, 3, 17; Булыка, Лекс. запазыч., 176).
Мусы́ка ’гнойная матэрыя’ (Гарэц.). Да муса́ка (гл.).
Мусяля́к (груб.) ’нязграбны чалавек’ (карэліц., Сцяшк. Сл.). Рус. пск., цвяр. мусли́к, мусля́к ’неахайны чалавек’, уладз., казан. муслюм ’нязграбны, дурнаваты мужчына, сапляк’. Апошняе, аднак, Корм (AfslPh, 9, 657) выводзіць з араб.-тур. muslim ’мусульманін’. Да мусоліцца (гл.).
Мут, му́та, мута́ ’каламута, асадак, іл’, ’блытаніна, блытанае тлумачэнне’ (Нас., Юрч., Янк. 3., Янк. БФ., Шат., Сл. ПЗБ, Растарг., Яшк., Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.), ’памутненне ў вачах’ (паст., Сл. ПЗБ). Рус. мут ’вір’, ’асадак’, му́та́ ’асадак’, ’непарадак’, польск. mąt ’замяшанне’, ’сутычка’, męt ’асадак’, ст.-славен. smota ’скандал’, суч. zmȏta ’памылка, недахоп’, mȍt ’асадак, гушча’. Прасл. mǫtъ, mǫta < mǫtiti > муці́ць (гл.).
Му́тар ’клопаты; цяжкая, непрыемная праца’ (Нас.). Да мы́та (гл.) ’плата, пошліна’ і ад яго рус. мы́та́рь > мы́тарство, мыта́рить ’мучыць, мардаваць, марыць, пакутаваць’. Аб пераходзе ы > у гл. Карскі, 1, 237–239.
Мута́р ’падманшчык, ілгун’ (бяроз., Шатал.). Да муці́ць (гл.).
Му́тарна, му́торно ’моташна, вельмі цяжка, непрыемна, дрэнна’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Касп., Растарг., Нар. Гом., ТС, Сцяшк. Сл.; маладз., Янк. Мат.). Рус. тамб., цвяр. му́торно ’цяжка’, бран. ’павольна’. Да ⁺му́торыць (параўн. рус. кур. муторить ’ванітаваць; муціць’, ’дурыць галаву’), якое ад муці́ць (гл.).
Мутарэс ’разак, Stratiotes L.’ (гродз., Сл. ПЗБ). Да мударэз (гл.).