Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Таўке́шка ’нязграбная, нерухавая жанчына’ (Гіл.). З першаснага *таўкеша, відаць, ад таўкціся, таўкці, гл.

Таўко́та ’таўкатня’ (Ян.). Да таўкаць (гл.), утварэнне з суф. от‑а, для якога мяркуецца польскае паходжанне (Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1171), што па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна.

Таўку́н1 ’ятрышнік’ (Расл. св.). Гл. таўкан.

Таўку́н2 ’цыбуля (тоўчаная)’ (Мат. Гом.), тоўку́н ’страва з пер’я цыбулі’ (ПСл). Да таўкці, таўчы ’мяць, расціраць’ (гл.), аналагічна таўку́н ’пюрэ з бульбы’ (Мат. Гом.).

Таўку́нчыкі ’камары’ (Сцяшк.), ’камары, што мітусяцца ў паветры клубком, таўкуць мак’ (Скарбы), ’від камароў’ (шчуч. Жыв. св.). Параўн. рус. дыял. толку́н ’камарыны рой (у цёплы летні вечар)’. Да таўчы́ся ’рухацца, таптацца на адным месцы’, гл. таўхаць, таўчы, адносна рускага слова гл. Фасмер, 4, 72 (параўноўвае з рус. толку́чка, гл. наступнае слова).

Таўку́чка ’бойкае месца, дзе прадаюць рэчы з рук’ (ТСБМ), ’кірмаш’ (Мат. Маг. 2), товку́чка ’тс’ (Вруб.). З рус. толку́чка ’тс’.

Таўкці́ ’таўчы’ (Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом., Сержп. Прымхі; рагач., Сл. ПЗБ), ’ціснуць алей’ (ельск., ЛА, 4), ’таўчы; біць’ (Ян.), тоўкці́ ’таўчы; біць, штурхаць’ (ТС), товкты́ ’штурхаць’ (пін., ЛА, 2), ’таўчы’ (Сл. Брэс.), товкчи́ ’абтоўкваць (проса, ячмень)’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), таўкці́ся ’таўчыся’ (Ян.), ’біцца, знаходзіцца ў стане цечкі (пра кабылу)’ (воран., Жыв. св.), тоўкці́са ’тоўпіцца’ (ТС), товкты́са ’штурхацца’ (пін., ЛА, 2). Параўн. укр. товкти́, рус. толкти́. Прасл. *tolkti/*telkti ’біць, таўчы’, роднаснае да літ. tèlkti ’стаць мірным, рахманым’, telkti ’склікаць талаку’ (Фасмер, 4, 73; ЕСУМ, 5, 588). Гл. таксама таўчы, талака.

Таўле́тка ’вялікае люстра, якое ставіцца на падлогу’ (гродз., ЖНС). Няясна; параўн. укр. дыял. тавле́тка ’грыфельная дошка’, рус. та́вель ’дошка, табліца’. Гл. табліца.

Таўлі́нка ’берасцяная табакерка’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Параўн. укр., рус. тавли́нка ’тс’ з не да канца высветленым паходжаннем; звязваюць з тавалга (гл.; Фасмер, 4, 8), параўн. польск. tawulina ’расліна з сям’і тавалгавых’.

Таўлу́й ’гультай’ (Байк. і Некр., Сл. рэг. лекс., Сержп. Прык., Мілк.). Ад то́ўла ’няўмелы, непаваротлівы’ (гл.) з суф. ‑уй, аналагічна да талалуй ’дурнаваты’, адносна словаўтварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 195.

Таўма́к1 ’старчковы (галоўны) корань дрэва’ (воран., чэрв., ЛА, 1), ’галоўны корань дрэва, старчак’ (слуц., Расл. св.). З *стаўма́к ’тс’, якое з стаўмава́ты (корань) (асіп., ЛА, 1) < стаўма́ ’вертыкальна’ (ад стаяць, ставіць, гл.), як тарча́к, тарчма́к ’тс’ (там жа) з тарчма́, торчма, гл.

*Таўма́к2, тоўма́к ’кулак; кухталь’ (Мат. Гом.). Фармальна блізкае польск. tłumok ’клунак, цюк’, дыял. tłomok ’валляк’, чэш. tlumok ’ранец’, для якіх Борысь (636) выводзіць першаснае значэнне ’нешта сціснутае ці набітае нечым’; суфіксальныя ўтварэнні ад tłumić ’сціскаць, здушваць’, роднаснага укр. то́вмити ’хаваць у сабе’, чэш. tlumiti ’прыглушаць’ (з польскай, Махэк₂, 646), славац. tlmiť ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlmiti/*tl̥miti, магчыма, роднасных літ. stel̃bti ’зацяняць, душыць, гнясці’ (Махэк₂, там жа). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 588.