То́ўла ’няўмека, непаваротлівы’ (Юрч.), ’мажная, непаваротлівая жанчына’ (ушац., Нар. сл.), ’непаваротлівы, тоўсты чалавек’ (паст., Сл. ПЗБ), то́ўлін ’які належыць няўмецы, непаваротлівай асобе’ (Юрч. СНЛ). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 109), роднаснае літ. tūlóti ’цёпла апранаць’, параўн. яшчэ ту́ля ’апранутая ў тоўстае, цёплае адзенне, якая выглядае непаваротлівай’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Магчыма, генетычна звязана з тоўба (гл.), якое, як мяркуецца, можа паходзіць ад *toviti ’рабіць тучным’, тады ў аснове ўтварэння дзеяслоў тыпу балг. радоп. то̂вле̂м ’адкормліваць’, параўн. Куркіна, Этимология–1978, 40.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)