Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Табе́, Д. і М. скл. займенніка ты (гл.), Тв. скл. табо́ю/табо́й (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. тобѣ, тобе (Карскі, 2- 3, 191), tobie, tebe (Хроніка Быхаўца). Параўн. укр. тобі́, польск. tobie, чэш. tobě, стараж.-рус. тобѣ, што на фоне рус. тебе́, в.-луж. tebi, н.-луж. tebje, славац. tebe, славен. tebi, серб.-харв. тѐби, балг. те́бе, макед. тебе, ст.-слав. тебѣ ’тс’ (гл. цябе) разглядаюцца як другасныя формы, узнікшыя па аналогіі з формамі Тв. скл. адз. л. у якасці паўночнаславянскай інавацыі, гл. Цітка, Kronika, 128.

Та́бель ’паслядоўны спіс, пералік; лісток паспяховасці вучняў’, ’дошка (або кніга) для ўліку прысутнасці на працы’ (ТСБМ), та́бэль ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. та́бель ’табель’, польск., в.-луж. tabela ’табель; табліца’, чэш. tabela ’табліца’, славац. tabela ’табель; табліца’, славен. tabéla ’тс’, серб.-харв. табѐла ’тс’, макед. табела ’тс’, балг. табе́ла ’таблічка, дошчачка з надпісам’. У старабеларускай мове з 1710 г. фіксуецца памяншальнае табелька ’рэестр лічбавых дадзеных’ са ст.-польск. tabela (Булыка, Лекс. запазыч., 57), сучаснае табэ́лка ’табліца множання’ (Сцяшк. Сл.) з польск. tabelka ’таблічка’. Паўторнае запазычанне праз рус. та́бель, якое ад часоў Пятра I (табель о рангах) з нідэрл. tabel ’табліца; табель’ < лац. tabella ’дошчачка, таблічка’ < tabula ’дошка, табліца’, звязанага з умбр. tafle ’на дошцы’; (Фасмер, 4, 6; ЕСУМ, 5, 499). Аб далейшых сувязях гл. Брукнер, 562–563; Махэк₂, 633.

Табін, ст.-бел. табинъ ’гатунак тоўстай шаўковай тканіны’, табинокъ ’тая ж тканіна з прымессю воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́бін, таби́н, ’гатунак шаўковай тканіны’, рус. табенек, полутабенек ’від шаўковай тканіны’. Старабеларускія і польскія словы Булыка (Лекс. запазыч., 115; БЛ, 17, 64–65) выводзіць непасрэдна з тур.-перс. tabin = tabi ’тс’. Украінскае і рускае словы лічацца запазычаннямі адпаведна праз польск. дыял. tabin ’гатунак шаўковай тканіны’ або ням. Tabin ’тс’ з франц. tabis (у XIV ст. atabis) ’муараваная шаўковая тканіна’ праз ісп. tabí ’тс’ з араб. attābī ’тс’. Арабская назва тканіны паходзіць ад at‑Attābī́yah, назвы квартала, дзе яна выраблялася (ЕСУМ, 5, 499; Фасмер, 4, 6; Брукнер, 563).

Табле́тка ’плоскі шарык з лекавага парашку’ (ТСБМ), ’тс’ (навагр., Сл. ПЗБ). Укр., рус. табле́тка, польск. tabletka, чэш., славац. tableta, tabletka, славен. tablẹ̑ta, tablẹ̑tka, серб.-харв. таблѐта, макед. таблета, балг. табле́тка. Праз нямецкую з франц. tablette ’плітка, таблетка’ — памяншальнай формы ад table ’дошка, пліта, табліца’ < лац. tabula ’тс’. (Брукнер, 563; Голуб-Ліер, 475; Сной₁, 651; ЕСУМ, 5, 500).

Таблі́ца ’пералік лічбавых ці іншых даных па графах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’дошка, пліта з надпісамі’ (Ласт.), ’паказальнік дарог’ (Касп., Сл. ПЗБ), ’класная дошка’ (Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’дошка аб’яў’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. таблица ’пліта, табліца, шахматная дошка’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. табли́ця, рус. табли́ца, польск. tablica ’табліца; дошка’, н.-луж. tablica ’плітка, дошчачка’, чэш. tabulka ’табліца; дошка’, славац. tabuľka ’табліца’, tablica ’дошка’, tabla ’тс’, славен. tȃbla, tȃblica ’таблічка, дошчачка (з надпісам)’, серб.-харв. та̏блица ’табліца; дошчачка, таблічка; грыфельная дошка’, макед. таблица ’грыфельная дошка’, балг. та́блица ’табліца’. Ст.-бел. таблица ’пліта, табліца’ < ст.-польск. tablica фіксуецца з XV ст. (Булыка, Запазыч., 315). У польскай з нар.-лац. tabla ’дошка, табліца’ < лац. tabula ’тс’ (Борысь, 624).

Табло́ ’шчыт са светлавымі сігналамі або надпісамі’ (ТСБМ). Праз рускую мову з франц. tableau ’карціна, выява; табліца, дошка’, якое з’яўляецца памяншальнай формай ад table ’дошка, табліца’ < лац. tabula ’тс’ (ЕСУМ, 5, 500; Голуб-Ліер, 475).

Таблява́ць ’пракручваць, свідраваць дзіркі, заганяючы ў іх драўляныя гвазды’ (дзятл., Сл. ПЗБ), тэблева́ты ’свідраваць’ (бяроз., Шатал.). Вытворнае ад тэбель, гл.

Табляк: на табляку ’не апіраючыся, не дакранаючыся’: трымая карова нагу на табляку (слонім., ЖНС). Няясна; параўн. тальмах, гл.

*Табо́йта, тобо́йто ’вось іменна, так’ (ТС). Універбаванае спалучэнне *то бо і то (гл. то, бо), параўн. то́бта, гл.

Табола, ст.-бел. тобола ’клунак, цюк’ (XV ст., КГС). Параўн. укр. тобі́лка ’скураная сумка’, рус. тобо́лка ’сумка, клунак’, польск. tobola, tobół ’тс’, в.-луж. toboła ’торба’, н.-луж. toboła ’сумка пастуха’, чэш. tobola ’торба’, славац. tobolka ’кашалёк’, славен. tobāec ’кашэль, сумка’, серб.-харв. тобо̑лац ’скураны мяшочак, кашалёк; калчан’, балг. тобо́лец ’скураная сумка’. Прасл. *tobola ’торба, мяшок; кашалёк’ без пэўнай этымалогіі (ЕСУМ, 5, 585; Борысь, 636).