Та́бель ’паслядоўны спіс, пералік; лісток паспяховасці вучняў’, ’дошка (або кніга) для ўліку прысутнасці на працы’ (ТСБМ), та́бэль ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. та́бель ’табель’, польск., в.-луж. tabela ’табель; табліца’, чэш. tabela ’табліца’, славац. tabela ’табель; табліца’, славен. tabéla ’тс’, серб.-харв. табѐла ’тс’, макед. табела ’тс’, балг. табе́ла ’таблічка, дошчачка з надпісам’. У старабеларускай мове з 1710 г. фіксуецца памяншальнае табелька ’рэестр лічбавых дадзеных’ са ст.-польск. tabela (Булыка, Лекс. запазыч., 57), сучаснае табэ́лка ’табліца множання’ (Сцяшк. Сл.) з польск. tabelka ’таблічка’. Паўторнае запазычанне праз рус. та́бель, якое ад часоў Пятра I (табель о рангах) з нідэрл. tabel ’табліца; табель’ < лац. tabella ’дошчачка, таблічка’ < tabula ’дошка, табліца’, звязанага з умбр. tafle ’на дошцы’; (Фасмер, 4, 6; ЕСУМ, 5, 499). Аб далейшых сувязях гл. Брукнер, 562–563; Махэк₂, 633.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)