Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слупня́к ‘вострая інфекцыйная хвароба, якая прыводзіць да сутаргі мышцаў’ (ТСБМ). Да слуп (гл.); калька рус. столбня́к ‘тс’.

Слух. Гл. слых.

Слуха́ўкі ‘навушнікі’ (Скарбы). З польск. słuchawki ‘тс’, słuchawka ‘тэлефонная трубка’. Параўн. сучаснае разм. слу́хаўка ‘тс’.

Слу́хаць ‘успрымаць слыхам’, ‘разглядаць (судовую справу)’, ‘прымаць пад увагу чые-небудзь указанні’ (ТСБМ, Ласт., Нас., Шымк. Собр., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. слухати, слышати, слышети ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. слу́хати, рус. слу́шать, дыял. слу́хать, польск. słuchać ‘слухаць’, słuszać ‘слухацца’, в.-луж. posłuchać, słušeć, н.-луж. słuchać, słušaś, чэш. slušeti ‘падыходзіць, быць да твару’, славац. slušať, серб.-харв. слушати, славен. slúšati, балг. слу́шам, макед. слуша, ст.-слав. слоушати. Прасл. *sluchati і *slušati < *sluxěti, якія ад *sluchъ ‘слых’ (Фасмер, 3, 679), гл. слых. Адпаведнікі літ. klausýti ‘слухаць, слухацца’, ст.-прус. klausiton ‘пачуць’, ст.-в.-ням. hlosên ‘слухаць, слухацца’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. śróṣati ‘ён чуе’, ст.-сакс. hlust ‘слых; вуха; слуханне’, якія працягваюць і.-е. *kʼleu̯‑s‑ ‘чуць’. Гл. яшчэ Махэк₂, 558–559; Сной₁, 583; Глухак, 564; Борысь, 560; ЕСУМ, 5, 310–311.

Слухмя́ны ‘паслушны’ (Нас., Касп., Растарг., Байк. і Некр.). Параўн. укр. слухмʼя́ний ‘тс’. Карскі (2–3, 43) мяркуе пра запазычанне з украінскай, дзе вядомы варыянт слухня́ний ‘тс’, параўн. слуха́вы ‘тс’ (Нас.). Да словаўтварэння параўн. руцьмя́ны, ціхмя́ны (гл.).

*Слуць, ст.-бел. слути ‘лічыцца, называцца’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. слыць.

Слу́чай ‘выпадак, здарэнне’ (Нас., Шат., Растарг., ТС, Ян., Сл. ПЗБ), слу́чай ‘тс’ (Растарг., Бяльк.). Укр., рус. слу́чай, серб.-харв. слу̏ча̑ј, славен. slučȃj, балг. слу́чай, макед. случај, ст.-слав. сълоучаи. Прасл. *sъlučajь утворана з суф. ‑jaj ад *sъlučati sę ‘здарацца’; гл. Слаўскі, SP, 1, 86 і наст. Апошняе да лу́чыць (гл.); гл. Фасмер, 3, 679; Бязлай, 3, 266. Дыялектнае случа́цца, случы́цца ‘здарацца’ (Ян.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), случя́тыся ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), магчыма, з рус. случа́ться ‘тс’.

Слу́шны ‘разумны, абгрунтаваны; практычна карысны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Варл., Байк. і Некр., Барад., Сл. ПЗБ), сюды ж ст.-бел. слушне ‘справядліва’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слу́шний ‘належны, адпаведны, прыстойны’, польск. słuszny, в.-луж. słušny ‘справядлівы, уласцівы, належны’, н.-луж. słušny ‘належны’, чэш. slušný ‘прыстойны, добры’. Паўночнапрасл. *slušьnъ прыметнік ад прасл. *slušati ‘чуць’ (гл. слухаць), дыял. паўн. ‘быць прыналежным, належаць, служыць; стасавацца’; гл. яшчэ Махэк₂, 558 і наст.; Брукнер, 501 і наст. У беларускай і ва ўкраінскай з польскай; гл. ЕСУМ, 5, 311.