Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сват ‘асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха’, ‘бацька мужа ў адносінах да жончыных бацькоў ці наадварот’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Сцяшк., З нар. сл., Бір. дыс., Сл. ПЗБ, ТС, Байк. і Некр.), ‘на вяселлі родзіч з боку маладога’ (Сл. ПЗБ), ‘адзін з удзельнікаў вясельнай дружыны’ (віл., З нар. сл.), сваты́ ‘бацькі маладых і ўсе родныя госці’ (“якіх называюць сватамі”, Сержп. Прымхі), свато́ве ‘тс’ (Нас., Касп.). Укр., рус. сват, ст.-рус. сватъ, польск. swat, н.-луж. svat ‘шафер, дружка’, ‘усякі сваяк заручанай пары’, чэш. svat, славац. svat ‘бацька зяця або нявесткі’, серб.-харв. сва̏т ‘сват’, славен. svȃt ‘сват, дружка’, балг., макед. сват ‘сват’, дыял. ‘сваяк’. Прасл. *svatъ, дэрыват ад кораня *swo‑ ‘свой’, з і.-е. *su̯a‑tō (*swō‑t‑), дзе ‑t‑ вытворнае ад займеннікавага кораня (гл. той), першапачаткова ‘свой, блізкі чалавек, суродзіч’; значэнне ‘чалавек, які сватае’ з’явілася пазней пад уплывам дзеяслова *svatati (гл. Трубачоў, История терм., 142–143). Паралелі ў літ. svẽcias, svẽtis ‘госць (чужынец)’, грэч. (Ϝ)έτης ‘родзіч, прыяцель’, гоц. swēs ‘уласны’, ст.-інд. svás ‘свой’. Махэк₂ (594) на аснове чэш. svatví * < *svatvьji адносіць слова да асновы на ‑u‑ і параўноўвае з авест. xvaētu‑, што адвяргаецца па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, 3, 570; Борысь, 589; Шустар-Шэўц, 1384; БЕР, 6, 534–535; Сной₂, 713; Глухак, 597 (збліжае з *xvatati, гл. хватаць); Шаўр, Etymologie, 45 (дапускае незалежнае ад славянскіх развіццё балтыйскіх і грэчаскай формаў).

Сва́таць, сва́тацца ‘прапаноўваць каго-небудзь у мужы ці ў жонкі’, ‘прасіць згоды на шлюб’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сва́тати(ся), рус. сва́тать(ся), ст.-рус. свататися ‘парадніцца праз шлюб дзяцей або сваякоў’, польск. swatać się ‘тс’, чаш. svatati ‘спраўляць вяселле’, балг. свату́вам се ‘быць сватам’, макед. сватоса се ‘парадніцца праз шлюб’. Прасл. *svatati (sę), *svatiti sę. Толькі славянскае. Дэрыват ад *svatъ, першасна ‘парадніцца’, астатнія значэнні даволі познія. Гл. Трубачоў, История терм., 143.

Сва́ха ‘свацця’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Скарбы, З нар. сл.), ‘адна з сваячак маладога’ (Бір. дыс.), ‘на вяселлі родзічка з боку маладой у адносінах да родзічаў маладога і наадварот’ (Сл. ПЗБ), сва́хна ‘свацця’ (ТС). Укр., рус. сва́ха, польск. swacha, серб.-харв. рэдк. svaha, балг. сва́ха. Ад *svatja (гл. свацця) з гіпакарыстычным суф. ‑xa(‑cha) (Фасмер, 3, 570; Брукнер, 527; SP, 1, 71). Трубачоў (История терм., 143) указвае на кантамінацыю ў гэтым слове значэнняў ‘жанчына, якая займаецца сватаннем’ і ‘маці мужа ў адносінах да маці маладой і наадварот’.

Сва́цця ‘жанчына, якая сватала нявесту жаніху ці жаніха нявесце’, ‘маці мужа ў адносінах да жончыных ці маці жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ‘адна з удзельніц вясельнай дружыны’ (віл., З нар. сл.), сваце́я ‘жанчына ў якасці гаспадыні на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), укр. сва́ття, рус. сва́тья ‘свацця’, серб.-харв. сва̏ћа ‘сваха; свацця’, макед. сва́ка ‘тс’, балг. сва́тя ‘свацця’. Прасл. *svatьja; ад *svatъ (гл. сват) з суф. ‑ьja аналагічна рус. гость: гостья; гл. Фасмер, 3, 570; БЕР, 6, 537.

Сва́шка1 ‘свацця’ (Нас., ТС), ‘маладая свацця; малодшая свацця на вяселлі’ (Гарэц.), ‘удзельніца вясельнай дружыны з боку маладога’ (віл., З нар. сл.), ‘дружка (жаніха)’ (мін., Сл. ПЗБ; валож., Жыв. сл.), сва́шкі ‘маладыя дзяўчаты, якія ехалі за маладым’ (З нар. сл.). Укр. сва́шка ‘замужняя сястра жаніха’, польск. дыял. swaszka ‘сваха; малая дзяўчына, якая ўдзельнічае ў вяселлі як дружка’, н.-луж. swašk, swaška ‘пасаджоная маці, старэйшая сваячка жаніха і нявесты’, балг. сва́шка ‘сястра нявесткі’. Памяншальнае да сваха, гл. (БЕР, 6, 536; Шустар-Шэўц, 1483–1484).

Сва́шка2 ‘назва грыба’ (ПСл). Няясна; магчыма да папярэдняга (“беленькая пудо дном, а зверху красная”, там жа).

Сва́я, шва́я ‘слуп, які падтрымлівае мост над вадой; паля’ (Інстр. 1), ‘бервяно ў 6–8 сажняў даўжыні, з якога ўтворана планіца, што складае плот’ (Дэмб. 2), сва́я, сва́га ‘паля’ (брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Рус. сва́я, дыял. шва́я, рус.-ц.-слав. свая. Пэўнай этымалогіі няма. Праабражэнскі (2, 256) набліжае да соваць, а Гараеў (319) да вая́ць, віць. У беларускай, магчыма, запазычанне з рус. свая.

Сваяво́ліць ‘дурэць, сваволіць’ (Нас., Сцяшк. Сл.), сваяво́ля ‘свавольства’ (Нас.), сваево́ля (Пятк. 2), сваяво́л ‘гарэза; неслух’ (Гарэц.), сваяво́лно ‘без уліку чужых інтарэсаў і абставін’ (Сержп. Прымхі). Самастойнае ўтварэнне ад свой1 (гл.) і воля (гл.), як і рус. своево́ля, насуперак Віткоўскаму (Słownik, 170), які хоча бачыць у апошнім запазычанне з польск. swawola (гл. сваволя), параўн. ст.-слав. своѥволиѣ, балг. своево́лие, своево́лнича і іншыя ўтварэнні ад *svoj (БЕР, 6, 562).

Свая́к ‘той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім-небудзь’, ‘швагер’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом.), своя́к ‘тс’ (ТС), свая́кінь ‘тс’ (Мат. Гом.), ст.-бел. своякъ, сюды ж своя́чка (ТС), свая́кіня (Мат. Гом., Мат. Маг.) ‘сваячка; сястра жонкі’, свая́чына ‘сястра мужа’ (Ян., Мат. Гом.). Укр., рус. своя́к, ст.-рус. своякъ, польск. swojak ‘зямляк’, swak ‘сваяк’, в.-луж., н.-луж. swak, ст.-чэш. svak ‘сваяк’, славац. svák ‘муж цёткі’, серб.-харв. сво̏ја̑к, svȃk ‘муж сястры жонкі’, славен. svák ‘сваяк’, балг. дыял. сва́ко ‘швагер’, ‘пляменнік’. Прасл. *svojakъ ‘суродзіч’. Дэрыват ад прасл. *svojь ‘свой’ з суф. ‑акъ; гл. Фасмер, 3, 584; Трубачоў, История терм., 140 і наст.; у заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх формах адбылося сцяжэнне галосных, гл. Сной₁, 621. Шустар-Шэўц (1382–1383) і БЕР (6, 533) рэканструююць прасл. *svakъ аналагічна *svatъ; Шаўр дапускае другаснае *svojak на базе аднаўлення сувязі з *svojь (Шаўр, Etymologie, 45).

Свая́лак ‘сваяк’ (валож., Сл. ПЗБ). Да *сваялы, што ад сваяк па тыпу прыметнікаў на ‑л‑.

*Сваясі, ст.-бел. своясы, своѧси: възвратишасѧ въ своѧси (Карскі, 1, 357; 2–3, 387, 456). Параўн. рус. ‑свояси ў восвоя́си ‘да сябе, дадому’, што з стараж.-рус. въ своя < Він. скл. мн. л. н. р. ад *свой і Д. скл. адз. л. си ‘сабе’ (Праабражэнскі, 2, 263; Фасмер, 3, 584). Параўн. савосы (гл.). Карскі (1, 357) бачыць у старабеларускіх формах украінскі і польскі ўплыў; Яновіч (Веснік БДУ, 1974, 3, 65–66) выводзіць са словазлучэння въ своя си мѣста з падвойным азначэннем.