Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рамда́р ’?’ (Шымк. Собр.). Хаця аўтар і не падае значэння слова, трэба думаць, што тут, хутчэй за ўсё, яшчэ далей зайшоўшая трансфармацыя запазычання, параўн. ранда́р, ранда́тар, ранда́тарыха, гл. ранда.

Ра́ме ’плячо’ (Нас., Сл. ПЗБ), ра́мя ’тс’ (Байк. і Некр.), рамяно́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), рамёнак ’плечавая костка’ (Стан., Байк. і Некр.), ст.-бел. раме (XVII ст., Карскі 2-3, 18), рамо ’тс’ (Сл. Скар.), ра́мя ’рукаў ракі’ (Байк. і Некр.), ра́мʼя ’тс’ (мазыр., Яшк.); параўн. укр. ра́мʼя /ра́мено ’тс’, рус. дыял. ра́мо, рамена́ ’плячо, плечы’, польск. ramię ’тс’, в.-луж. ramjo/ramje, н.-луж. raḿe ’тс’, палаб. råmą ’тс’, чэш. rámě/rameno ’плячо’, славац. ramä ’тс’, славен. rama/rame ’адгалінаванне, парэнча’, ramska kost ’плечавая костка’, серб. ра̏ме/ра̏мо/рамѐница ’плячо’, рамѐњача ’плечавая костка’, балг. ра́мо ’тс’, ст.-слав. рамо ’тс’. Праслав. *ramę (< *ormę), роднаснае ст.-прус. irmo ’рука, плячо’, авяст. arəma ’рука, плячо’, асяц. arm ’далонь, жменя’, гоц. arms, ням. Arm ’рука’, англ. arm ’рука вышэй запясця’. Фанетычная форма раме падаецца запазычаннем з польскай, развіццё насавога ў беларускай дае рамя.

*Раме́за, роме́за ’луска верхняга слоя кары сасны’ (петрык., Шатал.). Параўн. ръмузі́ніна ’вузкая палоска матэрыі’ (міёр., Нар. словатв.) і, гледзячы па ўсім, роднаснае, але семантычна больш далёкае рамізкі ’прыстасаванне з нітак або шнурочкаў, цераз якія перацягваюць ніткі асновы’ (Інстр. 2). Блізкая семантыка і наяўнасць рускай дыялектнай (вяц., арханг., уладз.) формы ремезе́нь ’скураны пояс, рамень’ даюць падставы лічыць корань гэтага рэдкага слова роднасным кораню, які вылучаецца ў раме́нь (гл.), г. зн. *rem‑. Фасмер (3, 469) і Чарных (2, 110), паводле Даля (2‑е і 3‑е выд.), звяртаюць увагу і на іншасуфіксальныя формы — рус. дыял. ремо́к, ремьё, ремо́ха, рему́ха, рему́га ’акравак; лахмоцце; рыззё’, да якіх можна дадаць яшчэ шэраг з аналагічнымі ці блізкімі значэннямі: ремо́ния, ремо́ница, рему́зия, рему́зы, рё́муз, рё́мух, ремги́ і г. д., а таксама укр. ра́мʼя ’лахманы; рыззё’. Паводле Куркінай (Этимология–1997–1999, 85), “назва вузкай палоскі скуры, тканіны, зямлі і да т. п. матывавана дзеяслоўнай семантыкай ’ірваць, здзерці’”. Між тым, падобна на тое, што арыгінальнае значэнне лексемы, зусім не абавязкова звязанага з семантычным абагульненнем ’ірваць, здзіраць’, з’яўляецца не менш старажытным, а гэта, у сваю чаргу, дазваляе прапанаваць тэрытарыяльна абмежаваны познепраславянскі дублет *remenь/*remene (< *remy), менавіта *remezъ/*remeza, і таксама з цыркумфлекснай інтанацыяй.

Ра́мена ’тып вышыванага ўзору’ (Лексика Пол.). Відавочна, гэты ўзор рабіўся па краі кавалка тканіны. Больш за тое не ясна. Гл. ра́мень.

Раме́ннік ’зараснік бабоўніку’ (жытк., Яшк.), ’шабельнік, расліна падобная на бабоўнік’, ’нейкая вадзяная расліна’ (ТС). Магчыма, звязана з высаджваннем расліны па краі, вакол зямельнага надзелу. Больш за тое не ясна. Гл. ра́мень.

Ра́мень ’вялікі балотны лес’ (Яшк.). Параўн. з рус. дыял. ра́мень ’суседні з ворнай зямлёй лес’, ’лес, які акаймляе поле’, ра́менье ’густы лес, што прымыкае да палеткаў’, ра́менка/обра́менье ’край, акраіна поля, абрамленне’, ’клін, паласа аднароднага лесу’, рям ’ельнік вакол балота’, рама ’акраінная вобласць’, ст.-рус. рама ’мяжа’, ’поле, што прымыкае да лесу’, рамение ’лес па краі ворнай зямлі, ускраек лесу’. Відаць, не звязана з рамя́ный ’вялізны, моцны, багаты’, як падае Фасмер (3, 440 з ранейшай літ-рай). Аткупшчыкоў (Из истории₂, 193–194) звязвае рус. дыял. ра́менье з *orati ’араць’, вызначаючы архаічную семантыку *orati як ’раздзяляць’. Адсюль першаснае значэнне не было звязана з лесам, і зыходнай базай з’яўляецца і.-е. *orə‑ ’араць, *er‑ ’зямля’, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’ з набыццём значэння ’пракопваць разоры’, параўн. літ. arti ’араць’, ardýti ’раздзяляць’ (Куркіна, Этимология–1997–1999, 82; там жа, 84–85, пра магчымую сувязь з раме́нь/рэ́мень, гл.). Паводле Аткупшчыкова (Из истории₂, 194) форма чляніцца на ра‑мень і стаіць у адным шэрагу з ра‑ло, ра‑тай (гл.), структурна падобная да рус. зна‑мень, ка‑мень і пла‑мень. Адсюль рамень < *ar‑mōn з семантыкай ’адараны ад лесу’ альбо ’узараны кавалак зямлі, пазбаўлены лесу’. Сной (гл. Бязлай, 3, 149) звязвае з славен. ramica ’мыта з тавару, пасланага праз мяжу’ і рэканструюе прасл. *ormy, *orma ’мяжа’ (= поле або лес) < і.-е. *orH‑men‑, *órH‑mā, да якіх узыходзіць прасл. *oriti (гл. разарыць). Беларускі матэрыял узяты з “другіх рук” (гл. Яшкін, Слоўнік, 573) і на фоне пераважна паўночнарускага ўжывання слова падаецца маланадзейным.

Раме́нь ’паласа вырабленай скуры’, ’скураны пояс, папруга’, рэ́мень ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ра́мень ’тс’ (ПСл), раму́шак ’папружка’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), рэмушо́к ’тс’ (ТС), рэме́нь ’тс’ (ТС), рамі́нык ’тс’ (Сл. Брэс.), раме́нны, рамя́ны ’зроблены з рэменя, скураны’ (ТСБМ, Бяльк.; астрав., Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. ремі́нь, ре́мінь, ст.-рус. ремык, рус. реме́нь ’тс’, польск. rzemień/rzemyk ’тс’, чэш. řernen ’рамень’, славац. remeň, в.-луж., н.-луж. rjemjeń, серб. ре̏мен, харв. rȅmēn, славен. jérmen, rȇmen, балг. ре́мък, ре́мен ’тс’, ст.-слав. ремень. Прасл. *remy, Р. скл. *remene. Далейшае паходжанне цьмянае. Мяркуецца, што першаснае значэнне ’папруга да ярма’ узыходзіць да і.-е. *or(ə)men‑ (гл. ярмо, яром). Малаверагодна запазычанне з ням. Riemen ’рэмень’ (Брукнер, 475). Шустар-Шэўц (2, 1226) лічыць іх роднаснымі. Лявіцкі (2, 89) вызначае германскую лексічную базу *rium‑ з семантыкай ’звязваць’ < і.-е. reum ’тс’, ст.-в.-ням. riomo ’скураная павязка, пояс, рэмень’. Гл. таксама Фасмер, 3, 468; Махэк₂, 530; Сной₂, 240; Глухак, 524.

*Рамеслівы, рэме́слівы ’зласлівы, непрыхільны, злапамятлівы’ (ТС). Няясна; хутчэй за ўсё да рэмстваваць ’злоснічаць, абгаворваць, ганіць’ (гл.).

Раме́снік ’саматужнік’ (ТСБМ, Нас.), рамясні́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), ramiéśnik ’чалавек, што мае нейкі талент у руках’ (Варл.). Параўн. ст.-польск. rzemięślnik ’тс’, дзе насавы лічыцца гіперправільным (Фасмер, 3, 469). Імаверна, першасная форма *remes‑/*remest‑/*remęs‑, параўн. ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат. remesis ’цясляр’, што дало вытворныя рамеснік і рамяство (гл.). Меркаванне Аткупшчыкова (Лекс. балтызмы, 31–35) пра балтыйскую аснову, параўн. ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, лат. remesis ’цясляр’, паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 147), недастаткова аргументаванае. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237) — паланізм (< польск. rzemieślnik), які выцясніў з XIII ст. вядомы яшчэ з часоў “Рускай Праўды” царкоўнаславянізм ремьствьник/ремественик ’рамеснік’.

Раме́ха (рэме́ха) ’грубае самаробнае палатно, зрэб’е’ (ТС). Разам з рус. рему́ха ’старое парванае адзенне’ звязваецца з рэ́мень (гл.), параўн. рамушо́к, раму́шак ’папружка, раменьчык’, і ўзыходзіць да ’вузкая палоска матэрыі; абтрапаны край матэрыі’, гл. рамузі́ніна, ра́мец.

Ра́мец ’неахайны, брудны чалавек’ (свісл., Сл. рэг. лекс.). Відаць, звязана з раму́лле (гл.), укр. рамʼя́ ’лахманы, рыззё’, рус. ремьё ’тс’, якія Бадуэн дэ Куртэнэ (Даль₃, 1677) збліжаў з реме́нь, гл. раме́нь/рэ́мень (Фасмер, 3, 469). Куркіна (Этимология–1997–1999, 85) рэканструюе значэнне ’вузкая палоска’, што да зыходнага ’рваць, драць’. Тады асноўнае значэнне — ’абарванец’.