Раме́снік ’саматужнік’ (ТСБМ, Нас.), рамясні́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), ramiéśnik ’чалавек, што мае нейкі талент у руках’ (Варл.). Параўн. ст.-польск. rzemięślnik ’тс’, дзе насавы лічыцца гіперправільным (Фасмер, 3, 469). Імаверна, першасная форма *remes‑/*remest‑/*remęs‑, параўн. ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат. remesis ’цясляр’, што дало вытворныя рамеснік і рамяство (гл.). Меркаванне Аткупшчыкова (Лекс. балтызмы, 31–35) пра балтыйскую аснову, параўн. ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, лат. remesis ’цясляр’, паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 147), недастаткова аргументаванае. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237) — паланізм (< польск. rzemieślnik), які выцясніў з XIII ст. вядомы яшчэ з часоў “Рускай Праўды” царкоўнаславянізм ремьствьник/ремественик ’рамеснік’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)