Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пухле́ц ’попельна-шэрая глеба; пясчаная ці падзолістая глеба з неперагніўшымі часткамі расліннасці’ (Хрэст. дыял.; полац., Нар. лекс.). Ад пухлы ’рыхлы, порысты’.

Пухле́ць (пухліць) ’пухнуць’ (Нас.). Ад пухлы, г. зн. ’рабіцца пухлым’, параўн. сталысталець і пад.

Пухлі́на ’напухлае месца; гуз’ (ТСБМ, Шат.; міёр., Нар. словатв.; глыб., воран., шчуч., докш., Сл. ПЗБ; ЛА, 3). Адносна новае ўтварэнне, магчыма, запазычана з польск. puchlina ’тс’ (з XVIII ст., ад puchły ’ўздуты’, Банькоўскі, 2, 963), параўн. іншыя народныя назвы: пу́хла, пухля́ціна, во́пух (ЛА, 3).

Пухло́1 ’дрыгва, багністае месца’ (ТС). Відаць, ад пухаць ’брадзіць; пускаць бурбалкі, пузырыцца’, параўн. палес. уздыхавіна ’дрыгва’.

Пухло́2 ’пухір у рыбы’ (бяроз., ЛА, 1). Да пу́хаць ’пыхкаць, пшыкаць; лопацца’, аднак не выключана сувязь з пусты, параўн. пу́сла ’паветраны пузыр у рыбы’ (гл.) і славен. puhel ’пусты, парожні’.

Пу́хлы ’поўны, тоўсты, мяккі’ (ТСБМ), ’апухлы’ (ТС), ’пульхны, пышны (пра хлеб)’ (брасл., дзятл., Сл. ПЗБ), ’пухкі’: падушка пухлая, пухлы снег (брасл., в.-дзв., там жа), укр. пу́хлий ’поўны, апухлы’, рус. пу́хлый ’тоўсты, поўны, раздуты’, ст.-чэш. pouchlý ’бясплодны; пусты’, харв. чак. pûhal ’пусты, уздуты, раздуты’, славен. púhel ’тс’, ст.-слав. пухлъ ’пусты’. Прасл. *puxlъ ’надуты’, прыметнік ад *puxati sę ’надувацца’ (гл. пухаць), параўн. Сной, 514; Фурлан–Бязлай, 3, 135. Чарных (2, 85) лічыць усх.-слав. словы новаўтварэннямі на аснове *puxnǫti (гл. пухнуць).

Пухля́к (puchläk) ’тоўсты, пухлы чалавек’ (Варл.), ’той, хто мае наліты ад нездароўя твар’ (Нас.), ’азызлы чалавек’ (ТС, ельск., рэч., Мат. Гом.), ’падасінавік’ (дзятл., Сцяшк. Сл.), ’падбярозавік’ (шчуч., Нар. лекс.). Да пухлы ’надуты’, што характарызуе знешні выгляд асобы або прадмета.

Пухна́ч ’тоўсты, пульхны чалавек’, ’мякіннік, хто харчуецца пушным хлебам’ (Нас.), пухнацік ’пра поўнага, пухлага, пушыстага’ (слонім., Роднае слова, 2001, 5, 89). Да пухнуць ’таўсцець, надувацца’, магчыма, ад пу́хны ’пышны’ (гл.).

Пухнец́ь ’пышэць, раз’ядацца’ (слонім., Роднае слова, 2001, 5, 89). Ад пу́хны ’пышны’ (гл.) па тыпу цёмны > цямнець і пад.

Пухно́ ’пушны хлеб’ (Нас.). Ад пу́хны ’пышны’, гл. таксама пушно ’мякіна, хлеб з мякінай’.

Пу́хнуць1 ’распухаць, разбухаць’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), ’апухаць’: пухнуць людзі ад голаду (Сержп.), по́хнуць ’тс’: шчыка похніць (дрыс., Хрэст. дыял.); параўн. укр. пу́хнути, рус. пу́хнуть, польск. puchnąć, чэш. puchnouti, в.-луж. puchnyć ’пыхнуць, дунуць’, н.-луж. puchnuś se ’ўздуцца’, славен. púhniti ’дунуць; ударыць, піхнуць’, серб.-харв. пу́хнути ’дунуць; сапсаваць паветра’, балг. пу́хна ’пыхнуць; узбіць, выбіць’, макед. пувне ’глуха стукнуць’. Прасл. *puxnǫti суадноснае з *puxati (гл. пу́хаць, параўн. цягаць/цягнуць і пад.); значэнне уздымацца, разбухаць’ характэрна для паўночнаславянскіх моў, грунтуецца на семантыцы ’брадзіць’ (“o skutkach fermentacji, gnicia, rozkładu” гл. Банькоўскі, 2, 963), а форма незак. тр. на ‑nǫ‑ другасная да *puxъti, гл. пухці, і ў паўднёваславянскіх мовах у дзеясловах зак. тр. са значэннем аднакратнага дзеяння пераважала зыходная семантыка імітацыі раптоўнасці руху, выбуху (гл. пух1), параўн. Фурлан–Бязлай (3, 135), дзе зроблена спроба звязаць паўднёваславянскія формы з *pьchati (гл. піхаць, пхнуць). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1994–1996, 204.

Пу́хнуць2 ’многа спаць, дрыхнуць’ (ТС; ушац., Нар. лекс.; уздз., Жд. 3; светлаг., Мат. Гом.), ’спаць без просыпу’ (Ян.), параўн. польск. арг. puchnąć ’заспаць’. Метафарычнае ўтварэнне на базе пухнуць1; зыходнае значэнне ’брадзіць, гнісці, раскладацца’, параўн. тыпалагічную паралель: серб. дыял. ква̏сити ’ляжаць доўга ў ложку, гультайнічаць’ і ’кіснуць’.