Про́дак ’папярэднік у сям’і, родзе, племені’ (ТСБМ, Нас.). Паводле Вярхова (З жыцця, 67), да другой паловы XVI ст. ужывалася ст.-бел. предокъ, пасля — продокъ. З польск. przodek ’тс’ < przed ’перад’ (Карскі, 1, 178; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63). Гл. таксама Брукнер, 442; там жа і аб пераходзе е > о. Параўн. прэдок (гл.) і рус. предок < ц.-слав. прѣдокъ < прѣдъ (Праабражэнскі, 2, 40; Фасмер, 3, 357).
Про́дзіў ’цуда з цудаў’ (Нас.): нейкий продзіў тут случыўся. З польск. przedziw(y) ’тс’, якое, магчыма, ад прым. przedziwny ’дзіўны; вычварны’, дзе prze‑ — прыстаўка са значэннем найвышэйшай ступені; dziwny, гл. дзіва. Гл. таксама прыдзіў.
Про́дух, про́духа ’прадушына’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’адтуліна’ (Сл. Брэс.). Гл. прадуха.
Про́жар, про́жыр ’зяўра, глотка’, ’пражэрлівы, прагны да яды чалавек’ (ТСБМ, Сцяшк., Мік.; шчуч., Сл. ПЗБ, ТС), ’здабыча драпежнай рыбы’ (паўн.-усх., КЭС). Гл. пражора.
Про́за ’невершаваная мова’, ’будзённасць’ (ТСБМ). Замацавалася, таксама як і празаік, у пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 251). З рус. про́за (Крукоўскі, Уплыў, 85), што, у сваю чаргу, з ням., італ. prosa ’невершаваная мова’, штучны тэрмін на базе першаснага лац. ōrātiō ’простая гаворка’, pro(r)sa < prōrsus ’галавой наперад (ляжаць, бегчы)’ (Банькоўскі, 2, 797; Сной₂, 588).
Про́зарна ’ясна’ (Касп.), прозо́рно ’празрыста’ (ТС), празо́рная (труба) ’падзорная’ (Мат. Гом.). Да зорыць, зрок.
Про́іск ’пошук’ (поѣхавъ въ проискъ бѣглыхъ людзей) (Нас.). Да іскаць (гл.).
Про́йгра ’апладненне пчалінай маткі’ (Сцяшк. Сл.), про́jигра ’тс’ (Анох.), про́игра ’вясенні вылет пчол’ (Манаенкава, Словарь). Рус. про́игра ’вылет і таўкатня пчол каля вулля, каб прасушыцца і ачысціцца перад зімоўкай’. Да ігра, іграць (гл.); што да семантыкі слова, то параўн. такія значэнні дзеяслова іграць, як ’спарвацца (аб птушках)’, ’аб злучцы жывёлы’ і да т. п.
Про́йда ’прайдоха, пралаза’ (Нас.). Утварэнне ад асновы цяп. часу дзеяслова прайсці (гл. ісці) — прайду, якая адрозніваецца ад інфінітыўнай асновы старой суфіксацыяй (гл. Варбат, Слав. языкозн., IX, 70).
Про́йма 1 ’адтуліна, праход’, ’выраз у адзежы для рукі, рукава’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; Сл. Брэс.). Рус. про́йма ’тс’. Да праймаць, параўн. праём.
Про́йма 2 ’скразняк, скразны вецер’ (Гарэц., Др.-Падб., ТСБМ, Нас.), ’расслабленне’ (Др.-Падб.). Этымалагічна тое ж, што і пройма 1.