Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

По́круць ’помесь паляўнічага сабакі з дварняком’ (Жыв. НС), по́круч ’дзіця ад бацькоў розных нацыянальнасцей’ (Нікан.). Укр. по́круч ’помесь’, польск. pokurcz ’помесь’. Да по- і круціць (гл.).

Покрык ст.-бел. ’назва травяністай расліны з шырокімі лістамі і тоўстым коранем, Mandragora officinarum’. Параўн. у Бярынды: “Мандрагора: Покрык”. Паводле “Хронікі” Бельскага (пач. XVII ст.), “Зовут покриком, ѡ котором мног люде​ѕ поведают, же то ест ѩки​ѕсь корен маючи зγполное выражене человека, и коли его выкопают кричит” (гл. Крамко, БЛ, 41, 85). Да крык, крычаць (гл.). У часы Сярэднявечча лічылася цудадзейнай раслінай. Параўн. таксама польск. pokrzyk ’воўчыя ягады, красаўка, Atropa belladonna’, паводле Банькоўскага (2, 684), няяснага паходжання. З польскай укр. покшик ’тс’ (ЕСУМ, 4, 485).

По́куць ’кут у хаце, дзе віселі абразы і стаяў стол’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’галоўны кут у хаце’ (Сцяшк. Сл.), ’ганаровае месца ў куце пад абразамі’ (Нас.), по́кут, по́куць ’тс’ (Бяльк.), по́куць, по́куцье ’тс’ (ТС). Укр. по́куть, по́куття ’тс’, рус. покуть ’тс’. Этнаграфічныя адпаведнікі ёсць у ст.-швед. drotsäte ’ганаровае месца’ < швед. дыял. dröste ’лаўка ля сцяны насупраць уваходных дзвярэй; ганаровае месца’; літ. krikštãsuolė ’ганаровае месца, дзе дзве лавы сыходзяцца за сталом, утвараючы кут’, таксама krikštãsuolis ’тс’, рус. красный угол ’тс’ (Непакупны, Общ. лекс., 56–57). Ад по- і кут (гл.), да семантыкі гл. кут ’пачэснае месца ў хаце’ (Шат.), першапачаткова, відаць, ’найбольш абароненае месца’, як бачна з пакутаць ’загарадзіць’, гл. кутаць.

По́куцянь ’дамасед’, ’спекулянт’ (Жыв. НС). Ад по- і кут (гл.) з суф. ‑янь/‑ень з экспрэсіяй непахвальнасці’ (Сцяцко, Афікс. наз. 241) пра чалавека, які сядзіць або хаваецца па кутах. Значэнне ’спекулянт’, магчыма, ад польск. pokątny ’патаемны; нелегальны’.