Лі́тнік ’адтуліна для падводу расплаўленага металу ў форму’ (ТСБМ). З рус. ли́тник ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72).
Літоўка 1 ’від касы’ (лід., Сцяшк.), зах.- і паўн.-рус. литовка ’розныя віды кос’. Названа (першапачаткова) паводле месца выпуску. Да літва́ (гл.). Іншыя матывацыі гл. Непакупны, Связи, 155–157. Параўн. таксама Слаўскі, 4, 300–301.
Літоўка 2 ’доўгая сцірта сена’ (гродз., Сцяшк.). Рус. цвяр., наўг. литви́н ’сцірта аўса’, ’доўгая сцірта аўса’. Да літва́ (гл.). Аналагічна палес. ляшок ’укладка з 10 снапоў’ — лях ’паляк’ (паводле этноніма).
Літоўка 3 ’літаванне, пайка’ (Нас.). Да літава́ць (гл.). Насовіч (269) памылкова адносіць да літ. laitus ’клей’.
Літоўчык ’від сякеры’ (брасл., паст., Сл. ПЗБ). Да літоўка 1 (гл.).
Літр ’аб’ём і ёмістасць у 1000 см³’ (ТСБМ), літар (Сцяшк.), літра ’тс’ (Янк. 2, Бір., Мат. Гом.; пух. Сл. ПЗБ), ст.-бел. литра ’фунт’ (Зб. Крапіве, 293), ’12 маткоў прадзенага золата, шоўку’, ст.-рус. литра ’тс’. Лексема літр паходзіць з франц. litre ’1 літр’ < litron ’мера аб’ёму’ < с.-лац. litra ’мера вадкасці’ (Слаўскі, 4, 306). Літра ўзыходзіць да ст.-рус. литра, якое са ст.-слав. литра < ст.-грэч. λίτρα < іт. liþra, ідэнтычнае да лац. libra ’вага’, ’фунт’ (Фасмер, 2, 503).
Лі́трына ’аглабіна ў драбіне воза’ (малар., Нар. словатв.). Праз польск. letra, letry ’розныя часткі воза’ з ням. Leiter, с.-в.-ням. leitere, lātere, ст.-в.-ням. leitara ’драбіна’ (Слаўскі, 4, 181–182).
Літургі́я ’галоўнае хрысціянскае набажэнства з прычасцем; абедня’ (ТСБМ), ст.-рус. литургиꙗ, литоргиꙗ < ст.-слав. литоургиꙗ < ст.-грэч. λειτουργία ’грамадская служба, павіннасць, звязаная з грашовымі выдаткамі’, пазней у Новым запавеце ’служба, служэнне наогул’ > ’набажэнства’ (Фасмер, 2, 503; Слаўскі, 4, 307; Вясноў, Бел. лекс., 35; Пацлава, Paleoslovenica, 120).
Лі́тусь, лі́тюсь ’у мінулым годзе’ (кам., драг., Сл. ПЗБ). Да ле́тась (гл.).
Літэрка ’колца ў калаўроце, пры дапамозе якога замацоўваецца шпулька на рагатцы’ (віл., Сл. ПЗБ; міёр., рас., Шатал.). Відазмененае польск. muterka ’гайка’. Гл. таксама ліцерка, мітэрка.