Лі́ра ’даўнейшы народны беларускі струнны музычны інструмент з клавішамі і корбай’ (ТСБМ, Маш., Яруш.), ле́ра, ле́рэя ’тс’ (ТС, Сцяшк., Бяльк.), рэля (БелСЭ, 6). Паводле Слаўскага (4, 276), запазычана з польск. мовы, у якой lira паходзіць з лац. lyra < ст.-грэч. λύρα ’ліра, лютня’. Формы ле́ра, ле́рэя, відавочна, звязаны з ням. Leier; яны маглі ўзнікнуць на польскай тэрыторыі (параўн. польск. lejer), а пасля ўступіць у кантамінацыю з ліра. Сюды ж лірнік ’вандроўны беларускі музыка-пясняр, які акампаніруе сабе на ліры’ (ТСБМ), ’цымбаліст’ (Яруш., Інстр. I), лірніцкія (песні) ’жабрацкія’ (светлаг., Мат. Гом.).
Ліру́тны ’падобны’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). З вяру́тны (гл.). Аб пераходзе в > л гл. Карскі 1, 340–341.
Лі́рыка ’адзін з родаў мастацкай літаратуры’, ’сукупнасць лірычных твораў’, ’чуллівасць, перажыванні, настрой’ (ТСБМ). Як і польск. liryka (XIX ст.), паходзіць з франц. (poésie) lyrique, ням. Lyrik ’лірыка’ < лац. lyrica ’ода, лірычная песня’ < ст.-грэч. λυρικός ’лірычны паэт’ < λύρα ’ліра, сяміструнны інструмент’. Крукоўскі (Уплыў, 85) мяркуе, што бел. лірыка паходзіць з рус. мовы.