Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зе́нка ’зрэнка’ (Бяльк.), зе́нкі ’зрэнкі’ (Касп.), ’вочы’ (Жд. 2), зелкі (?) ’вочы’ (Яўс.). Рус. дыял. зе́нки, зе́ньки ’зрэнкі’, укр. зі́ньки. З суфіксам ‑к‑a ўтворана ад незахаванага ст.-рус. *зѣна (адкуль і зяніца, гл.), што адлюстроўвае прасл. zěna, якое ўтворана з суфіксам ‑n‑ ад кораня zě‑, звязанага з ззяць, зяваць (гл.). Фасмер, 2, 94; Шанскі, 2, З, 89; (Саднік-Айцэтмюлер, 336; Скок, 3, 656; БЕР, 1, 635; Махэк₂, 714; Копечны, Slavia, 29 (1960), 187). Гл. зрэнка.

Зер ’зрок’, ’лямпачка-капцілка’, зе́ра ’агонь, святло’ (Бяльк.). Рус. смал. зер ’агонь на наеў лодкі пры начной лоўлі рыбы’, зёр ’прасвет у лесе’. Адлюстроўвае корань *zьr‑ (гл. зрок, зрэнкі) са знач. ’тое, што відна’.

Зе́рбы ’вісячыя наросты пад шыяй у кабана’ (КСТ). Відаць, метатэза з зебры (гл. жабры, зебрыкі).

Зе́рка ’ядро арэха’, ’семя садавіны’. Ад асновы зерне: *зернко з выпадзеннем ‑н‑.

Зеркі ’вочы’, ’іскры’, ’зоркі’ (Нас.). Відаць, утворана ад *zьr‑ з суф. ‑ък‑; корань, прадстаўлены ў зрэнкі, зрок, мае значэнне ’глядзець’.

Зе́рне ’семя; крупінка’. Рус. зерно́, укр. зерно́, зе́рня́, польск. ziarno, н.-луж. zerno ’зерне’, ’збожжа’, в.-луж. zorno, палаб. źornü ’зерне’, чэш., славац. zrno ’зерне’, ’збожжа’, чэш. zrní, славац. zrnie зборн. ’зерне’, славен. zrnọ, zrne, zrnje зборн. ’зерне’, ’зерне (асобнае)’, серб.-харв. зр̏но, зборн. зрње, балг. зъ̀рно, макед. зрно ’зерне (асобнае)’. Ст.-слав. зръно ’зерне’. Ст.-рус. зерно (XI ст.). Форма зерне першапачаткова была зборнай на ‑ьje ад zьrn‑o: zьrn‑ьje ці памянш. формай на ‑ęt‑: zьrn‑ę (параўн. другасныя памянш. зе́рнетка і зярня́тка). Аснова zьrn‑ роднасная літ. žìrnis ’гарошына’, лат. zir̂ns, ст.-прус. syrne, ням. Korn, лац. grānum ’зерне’. Фасмер, 2, 95–96, Шанскі, 2, З, 90; Махэк₂, 719; Скок, 3, 662–663. Zьrn‑ ўтворана з суфіксам ‑n‑ ад і.-е. кораня *gʼṛ‑ (гл. Покарны, 1, 390–391, дзе, аднак, слав. форм з ‑n‑ няма), які прадстаўлены ў рус. зреть ’спець’ (гл. зары́ць). Траўтман, 372, Фартунатаў, AfslPh, 4, 587; Мейе, Études, 447.

Зеў ’адтуліна (з рота ў глотку)’. Рус. зев ’тс’, уст. ’рот’, укр. зів ’тс’, дыял. ’рот’, ’зябры’, ’кут паміж ніткамі’, польск. уст. ziew ’зеў, пазяханне’, ’кут паміж ніткамі ў ткацкім станку’; чэш. zev, zeva ’адтуліна’, славен. zę̀v, zę̑v ’зеў’, серб.-харв. зе̑в, зи̏јев ’адкрытыя вусны, адтуліна, позех’, балг., макед. зев ’адтуліна’. Параўн. зе́ва, зяво́, зявэ́, зя́вы ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’, зе́вы, зя́вы, зявэ́ ’рот, пашча’ (Сл. паўн.-зах.), зяву́ ’прамежак паміж ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (брагін., Нар. сл.), зі́вы ’тс’ (пін., Нар. лекс.), зева, зява ’тс’ (Мат. Гом.). Прасл. zěvъ ’адтуліна’ ўтворана ад дзеяслова zě‑va‑ti (гл. зяваць) бязафіксным спосабам. Роднасныя словы ззяць1, зяхаць. Фасмер, 2, 91; Скок, 3, 656. Паводле Шанскага (2, З, 83), зеў ад кораня *zě‑ з суфіксам ‑vъ (як рус. сев, гнев), а зевать ад зев.

Зе́ўра ’прорва, адтуліна’, зяўры ’губы’ (лаг., Сл. паўн.-зах.). З суфіксам ‑р‑, які выступае ў назвах частак цела (рабро, дыял. бядро), ад зеў (< зяваць). Гл. зяўна́.

Зефі́р ’лёгкі ветрык’, ’гатунак тканіны’, ’гатунак цукеркі’. Рус. зефи́р, укр. зефі́р ’тс’. Ст.-рус. зефиръ ’вецер’ (з XII ст.) з грэч. ζέφυρος ’заходні вецер’. Націск у рус. з франц. zephir (< лац. zephyrus < грэч.) з канца XVIII — пачатку XIX ст. (Булахоўскі, РЯШ, 1954, 4, 12; Шанскі, 2, З, 91). Такі ж націск у першай бел. фіксацыі ў «Энеідзе навыварат»: зяхві́р (Шакун, Труды яз., 109). Фасмер, 2, 96; Гіст. лекс., 126; Блок–Вартбург, 673. Значэнне ’лёгкая тканіна’ (< ’адзенне’), верагодна, з зах.-еўрап. моў у XIX ст. у рус. > бел. Відаць, не раней і назва цукеркі. Абодва пераносы паводле лёгкасці.

Зе́ціць, зітаць ’прасіць’ (арг., Фасмер, Этюды). Рус. арг. зетить ’гаварыць, прасіць’, укр. арг. зітати, зэтать ’прасіць’, польск. арг. zitać ’гаварыць’. З грэч. ζητῶ ’прашу’. Бандалетаў, Этимология, 1980, 71; Фасмер, Этюды. З, 63. Параўн. яшчэ рус. зе́тить ’падглядваць, глядзець’, якое Шанскі (2, З, 89) звязвае з зеница, зиять.