Збо́жжа ’хлебныя расліны, зерне’. Рус. зах., паўд., бранск. сбожье, збожье ’тс’, укр. збіжжя ’тс’, ’маёмасць’, польск. zboże ’збожжа’, в.-луж. zbožo, н.-луж. zbóžo ’шчасце, дабрабыт’, чэш. zboží ’тавар, маёмасць’, дыял. ’збожжа’, славац. zbožie ’збожжа’. Ст.-бел. збоже (Александрыя). Ст.-укр. збожє (XV ст.). Паўн.-слав. sъbožьje параўноўваюць са ст.-інд. subhágas ’які прыносіць шчасце’, авест. hubaɣa ’шчаслівы’. Фасмер, 2, 84–85. Брукнер (647) лічыць, што ўкр. < польск., паколькі толькі ў польск. (з зах.-слав.) значэнне агульнага багацця перайшло на с.-г. тавары. Улічваючы, што ва ўкр. вядома значэнне ’маёмасць’, адно з агульных для іншых слав. моў, наўрад ці абавязкова ўкр., бел. і дыял. рус., запазычаныя з польск., тым больш што слова фіксуецца яшчэ ў XV ст., хаця, паводле Брукнера, земляробчае значэнне ў польск. з XVI ст. Таму прасл. дыял. sъbožьje, паводле Махэка₂ (712), адцягнены назоўнік ад прыметніка sъbogъ, што дакладна адпавядае прыведзеным паралелям са ст.-інд., авест. Гл. бог, убогі (як антонім). Пра ст.-бел. збоже гл. Шадурскі, дыс.
Збоіч ’планка для ўмацавання красён’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. збоїч ’тс’ (Грынч.) ’прылада для патаўшчэння палатна’. Аддзеяслоўны назоўнік з чаргаваннем галоснага ад збіць (sъ‑biti) ’паяднаць’; гл. біць, бой. Параўн. у Даля тлумачэнне: сбройник ’усякая прылада для шчыльнага збою, змацаванне чаго-н.’ «Варстат збіваецца збоічамі». Суф. ‑іч, як і ў некаторых іншых назвах прылад (Сцяц., Афікс. наз., 45). Параўн. збовіч ’навой; вал, па якому ідзе палатно пры тканні’ (Сл. паўн.-зах.), дзе няясна ‑в‑ і семантыка; магчыма, нейкая кантамінацыя.
Збратдзеці ’дваюрадныя стрыечныя браты, сёстры’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Зрашчэнне дакладна перадае значэнне (стрый — брат бацькі): дзеці братоў. З‑, відаць, указвае на паходжанне, брат можна тлумачыць як стары р. скл. мн. л. слова брат (’з братоў дзеці’).
Зброд ’бязладнае зборышча выпадковых людзей’ (ТСБМ), ’зборышча бадзяг’, ’свавольнік’ (Нас.). Рус. сброд ’тс’, укр. збрід ’зборышча бадзяг’. Sъbrodъ — аблаўтная форма назоўніка да дзеяслова bred‑ti (брасці, гл. брадзіць, брод). КЭСРЯ, 401. Збродзень ’свавольнік’ з суфіксам ‑ень да таго ж кораня; параўн. рус. сбродни ’бадзягі’, ст.-рус. XV ст. събродьнь ’бадзяга’ (Сразн.). Параўн. развіццё знач. у чэш. zbrodeň, zbrodně, польск. zbrodnia ’злачынства’, адкуль ст.-бел. (XVI ст.) збродня, збродзень і суч. дыял. збродня ’злачынства’ (Булыка, Запазыч., 118), Брукнер (648) тлумачыў zbrodnia як ’адход ад броду’, г. зн. ’дарогі’, што наўрад ці дакладна. Хутчэй тут пераход ад назвы сукупнасці бадзяг на ўчынак, які яны могуць зрабіць.
Зброй ’свавольнік’ (Нас.). Параўн. брой, бройка ’тс’ (Нас.); гл. броіць ’сваволіць’, адкуль з прэфіксам зброіць. Прасл. корань *broj‑ ітэратыў да briti (гл. брыць) ’рэзаць’. Магчыма, аднак, што ў зброй адлюстравалася уздзеянне (кантамінацыя) слоў з тым самым значэннем зброд (гл.) і збой (ст.-рус. XV ст. събои ’разбойнік’, укр. збій, польск. zbój ’разбойнік’, чэш., славац. zboj ’разбой’, бел. збойца ’разбойнік’ (Нас.), дзе корань бой, біць, гл.).
Збро́я ’прылада для нападу ці абароны’. Укр. зброя ’тс’. Польск. (з XIV ст.) zbroja ’панцыр, браня ў старых рыцараў і іх коней’, чэш., славац. zbroj ’абароннае адзенне’. Ст.-бел., ст.-укр. зброя (XVI ст.) ’зброя’, ’браня’ (Сінаніма славенарос.), збройныи (Александрыя). Параўн. в.-луж. zbroić, н.-луж. zbrojś ’прыводзіць у беспарадак, спусташаць’, рус. ніжнегар. сбройный ’сварлівы, свавольны’. Саднік-Айцэтмюлер (1, 416–417) суадносяць з broj‑ ’рэзаць’ (гл. броіць, брыць), дапускаючы ўздзеянне кораня bor‑ (гл. бароцца), адкуль польск. broń > бел. бронь (гл.). Гэта дапушчэнне больш прымальнае, калі лічыць польск. zbroja крыніцай бел., укр. слоў. Голуб-Копечны (77) не лічацца з такім уздзеяннем, выводзячы brojiti, zbrojti, zbroj з broj‑. Махэк₂ (68), наадварот, адносіць гэтыя словы да кораня bor‑ з метатэзай. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136) узводзяць зброя да і.-е. кораня *bhrei‑ ’востры, рэзаць’ і лічаць, што польск. zbroja запазычана з бел. ці ўкр. Апошняе малаверагодна, калі ўлічваць наяўнасць слова ў чэш., славац. і фіксацыю zbroja у польск. з XIV ст. Адваротная накіраванасць запазычання ці падыход да слова як прасл. дыялектызма, што адлюстроўваўся ў польск., укр., бел., чэш., славац., здаюцца больш адпаведнымі. У карысць польск. паходжання бел., укр. слоў адсутнасць фіксацыі ў ст.-рус. мове, дзе наогул ваенная лексіка прадстаўлена добра. Пра польск. zbroja падрабязна Астроўска, JP, 32, 112–117; ст.-бел. ужыванне слова апісвае Крыўчык, Труды яз., 34–35.
Збрусава́ць ’патаўсцець, зацвярдзець’, збруснець ’зацвярдзець’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. брусянець ’напухнуць’, брузнуць ’таўсцець’. Значэнне ’зацвярдзець’ — абазначэнне з’явы, што адбываецца побач з напуханнем, а ’патаўсцець’ — фактычна сінонім да ’напухаць’. Не выключаны пры фарміраванні значэння ’зацвярдзець’ народна-этымалагічныя асацыяцыі з брус (гл.). Гл. таксама Лучыц-Федарэц (Бел.-рус. ізал., 64).
Збру́я ’прыналежнасці для запрагання коней’. Рус. сбруя, укр. збруя ’тс’, ’прыстасаванне для промыслу і г д.’ Дыял. збруя ’пасаг’ (Жд. 2). З польск. zbroja, zbrój уст. ’ахоўнае пакрыццё для коней’ з далейшым развіццём значэння і кантамінацыяй формы. Фасмер, 3, 568; Праабражэнскі, 1, 244; КЭСРЯ, 401.
Збрэзь ’так поўна, што пераліваецца’ (Юрч. Фраз. 3). Рус. бранёй, збрэзь ’з верхам’. Няясна. Да кораняў бераг, берагчы? Параўн. польск. дыял. zbereź (< усх.-слав.?): zberezie wyprawiać ’даказваць’, «chowajcie mi go przy malej zberezie» (Карловіч), літ. išbrė́žti ’начарціць, правесці лінію’, užьrėžti ’намеціць’. Параўн. бранск. брэзко́тка ’невялікая конусападобная торбачка са званочкам для збору грошай у царкве’, адкуль брэзкальные деньги ’грошы, сабраныя такім чынам’ (Растаргуеў, Бранск.).
Збуза́ць ’перашкодзіць’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, звязана з бузаваць ’біць, лупцаваць’, буза ’скандал’ (гл.). Параўн. рус. дыял. избуздать, избузовать, ’пабіць, адлупцаваць’.