Зброд ’бязладнае зборышча выпадковых людзей’ (ТСБМ), ’зборышча бадзяг’, ’свавольнік’ (Нас.). Рус. сброд ’тс’, укр. збрід ’зборышча бадзяг’. Sъbrodъ — аблаўтная форма назоўніка да дзеяслова bred‑ti (брасці, гл. брадзіць, брод). КЭСРЯ, 401. Збродзень ’свавольнік’ з суфіксам ‑ень да таго ж кораня; параўн. рус. сбродни ’бадзягі’, ст.-рус. XV ст. събродьнь ’бадзяга’ (Сразн.). Параўн. развіццё знач. у чэш. zbrodeň, zbrodně, польск. zbrodnia ’злачынства’, адкуль ст.-бел. (XVI ст.) збродня, збродзень і суч. дыял. збродня ’злачынства’ (Булыка, Запазыч., 118), Брукнер (648) тлумачыў zbrodnia як ’адход ад броду’, г. зн. ’дарогі’, што наўрад ці дакладна. Хутчэй тут пераход ад назвы сукупнасці бадзяг на ўчынак, які яны могуць зрабіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)