Збро́я ’прылада для нападу ці абароны’. Укр. зброя ’тс’. Польск. (з XIV ст.) zbroja ’панцыр, браня ў старых рыцараў і іх коней’, чэш., славац. zbroj ’абароннае адзенне’. Ст.-бел., ст.-укр. зброя (XVI ст.) ’зброя’, ’браня’ (Сінаніма славенарос.), збройныи (Александрыя). Параўн. в.-луж. zbroić, н.-луж. zbrojś ’прыводзіць у беспарадак, спусташаць’, рус. ніжнегар. сбройный ’сварлівы, свавольны’. Саднік-Айцэтмюлер (1, 416–417) суадносяць з broj‑ ’рэзаць’ (гл. броіць, брыць), дапускаючы ўздзеянне кораня bor‑ (гл. бароцца), адкуль польск. broń > бел. бронь (гл.). Гэта дапушчэнне больш прымальнае, калі лічыць польск. zbroja крыніцай бел., укр. слоў. Голуб-Копечны (77) не лічацца з такім уздзеяннем, выводзячы brojiti, zbrojti, zbroj з broj‑. Махэк₂ (68), наадварот, адносіць гэтыя словы да кораня bor‑ з метатэзай. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136) узводзяць зброя да і.-е. кораня *bhrei‑ ’востры, рэзаць’ і лічаць, што польск. zbroja запазычана з бел. ці ўкр. Апошняе малаверагодна, калі ўлічваць наяўнасць слова ў чэш., славац. і фіксацыю zbroja у польск. з XIV ст. Адваротная накіраванасць запазычання ці падыход да слова як прасл. дыялектызма, што адлюстроўваўся ў польск., укр., бел., чэш., славац., здаюцца больш адпаведнымі. У карысць польск. паходжання бел., укр. слоў адсутнасць фіксацыі ў ст.-рус. мове, дзе наогул ваенная лексіка прадстаўлена добра. Пра польск. zbroja падрабязна Астроўска, JP, 32, 112–117; ст.-бел. ужыванне слова апісвае Крыўчык, Труды яз., 34–35.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)