Засло́н 1 ’атрад для аховы галоўнай часткі войска’. Рус. засло́н, укр. заслі́н, засло́н ’тс’, славен. zaslòn ’тое, што засланяе, заслона’, серб.-харв. за́слон ’тс’, балг. засло̀н ’сховішча’. Ст.-рус. заслонъ ’заслонка’ (XVI ст.). Сучаснае бел. заслон ’атрад’, відаць, з рус., дзе адбылася спецыялізацыя значэння слова, утворанага як бязафіксны назоўнік ад заслоняти ’закрываць, прыкрываць’. Шанскі, 2, З, 62. Гл. заслона.
Засло́н 2 ’лаўка’. Гл. аслон, услон.
Заслона ’тое, што прыкрывае, засланяе’. Рус. уст. дыял., укр. засло́на, польск. zasłona ’тс’, чэш. уст. záslona, сучаснае záclona ’заслона’, славац. zaclona, в.-луж. zasłona ’тс’, славен. zaslọ̑na ’заслонка’. Ст.-рус. заслона ’ахова’ (XVI ст.). Як і заслон 1 (гл.), утворана як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zasloniti < *za + sloniti. Гл. сланяцца, аслон.
Засмя́гнуць, засма́гнуць ’звянуць, высахнуць’. Рус., кур., смал. засмягнуть ’пакрыцца гноем, каростай’, ’высахнуць’, бранск. засма́гнуть ’высахнуць’, укр. засма́гнути ’загарэць (на сонцы)’, ’запякацца; пакрывацца налётам ад смагі (пра губы)’, чэш. zasmahnouti ’засмажыць да карычневага колеру’. Гл. смягнуць, смага.
Заста́ва ’месца ўезду ў мясцовасць і яго ахова’. Рус., укр. застава ’тс’, укр. яшчэ ’залог; харугва’, польск. zastawa ’заслон’, уст. ’залог’, ’сталовы прыбор’, ’плаціна’, серб.-луж. zastawa ’шчыт (у плаціне)’, в.-луж. яшчэ ’залог’, чэш. zástava ’залог’, кніжн. ’сцяг, харугва’, ’натуральная перашкода з дрэў, крыг і г. д.’, славац. zástava ’сцяг’, уст. ’залог’, славен. zastȃva ’сцяг’, ’залог’, ’укладка’, серб.-харв. за̑става, за̏става ’сцяг’, балг. заста̀ва ’застава’, ’хмара, што закрывае сонца’. Ст.-рус. застава ’атрада які ахоўвае войска на маршы ці на месцы’ (XII–XV стст.), ’пост пры ўездзе ў мясцовасць’ (XVI–XVII стст.). Утворана ў прасл. з тэмай ‑a ад дзеяслова zastaviti, прэфіксальнага вытворнага ад staviti (гл. ставіць) ’ставіць нешта на шляху, выстаўляць нешта’ з далейшай спецыялізацыяй значэння ва ўсх.-слав. мовах (> балг.). Шанскі, 2, З, 63, БЕР, 1, 611.
За́ступ ’рыдлёўка, жалязняк’. Рус., укр. за́ступ ’тс’. Польск. zastup ’тс’ (з рус.; Дарашэўскі, 10, 795), zastęp ’група людзей’, ’ахоўны вал’, серб.-луж. zastup ’уваход’, чэш., славац. zástup ’мноства, група людзей, наогул нейкіх элементаў’, славен. zastòp ’уваход’, ’прадстаўніцтва’, ’розум, сэнс’. Ст.-слав. застѫпъ ’дапамога, абарона; натоўп’. Ст.-рус. заступъ ’абарона’ (XII ст.), ’рыдлёўка’ (XVI ст.). Верагодна, што бел. і ўкр. заступ ’рыдлёўка’ з рус., дзе значэнне тлумачыцца тым, што пры працы з гэтым відам лапаты на яе наступаюць нагой. Таму бязафіксны наз. ад заступати (гл. ступаць). Шанскі, 2, З, 66–67; Праабражэнскі, 2, 408.
Засце́нак 1 ’месца жорсткіх катаванняў у Маскоўскай Русі’ (> ’месца катаванняў’). Рус. засте́нок ’тс’, дыял. ’перагародка’, ’месца каля дома’, польск. уст. zaścianek ’засек’, ’часовы карцэр, адгароджаны ў хаце’. Параўн. засценак 2, дзе іншыя слав. адпаведнікі. Бел. засце́нак 1 з рус., дзе адбывалася семантычная спецыялізацыя на базе ’месца за сценкай’, Шанскі, 2, З, 64.
Засценак 2 ’хутар дробнай шляхты, якая арэндавала землі, што не ўвайшлі ў сялянскія надзелы ў Рэчы Паспалітай пасля 1557 г.’ Рус. смал. засте́нок ’неакрэсленая мера плошчы’, ’палоска нівы’, валаг. смал. ’месца каля дома’, польск. zaścianek ’вёска, хутар, у якой жыве дробная шляхта’, чэш. zástěnek ’закутак, месца за сценкай, тэраса’. Ст.-рус. застѣнокъ ’частка царквы’ (XI ст.), ’месца паміж дзвюма сценамі ўмацаванага горада’ (XVII ст.). Значэнне засценак 2 указвае на польск. як крыніцу запазычання з далейшым падвядзеннем пад усх.-слав. мадэль (ě > e). Утворана, відаць, у зах.-слав. ад stěna (гл. сцяна) конфіксам *za‑ + ‑ъkъ (параўн. завулак, засенак, закамінак, застрэшак, Сцяцко, Афікс. наз., 237).
Засці́гнуць ’раптоўна захапіць, застаць’. Рус. застигнуть, укр. засти́гти, засти́гну, польск. zaścignąć, чэш. zastihnouti, славац. zastihnúť ’тс’, славен. zastígniti ’дацягнуць’, балг. застѝгна ’дагнаць, застаць’. Ст.-рус. застичи, застиг‑ ’знайсці, застаць’ (XVI ст.), ст.-бел. застичи ’тс’ (Скарына). Прасл. прэфіксальны дзеяслоў. Прасл. stignǫti звязана (з чаргаваннем галоснага) з сцёжка (гл.), узыходзіць да і.-е *steigh‑ ’ісці, падымацца’, літ. staigà ’знянацку’, лат. stiga ’след’, ням. steigen ’уздымацца’ і інш. Покарны, 1, 1017–1018; Фасмер, 3, 780.
За́сціць ’затуляць, засланяць’. Рус. за́стить, укр. за́стити, за́стувати ’тс’. Параўн. чэш. zastíniti, славац. zastíeniť. Ст.-рус. застѣнити ’загарадзіць’. Магчыма, ператварэнне застѣнити (Праабражэнскі, 1, 243; Фасмер, 2, 81); Развадоўскі (1, 243, Зб. Ягічу, 309) удакладніў: засціць < zastьniti; Шанскі (2, З, 65) як другаснае ад застень ’той хто залежыць’ < ’цень’. Аднак і zastěnь, stěnь ’цень’ не маюць дакладнай этымалогіі. Апрача літ-ры, указанай у Шанскага, Фасмера, гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 237–238), які звязвае гэта слова з *stьg‑ (гл. сцёжка), стѣна; Махэк₂, 578 (stín) з sěnь, těnь (гл. сенцы, цень); Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 299; Эндзелін, Darbu, III, 2, 332.