Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дубі́на. Гл. дуб1.

Дубі́ца ’човен, выдаўбаны ў выглядзе карыта’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. дыял. дуби́ца ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 91), да прасл. *dǫbica (< *dǫbъ ’дуб’), якое азначае розныя рэаліі (агляд матэрыялу ў Трубачова, там жа, але без бел. лексемы).

Дубі́ць. Гл. дуб.

Дублі́раваць ’дубліраваць’. Рус. дубли́ровать. Відавочна, запазычанне з рус. мовы (дзе слова ўзята з франц. doubler ’тс’). Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 202.

Дубро́ва ’дуброва’ (БРС, Бяльк.). У Яшкіна дубро́ва ’дубовы лес, гай’, ’лісцевы лес, мяшаны лес’, ’бярэзнік’, ’сасоннік, хваёвы лес’, ’трава, якая расце ў лесе або від кармавых траў’, ’балота’. Падрабязны агляд семантыкі слова гл. у Талстога, Геогр., 44–48; гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 93–94 (з вялікай літ-рай). Прасл. форма рэканструюецца як *dǫbrava, *dǫbrova (лексема вядома ва ўсіх слав. мовах). Звычайна слова звязваецца з *dǫbъ, але гл. удакладненні ў Трубачова (сувязь з *dǫbъ мае больш шырокую семантычную аснову). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 548.

Дубрэ́ць ’рабіцца цвёрдым’ (Касп.). Няясна. Магчыма, архаізм (з тэарэтычнага прыметніка *dǫbrъ ’дубовы’ > ’цвёрды’; параўн. прасл. *dǫbrъ у Трубачова, Эт. сл., 5, 95).

Дубэ́льтка ’дубальтоўка, двухствольная стрэльба’ (Сцяшк., Касп.). Відавочна, як і дубальто́ўка (гл.) ’тс’, запазычанне з польск. мовы. Параўн. кантэкст (пад паяды́нька, гл.): «У брата паядынька (< польск. pojedynka — Р. К.), а ў мʼмнʼе дубельтка на два ствалы» (Сцяшк.).

Дубэ́льты ’другія рамы’ (БРС, Сцяшк., Жд. 2). Запазычанне з польск. мовы (dubelt ’удвая’; аб паходжанні гл. пад ду́бальт).

Дуга́ ’дуга’, Рус. дуга́, укр. дуга́, польск. dęga, чэш. duha, серб.-харв. ду́га, ду̏га, ст.-слав. дѫга. Прасл. *dǫga; вытворнае ад дзеяслова *dęgti; параўн. *dęga, *dęgъ ’рэмень, пояс’ (славен. déga і г. д.). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 98–99, 24–26; Фасмер, 1, 549, 561. Гл. дзяга.

Дуда́ ’дуда, дудка’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.). *Duda, *dudъka вядома ва ўсіх слав. мовах (агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 146) і з’яўляецца старым утварэннем гукапераймальнага характару. Сюды адносяцца і дзеясловы *dudati, *dudeti (у тым ліку і бел. дудзець), *duditi (параўн. і бел. дудзіць), якія маюць прасл. характар (гл. у Трубачова, там жа, 147). Таксама прасл. словам можна лічыць і *dudarь (параўн. і бел. дуда́р). Магчыма, сюды адносіцца і бел. ду́ды ’жарты, падман’ (Нас.).