Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ву́гріў ’сонечная, захаваная ад ветру мясціна, дзе добра грэе сонца’ (З нар. сл.). Рус. угрева ’ўчастак зямлі, які лепш награваецца сонцам дзякуючы схілу ў паўднёвы бок’, укр. вигріви ’месца, дзе грэе сонца’, чэш. výhřev ’ціхае месца, дзе добра грэе сонца’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад уграваць (гл. грэць).

Ву́да 1 ’ляжка’ (КЭС, навагр.), вуды (экспр.) ’ногі’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 133, нясвіж., дзятл.). Ст.-бел. вуда, удъ ’частка цела’ (усе прыклады, за выключэннем аднаго, у евангельскіх тэкстах) (КГСБМ). Рус. уд ’тс’ (прыклады ў Даля таксама з евангельскіх тэкстаў), ст.-рус. оудъ ’член; кавалак’, оудо н. р., мн. л. оудеса ’тс’, ст.-слав. оудъ ’частка цела’, польск. ud, udo ’частка цела, галоўным чынам нага ад бядра да калена’, чэш., славац. úd ’частка цела’, балг. уд, серб.-харв. у̑д, славен. у́д ’тс’. Прасл. udъ. Задавальняючай этымалогіі слова няма. Мяркуецца, што гэта — утварэнне ад і.-е. *au‑ ’прэч’ і кораня *dh(ē)‑ ’што-небудзь аддзеленае’ (Голуб-Копечны, 400) або ўтварэнне з прыстаўкай u‑ ад старажытнага кораня ў ступені рэдукцыі ‑dъ < і.-е. *dh(ē)‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 236). Няпэўна Младэнаў (649), які звязваў уд з уз‑да, об‑уть. Якабсон (LJSLP, 1/2, 1959, 273) падтрымлівае старую этымалогію Гараева (385) аб тым, што уд нельга аддзяліць ад рус. у́дить ’спець, набракаць’ і ад вымя (< *ūd‑men). Іншыя этымалогіі і літ. гл. Фасмер, 4, 148. У сучасных беларускіх гаворках вуда, калі меркаваць па адсутнасці жывых прыкладаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі, а таксама па тэрыторыі распаўсюджвання і значэння слова, з’яўляецца, відавочна, запазычаннем з польск. udo ’частка нагі ад бядра да калена’.

Ву́да 2 (БРС, Нас., Шат., Бяльк.), вуда́ (Гарэц., Касп.), ву́дка (Крыв.). Рус. уда́, у́дочка, укр. ву́дка, ст.-рус. оуда, ц.-слав. ѫда, ѫдица, балг. въдица (Младэнаў, 94), серб.-харв. у̏дица, славен. ȯdica, чэш. udice, польск. węda, wędka, в.-луж. wuda, н.-луж. h́uda. Найчасцей тлумачаць з прыстаўкі *an‑ або *on‑ і і.-е. кораня dhē‑, гэта значыць ’тое, што прыкладзена’. Роднаснымі лічаць лат. uodne ’планка, на якой стаіць санны кузаў’, ẽndas ’частка сялянскіх саней’; параўн. таксама літ. iñdas ’сасуд’, славен. nâda ’падстаўка’. Гл. Траўтман, 48; Махэк₂, 666; Фасмер, 4, 148. Менш верагоднай з’яўляецца версія Мейе, Études, 320, які лічыць зыходным *onkda і параўноўвае яго са ст.-інд. aṅkáḥ ’гак’, грэч. ὄγκος ’тс’, лат. uncus ’сагнуты’. Іншую літ-ру гл. у Фасмера (там жа).

Вуда́к ’рыбак, які ловіць рыбу вудай’ (Янк. III). Да вуда пры дапамозе суф. ‑ак па аналогіі з рыбак.

Ву́даль ’злая натура’ (Нас.); ’зух, зухаватасць’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Юрч.). Запазычанне з рус. у́даль ’зухаватасць’, на што ўказвае геаграфія слова.

Вудаўё ’вудзільна’ (Др.-Падб., Касп., З нар. сл.). Ад вуда пры дапамозе суф. ‑аўё (ов‑ьje), дзе ‑ов‑, відавочна, першапачаткова меў значэнне прыналежнасці (Карскі 2–3, 24). У словаўтваральных адносінах параўн. таксама дыял. грабаўё ’грабільна’ і касаўё ’касільна’.

Вудзе́рак ’поле на месцы ўзаранага дзірвану, цаліна’ (Яшк.). Гл. выдзірак.

Вудзі́ла ’вудзільна’ (Бір. Дзярж.). Да вудзіць 3 пры дапамозе запазычанага з польск. суф. ‑дло (Гіст. мовы, 1, 129).

Ву́дзіць 1 ’смярдзець, смуродзіць, псаваць паветра’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 132, зэльв.). Ц.-слав. ѫдити ’вэндзіць’, укр. вудити ’тс’, польск. wędzić, чэш. uditi, славац. údiť, славен. (v)oditi ’тс’. Параўн. таксама чэш. дыял. oudno ’душна, млосна’. Другая ступень чаргавання ў рус. вянуть, бел. вянуць і г. д. Роднаснае ст.-в.-ням. swintan, с.-в.-ням. swinden, н.-в.-ням. schwinden, ст.-в.-ням. swedan ’паліць павольна і з вялікім дымам’ (Фасмер, 1, 375; Брукнер, 608 і наст.; Махэк₂, 666; Рудніцкі, 1, 493). Змяненне значэння, відавочна, адбылося ў сувязі з запазычаннем польск. wędzić ’вэндзіць’ і адцясненнем вудзіць на перыферыю.

Ву́дзіць 2 ’красці’ (Жд., 2) Рус. смал. вуднуць ’секануць, украсці’ (Дабр.), ву́дзіць ’біць’ (Раст.). Няясна. Магчыма, роднаснае чэш. uditi ’дзяліць, расчляняць’, серб. у́дити ’расчляняць, рэзаць на кавалкі, рассякаць’ і далей да уд (гл.) (Брукнер, 592).

Ву́дзі́ць 3 (БРС, Нас., КТС, Бяльк.). Да вуда (гл.).

Вудо́ба ’месца, дзе побач з населеным пунктам знаходзіцца поле, лес, луг, папас і рэчка’ (Яшк., слаўг., рэч.). Рус. дыял. удобье ’ўгоддзі’. Ст.-рус., ст.-слав. оудобь ’лёгкі, магчымы’. Ад у і доба (гл.) (Фасмер, 4, 149). Параўн. неўдобіца, неудобка (Выгонная, Лекс. Палесся, 40 і наст.).

Вудо́тка ’маленькая рыба, дробязь, аўдотка’ (Бяльк.). Гл. аўдотка.