Ву́да 1 ’ляжка’ (КЭС, навагр.), вуды (экспр.) ’ногі’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 133, нясвіж., дзятл.). Ст.-бел. вуда, удъ ’частка цела’ (усе прыклады, за выключэннем аднаго, у евангельскіх тэкстах) (КГСБМ). Рус. уд ’тс’ (прыклады ў Даля таксама з евангельскіх тэкстаў), ст.-рус. оудъ ’член; кавалак’, оудо н. р., мн. л. оудеса ’тс’, ст.-слав. оудъ ’частка цела’, польск. ud, udo ’частка цела, галоўным чынам нага ад бядра да калена’, чэш., славац. úd ’частка цела’, балг. уд, серб.-харв. у̑д, славен. у́д ’тс’. Прасл. udъ. Задавальняючай этымалогіі слова няма. Мяркуецца, што гэта — утварэнне ад і.-е. *au‑ ’прэч’ і кораня *dh(ē)‑ ’што-небудзь аддзеленае’ (Голуб-Копечны, 400) або ўтварэнне з прыстаўкай u‑ ад старажытнага кораня ў ступені рэдукцыі ‑dъ < і.-е. *dh(ē)‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 236). Няпэўна Младэнаў (649), які звязваў уд з уз‑да, об‑уть. Якабсон (LJSLP, 1/2, 1959, 273) падтрымлівае старую этымалогію Гараева (385) аб тым, што уд нельга аддзяліць ад рус. у́дить ’спець, набракаць’ і ад вымя (< *ūd‑men). Іншыя этымалогіі і літ. гл. Фасмер, 4, 148. У сучасных беларускіх гаворках вуда, калі меркаваць па адсутнасці жывых прыкладаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі, а таксама па тэрыторыі распаўсюджвання і значэння слова, з’яўляецца, відавочна, запазычаннем з польск. udo ’частка нагі ад бядра да калена’.
Ву́да 2 (БРС, Нас., Шат., Бяльк.), вуда́ (Гарэц., Касп.), ву́дка (Крыв.). Рус. уда́, у́дочка, укр. ву́дка, ст.-рус. оуда, ц.-слав. ѫда, ѫдица, балг. въдица (Младэнаў, 94), серб.-харв. у̏дица, славен. ȯdica, чэш. udice, польск. węda, wędka, в.-луж. wuda, н.-луж. h́uda. Найчасцей тлумачаць з прыстаўкі *an‑ або *on‑ і і.-е. кораня dhē‑, гэта значыць ’тое, што прыкладзена’. Роднаснымі лічаць лат. uodne ’планка, на якой стаіць санны кузаў’, ẽndas ’частка сялянскіх саней’; параўн. таксама літ. iñdas ’сасуд’, славен. nâda ’падстаўка’. Гл. Траўтман, 48; Махэк₂, 666; Фасмер, 4, 148. Менш верагоднай з’яўляецца версія Мейе, Études, 320, які лічыць зыходным *onkda і параўноўвае яго са ст.-інд. aṅkáḥ ’гак’, грэч. ὄγκος ’тс’, лат. uncus ’сагнуты’. Іншую літ-ру гл. у Фасмера (там жа).