Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вешчава́ць ’прадказваць, прадракаць’; ’гаварыць што-небудзь вельмі важнае’ (КТС, Нас., Гарэц., Др.-Падб.), укр. віщува́ти ’тс’, рус. вещевать ’прадказваць, прадракаць, прадчуваць’, ст.-рус. вѣщевати і вѣщавати ’размаўляць, гаварыць’ (з XI ст.), чэш. věštívati — ітэратыў ад věštiti ’прадказваць’. Утворана ад вяшча́ць (гл.).

*Вешчанец, маг. вешчаніц ’званочак скучаны, Campanula glomerata L.’ (Кіс.). Іншыя разнавіднасці Campanula L. на Беларусі называюцца яшчэ званкі, званкі лугавыя, званок, звонка (Кіс.) і звязаны, такім чынам, са словам звон ’царкоўны звон, у які білі, калі трэба было паведаміць нейкую вестку’. У такім разе вешчаніц — гэта семантычны перанос, паводле формы, з лексемы звон ’царкоўны звон’ → ’званочак’ у дэмінутыўным значэнні.

Вешчаство ’рэчыва’ (КТС), укр. вещество ’тс’ запазычана з рус. вещество < ст.-слав. вещьство (Шанскі, 1, В, 83).

Ве́шчы ’мудры, здольны прадракаць’ (КТС, БРС), укр. віщий ’тс’, рус. вещий: паўн. ’вядзьмар, чараўнік’, разан. ’разумны, талковы, красамоўны’, ст.-рус. вѣщий ’тс’ (з X ст.), польск. wieszczy ’вампір’, каш. ’дух чалавека, які нарадзіўся з зубамі’, wieszcz ’паэт, прарок’; ’чалавек, народжаны ў кашулі’, wieszczka ’варажбітка’, в.-луж. wěšćer ’варажбіт, прадказальнік’, н.-луж. wěšćaŕ ’тс’, чэш. věští, věštecký ’вешчы’, славен. véšča ’ведзьма’, veščec ’чараўнік’, серб.-харв. ве̏шт ’вопытны, дасведчаны, лоўкі, умелы’, макед. ’умелы, мастацкі’, вештак ’спецыяліст’, балг. вещ ’дасведчаны’, ст.-слав. вѣщь, вѣьцъ ’чараўнік, вядзьмар’, ц.-слав. вѣшть (з XIV ст.), прасл. věštь‑jь < *věstj‑ < *věd‑tjo‑. Да ведаць (гл.). Параўн. Міклашыч, 390; Праабражэнскі, 1, 110; Фасмер, 1, 309; Шанскі, 1, В, 83; КЭСРЯ, 79; БЕР, 1, 140–141; Махэк₂, 686.

Вешчыца ’ведзьма, якая кладзе сваё цела пад ступу, а сама вылятае сарокай праз комін’ (паўн.-віц., Крывіч, 12, 1926, 108), паўн.-рус. вещица ’ведзьма, гадалка, нячысцік’; ’эпітэт сарокі’; ’пляткарка’, польск. кракаўск. wiescyca ’д’ябліца’, wieszczyca ’тс’, каш. ’вампір’, чэш. věštice ’ведзьма’, мар. věštica ’лясная німфа’, славац. veštica ’прадракальніца, прарочыца, чараўніца’, славен. veščíca ’прарочыца’, серб.-харв. ве̏штица ’старая жанчына, якая патаемна супрацоўнічае з д’ябламі’, макед. вештица ’ведзьма’, балг. вещица ’ведзьма, чараўніца, злая, грозная жанчына’; ’начны матыль, святляк Lampiris’, ст. слав. вѣщица, прасл. věštica ’жанчына, якая ведала будучае і прадказвала яго’. Утварылася ад прыметніка věštь‑ (< vědati) і суф. ‑ica. Гл. таксама ве́шчы.

Ве́шыць ’пры сяўбе абазначаць саломай месца, дзе ўпала апошняе зерне, каб другі раз не кідаць зерня на тое ж месца’; ’абстаўляць, вызначаць дарогу зімой’ (Нас.). Да вяха́1 (гл.). Параўн. таксама рус. прэйл. (Латв. ССР) ве́шить ’ставіць веткі, калі сеюць, абазначаючы вузкія палосы засеянага поля’, укр. вішити ’вяшыць’.