Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вечарынка ’вячэрняя пагулянка з музыкай і танцамі’ (КТС, БРС, Касп., Бяльк.), клім. вічарінка ’тс’, укр. вечери́нка ’бяседа ўвечары’, палес. вечори́нка ’невялікае вяселле, якое спраўляецца на працягу аднаго дня’, рус. вечери́на ’вячэрняя забава моладзі’; ’перадвясельны вечар’; ’дзявочнік’; ’развітальны вечар сяброў маладога напярэдадні вяселля’, вечери́нка ’перадвясельны вечар’, арханг. вечеринки ’бяседа, вячоркі’, польск. wieczorynek ’вячэрняя забава’; ’забава маладога і яго бацькі ў сватоў да агледзін’, wiecerynki ’вячоркі’, славац. уст. večerinka ’вячэрняя забава, вечарынка’, серб.-харв. вечѐринка ’вечарынка’, вечѐрина ’вячоркі, вечарынка’, макед., балг. вечеринка ’тс’. Ад večerina і суф. ‑k‑.

Вечарыны ’вечарынка перад вяселлем у маладой’ (Інстр. II); ’папярэдне, пачатак вяселля’ (Касп.). Да вечары́на (гл.), семантыка ў выніку пераносу; мн. л. паводле ўзору агле́дзіны, адведзіны, запоіны.

*Вечары́цца1, мсцісл. вічарі́цца ’пазніцца’ (Бяльк.) утворана ад вечар (гл.) ’частка сутак, якая папярэднічае ночы’, па ўзору пазні́цца (той самы канчатак); перанос семантыкі грунтуецца на тым факце, што вечар — позняя пара сутак, бо перад ім (пасля дня) ёсць надвячорак са змрокам; параўн. рус. кастр. ве́чере ’вельмі позна’, калуж. вечере́е ’пазней вечарам’.

Вечары́цца2 ’цямнець’ (Нас.). Да вечарэ́ць (< večerěti > večeriti).

Вечарэ́ць ’блізіцца к вечару’ (КТС, БРС, Касп.; палес., Карловіч), укр. вечеріти, вечоріти, рус. вечереть, алан. вечериться ’вечарэць’, вечерится ’цямнее, змяркае’, в.-луж. wječorić so, wječori so, славац. večeriť sa ’тс’, večerenie ’змрок’, славен. večeríti se, večeri se ’вечарэць, вечарэе’, серб.-харв. вечѐрити ’вечарэць’, макед. свечерува (се), балг. отвечери се, отвечерява се ’вечарэе’. Прасл. večer‑ěti () адыменнае ўтварэнне ад вечар (гл.).

Ве́чка ’верхняя частка посуду, скрыні, кошыка і г. д.’ (КТС, БРС, Некр., Сцяшк.; карэліц., Мат. Янк.). Да ве́ка (гл.).

Вечнабытны ’вечны’ (Яруш.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вечны і быць па ўзору векапомны (гл.).

Ве́чнік1 (арго) ’вязень, асуджаны на пажыццёвае зняволенне’ (БРС). Запазычана з рус. вечник ’тс’ (< вечный).

Вечнік2 ’вечны мучыцель сялян’ (лід., Карл.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ве́чны (гл.) і суф. ‑ikъ.

Ве́чны ’які існуе заўсёды’ (КТС, БРС, Бяльк.), палес. ’участак, які даўно не абрабляецца’ (Выг.), укр. ві́чний, рус. ве́чныйу польск. wieczny, в.-луж. wěčny, чэш. věčný, славац. večný, славен. véčen, серб.-харв. ве̏чан, макед. вечен, балг. вечен, ст.-слав. вѣчьныи. Прасл. věčьnъ, утворанае ад век (гл.) пры дапамозе суф. ‑ьn‑ъ (Шанскі, 1, В, 82). Рэгулярнае прыслоўе ад яго — вечна (КТС, БРС, З нар. сл.), вечно (Сцяшк. МГ); ве́чне (Жд., 2), шчуч. ве́чня (З нар. сл.) < ве́чне маюць канчатак ‑е (> я) пад уплывам польскай мовы, ва ўсх.-маг. ве́шна ’вечна, заўсёды’ (Бяльк.) пераход ‑чн‑ > ‑шн‑ з’яўляецца рэгулярным для ўсх.-бел. гаворак (ДАБМ, к. 61).

*Веччына, віччына ’вяндліна’ (касцюк., Бяльк.) запазычана з рус. ветчина ’тс’.