Век ’жыццё, вечнасць, час і да т. п.’ Ст.-рус. вѣкъ ’тс’, рус. век, укр. вік, польск. wiek, чэш. věk, ст.-слав. вѣкъ, балг. век, серб. ве̑к і г. д. Прасл. *věkъ ’век, жыццё, вечнасць і г. д.’ (з даўняга *voi̯kos, а гэта аблаутная форма да і.-е. *u̯ei̯k‑ ’сіла, выяўляць сілу’, літ. viẽkas ’сіла, жывучасць, жыццё’, veĩkti ’штосьці рабіць, працаваць’, véikus ’хуткі’, vỹkis ’жыццё, жывасць’, vikrùs ’бадзёры’, лац. vincere ’перамагаць’, ст.-ісл. veig ’сіла, моцнасць’, vīg ’барацьба’, гоц. weihan, ст.-в.-ням. wīgan ’змагацца’. Сюды прасл. *věčьnъ ’вечны’ (ст.-рус. вѣчьныи, бел. ве́чны, рус. ве́чный, укр. ві́чний, польск. wieczny, чэш. věčný, ст.-слав. вѣчьнъ, балг. ве́чен, серб. ве̏чан і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 286.
Ве́ка ’века; павека’. Ст.-рус., ст.-слав. вѣко ’павека’, рус. ве́ко ’павека; розныя віды кошыкаў; вобад сіта або рэшата’, укр. ві́ко ’накрыўка скрыні, дзяжы і да т. п.’; ’павека’, польск. wieko ’накрыўка’, чэш. víko ’тс’, славен. véko, véka ’павека’. Прасл. *věko ’века; павека’ (< *vēko). Роднасныя: літ. vókas ’павека; накрыўка’, лат. vâks ’накрыўка’ (балт. словы адлюстроўваюць старое *vāk‑; параўнальна з слав. формамі тут іншы вакалізм, але чаргаванне ē : ā назіраецца і ў іншых выпадках). Магчыма таксама, што балт. мовы захоўваюць стары вакалізм, а слав. *věko (замест *vako) развілося пад уплывам слав. *vědi̯a ’павека’ (ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’тс’, балг. ве́жда, серб. ве̏ђа ’брыво’). Гл. Траўтман, 347–348; Фасмер, 1, 286. З прэфіксам *po‑ ўтворана слав. *po‑věka ’павека’, з прэфіксам *ob‑ — *ob‑věko (> *oběko + розныя суфіксы) ’абечайка’ (гл.).
Векаві́сты, векуі́сты ’вечны’ (Шн.). Запазычанне з польск. wiekuisty ’тс’ (да wiek ’век’; гл. Брукнер, 615). У бел. помніках слова векуистый вядома з XV ст. (гл. Булыка, Запазыч.).
Ве́кша ’вавёрка’ (ДАБМ, 897, Гарэц., Касп.). Рус. ве́кша ’тс’. Паходжанне слова няяснае. Агляд розных версій гл. Фасмер, 1, 287. Найбольш пераконвае Трубачоў (Дополн., 1, 287), які бачыць сувязь з рус. ва́шка ’маладая вавёрка’.
Ве́ле ’шмат, многа’ (Сцяшк. МГ). З польск. wiele ’тс’. У ст.-бел. мове веле, веля ’тс’ засведчана з XVI ст. (Булыка, Запазыч.).
Велеры́б ’кіт’ (Нас.). Запазычанне з польск. wieloryb ’тс’ (да польск. слова гл. Брукнер, 616). У помніках бел. мовы велерибъ, велиорибъ, велорибъ вядома з XVII ст. (гл. Булыка, Запазыч., 59).
Велісаза́р ’сузор’е (Плеяды?)’ (Касп.). Да назвы Плеяд і Арыёна (рус. волосажа́ры, укр. волосожа́р і г. д.). Этымалогія няпэўная. Гл. Фасмер, 1, 343.
Ве́льбіць ’хваліць, праслаўляць’ (Нас.). Ст.-бел. велбити ’тс’ (засведчана ў помніках з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). З польск. wielbić ’тс’ (а гэта звязана з wielki, wiele; гл. Брукнер, 616).
Велькано́ц ’вялікдзень’ (Жд., 2). З польск. wielkanoc ’тс’. Параўн. ст.-бел. велканоцъ (XVI–XVII стст.; Булыка, Запазыч.).
Ве́льма (Шат., Бяльк.), ве́льмі (Нас., Касп., Бяльк.). Ст.-рус., ст.-слав. вельми, укр. ве́льми, рус. дыял. вельми́, вельмо́, польск. wielmi, чэш. velmi, серб. вео̀ма ’вельмі’ (< *вельма) і г. д. Прасл., магчыма, *velьmi, *velьma. Утварэнне ад асновы *vel‑ ’вялікі’ (параўн. прасл. *velьi̯ь і *velikъ ’вялікі’). Калі ўзяць да ўвагі націск у рус. вельми́ і серб. вео̀ма (што можна сведчыць аб прасл. *velьmí, *velьmá), то бел. і ўкр. словы (з націскам на першым складзе) здаюцца некалькі падазронымі. Запазычанне з польскай мовы? (да таго ж спрадвечна ўкр. форма была б *вільми!).